2018-ты год, здаецца, не паспеўшы пачацца, ужо паставіў тлустую кропку на чарговай старонцы планетарнага летапісу. У прынцыпе, нічым не горшы за папярэднікаў і, пэўна ж, не выключны ў чарадзе аналагічных 365-366-дзённых цыклаў на другім дзясятку ХХІ стагоддзя.

Юбілейны для адной з маштабных падзей ХХ стагоддзя – заканчэння Першай сусветнай вайны, гэты год аднак не быў знакава мірным у сусветнай праекцыі. Яшчэ спякотна ў гарачых кропках, яшчэ кіпяць рэшткі мозгу ў тэрарыстаў і палітыкаў-папулістаў, яшчэ маральныя каноны не сталі настольнай кнігай для тысяч, а можа, нават і мільёнаў людзей на планеце. На жаль.
У 2018 годзе сваё 380-годдзе адзначыў бы Петрыкаўскі Дабравешчанскі касцёл, пабудаваны Крыштофам і Соф’яй Хадкевічамі, калі б, зразумела, яго муры крывавая гісторыя бязвер’я захавала да нашага часу.
Неяк непрыкметна праскочыла праз будзённыя клопаты яшчэ адна, на мой погляд, важная дата, прынамсі, для нашага краю. У пачатку снежня адзначалася 495-годдзе з той даты, калі Петрыкаў упершыню быў згаданы на старонках летапісу – у “Актах Літоўска-Рускай дзяржавы”. Можа, снежань – і не самы зручны час для правядзення масавых мерапрыемстваў, але ў нас і дасюль яшчэ паўнавартасна не адзначаецца дзень горада. Дык чым не нагода для святкавання – першыя летапісныя згадкі?
Яшчэ адзін з варыянтаў выбару даты святкавання дня роднага горада – яго гістарычная “прыпіска” да гарадской супольнасці. Вядома ж, што 27 верасня 1938 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР “Аб класіфікацыі населеных пунктаў Беларускай ССР” Петрыкаву быў нададзены статус горада, а Капаткевічам – гарадскога пасёлка.
Шмат розных круглых і напалову круглых дат адзначалі мы ў 2018 годзе. Многія тычыліся адкрыцця ўстаноў адукацыі, першыя з якіх, дарэчы, датаваны аж 1863 годам.
Шмат разоў на старонках газеты мы згадвалі юбілейныя даты з часоў Вялікай Айчыннай вайны. Гэта 75-годдзі з дня ўтварэння партызанскіх атрадаў, падпольных райкамаў КП(б)Б.
2019 год працягне гэты шэраг, а кульмінацыяй стане святкаванне 75-годдзя вызвалення Беларусі і Петрыкаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Значныя гістарычныя вехі расставіць па сваіх 365 днях і начах 2019 год. З таго, што было сабрана ў час выдання кнігі “Памяць. Петрыкаўскі раён”, некаторым чынам юбілейнымі можам назваць наступныя падзеі.
Так, акурат на зімовага Міколу ў 1839 годзе на месцы згарэлай драўлянай царквы пабудовы 1772 года была ўзведзена Свята-Мікалаеўская царква ў Петрыкаве.
165 гадоў таму ў Беседках была пабудавана Дзімітраўская царква, а 150 гадоў назад – Увазнясенская царква ў Навасёлках
У 1884 годзе ў Грабаве была адкрыта аднакласная змешаная царкоўна-прыходская школа (настаўніца