Рады паведаміць, што пасля перапынку ў наш горад зноў прыйшоў футбол. Петрыкаўскі “Шахцёр” згуляў дамашнюю гульню з мінскім “Энергетыкам-БДАТУ”.

Месяц без футбола. Чаму?
Дагэтуль апошні раз наша дружына сустракалася ў Петрыкаве з футбольным клубам “Жлобін” 30 мая. У наступныя выхадныя другая ліга “адпачывала”. Зроблена гэта было для арганізацыі матчаў кубка Беларусі, але петрыкаўскі “Шахцёр” у гэтым турніры не ўдзельнічае, бо з’яўляецца фарм-клубам, ці прасцей, дачэрняй камандай “Шахцёра” салігорскага.

У першы ўік-энд чэрвеня ладзілася таварыская сустрэча з “Крумкачамі”, але матча не адбылося – у аднаго з футбалістаў “Шахты” былі падазрэнні на каранавірус. З гэтай жа прычыны была перанесена (пакуль на не вызначаную дату) і наступная гульня ў рамках 7-га тура чэмпіянату Беларусі з рагачоўскім клубам “Дняпро”, што павінна была адбыцца 13 чэрвеня. 8-мы тур другой лігі “Шахцёр” прапускаў планамерна – так складзены каляндар чэмпіянату: кожная дружына прапускае 2 туры з 22 наяўных. Такім чынам, футбольная паўза жоўта-чорных зацягнулася амаль на месяц.
Па футболе, здавалася, засумавалі ўсе – і заўзятары, і футбалісты. Паўсталі і пытанні: як адсутнасць матчаў адаб’ецца на гульні каманды? Калі адбудзецца матч з рагачоўскім клубам і ці не паўплывае шчыльнасць наступных сустрэч на вынікі, бо ужо сёння “Шахцёр” чакае прынцыповае супрацьстаянне з галоўным сапернікам лігі – магілёўскім “Дняпром”?

Доўгі перапынак – нялёгкая гульня Доўгі перапынак – нялёгкая гульня Доўгі перапынак – нялёгкая гульняА што зараз у турнірнай табліцы?
Пакуль наша дружына была вымушана прапускаць матчы, іншыя каманды даволі дынамічна змянялі становічша ў радках турнірнай табліцы. Дагнаўшы “Шахцёр” па колькасці гульняў, магілёўскі “Дняпро” заняў першае месца “табеля аб рангах”, адсунуўшы петрыкаўскую каманду на другі радок. Ачкоў у абедзвюх дружын па 18, а вось паказчык забітых-прапушчаных на карысць магілёўскага клуба: 32/1 супраць 33/5 петрыкаўскіх. Розніца невялікая, але, як бачыце, галоўны сапернік і фаварыт лігі не толькі многа забівае, але і выдатна арганізоўвае абарону: за 6 гульняў прапусціўшы толькі адзін мяч.
Трэцюю і чацвёртую пазіцыі літаральна дзеляць паміж сабою “Горкі” і “Асіповічы” адпаведна, бо на рахунку каманд па 13 ачкоў. “Бумпром” што быў раней у тройцы лідараў спусціўся на пяты радок. На 11-м месцы, замыкаючы спіс каманд другой лігі ў групе “Б”, размясціўся якраз сапернік “Шахцёра” па 9-м туры – “Энергетык БДАТУ”.

Што вядома пра саперніка гэтага тура?
“Энергетык БДАТУ” – выдатны прыклад каманды, што пачынала з самых нізоў. Гісторыя клуба да пэўнага часу нагадвала сцэнар сярэднестатыстычнага амерыканскага фільма з блакітнай марай перамагаць і паступовымі крокамі ісці да мэты.
Састаў клуба быў сфарміраваны ў 2011 годзе з супрацоўнікаў энергазбыту і студэнтаў агра-тэхнічнага ўніверсітэта. Першапачаткова каманда ўдзельнічала ў чэмпіянаце і кубку Мінска, дзе заняла 6-е месца і дайшла да чвэрцьфінала адпаведна.

Характар футбалістаў загартоў-ваўся, майстэрства павышалася, з кожным годам вынікі каманды паляпшаліся. Урэшце, у 2015 го-дзе і кубак, і чэмпіянат сталіцы скарыўся футбольнаму клубу, што дазволіла ў наступным сезоне выступаць у Кубку рэгіёнаў Беларусі.
У 2017-м дружына прыняла рашэнне паспрабаваць сябе ў другой лізе нацыянальнага чэмпіянату, выступаючы паралельна ў чэмпіянаце і кубку сталіцы, ды яшчэ ў Кубку рэгіёнаў. Дэбют у другой лізе скончыўся тады 10 месцам, а ў абодвух мінскіх і рэгіянальным турнірах энергетыкі зноў перамаглі. Апошнія спаборніцтвы, дарэчы, абумовілі ўдзел клуба ў Кубку рэгіёнаў UEFA, дзе, на жаль, беларуская каманда саступіла ўсім сваім сапернікам з Балгарыі, Турцыі і Уэльса.
Што да выступленняў у другой лізе, то два апошнія сезоны “Энергетык-БДАТУ” трымаўся ў ліку аўтсайдараў, двойчы займаючы 13 месца з 15 каманд у 2018 годзе, і з 16-ці – летась.

У гэтым сезоне пакуль паляпшэнняў у гульні мінскай дружыны назіраць не даводзілася. Ніводнай перамогі, тры нічые і пяць паражэнняў спусцілі клуб з трыма ачкамі на апошні радок турнірнай табліцы. Сыход суботняй гульні здаваўся вырашаны яшчэ да пачатку, воляй-няволяй узгадваўся лік апошняй дамашняй гульні са “Жлобінам” – 12:0. Але…

Дык што адбылося?
У мінулую суботу ўсё складвалася зручна. Надвор’е было цудоўным, ды і пачатак матча а 18 га-дзіне, калі тэмпература паветра не такая высокая. Ну, падумаў я, збярэцца, відаць, багата гледачоў. І моладзь падцягнецца, што потым пакрочыць да цэнтру (іх жа Дзень сёння адзначаюць канцэртам і дыскатэкай), і больш сталыя аматары футбола, што за месяц паспелі засумаваць па самай папулярнай гульні, ды і час такі зручны, лепш не прыдумаеш.

Але на справе гледачоў было менш звычайнага. Адзінае, чым якасна адрознівалася атмасфера гэтага матча, дык гэта наяўнасцю арганізаванай групы заўзятараў з клубнай атрыбутыкай і сімвалам каманды – кратом.
Свісток. Пачалася гульня. Першыя хвіліны матча каманды традыцыйна глядзеліся роўна. Аматары футбола ўважліва чакалі пераломнага моманту, калі ініцыятыва канчаткова адыйдзе да гаспадароў. Самы нецярплівы выкрыкнуў: “Шостая хвіліна ўжо, а яшчэ ніводнага гала!”.

Сапраўды, надзвычай выніковыя гульні футбалістаў “Шахцёра” песцілі мясцовых, ды і сапернік, сыходзячы са статыстыкі табліцы, доўга супраціўляцца проста не мог.
Акцэнт гульні перасунуўся да штрафной пляцоўкі гасцей, “Энергетык” час ад часу адказваў контрвыпадамі, але лік на табло так і заставаўся “вісець двума абаранкамі”. Індывідуальнае майстэрства “Шахцёра” было відавочным – прарывы да варот, выдатны дрыблінг у нападзенні выклікалі захапленне.

А вось камандная гульня, у параўнанні з папярэднімі сустрэчамі, значна прасела. Адбілася адсутнасць гульнявой практыкі, пагаворвалі нават, што футбалісты “Шахцёра” ўвогуле засталіся на апошнія два тыдні без трэніровак. Так ці не, але “козыры” жоўта-чорных не працавалі: пасы з флангаў, навесы ў штрафную ў першай палове тайма не знаходзілі адрасатаў. Прэсінг атак прымусіў энергетыкаў нават адмовіцца ад штурму шахцёрскіх варот, сталічныя футбалісты проста адбівалі мяч далей у аўт. Аднак выдатна праяўляў сябе брамнік гасцей, што раз-пораз парыраваў удары “Шахты”.

Да гэтага “Шахцёру” не хапіла зусім крыху трапнасці – мяч за некалькі хвілін здолеў трапіць два разы ў перакладзіну і адзін раз у штангу. Злавала і няўважлівасць арбітра, які не зафіксаваў парушэння з боку гасцей у іх штрафной пляцоўцы, якое павінна было карацца пенальці. А калі хто лічыць, што сітуацыя была спрэчная, прапаную паглядзець на фотаздымак.

Другая палова сустрэчы, па сутнасці, нагадвала першую. Перавага “Шахцёра” не давала вынікаў, і вось, калі гадзіннік адлічваў 78-ю хвіліну гульні, Аляксей Хадневіч, атрымаўшы доўгі пас, рухаючыся па левым фланзе, прабіў на ўваходзе ў штрафную саперніка – 1:0.

Чаго не адняць у маладой каманды (ва ўсіх сэнсах гэтых слоў), дык гэта куражу. Заўважылі, што пасля першага гола “Шахцёр” не прымушае чакаць другога. Так здарылася і зараз – ужо праз дзве хвіліны Павел Стаскевіч, з перадачы таго ж Хадневіча, лёгка разабраўся з брамнікам і ўсёй абаронай. Госці выйшлі занадта блізка да лініі нападзення, пакінуўшы за сабою 7-мі метровы пустак. Лёгкім крананнем нападаючы адправіў мяч у левы вугал – 2:0.
Сустрэча скончылася, “Шахцёр” атрымаў чарговыя тры ачкі, але наперадзе, ужо сёння – самае прынцыповае супрацьстаянне не толькі групы “Б”, але і ўсёй другой лігі. Петрыкаўская каманда выступае на выездзе супраць аднаго з мацнейшых клубаў трэцяга ды-візіёна – магілёўскага “Дняпра”. Нагадаю, менавіта гэтыя дзве каманды адкрыта заявілі перад сезонам пра свой цвёрды намер ужо ў наступным сезоне трапіць у першую лігу, стаўшы прызёрам лігі другой. Пажадаем поспеху петрыкаўскай камандзе!

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о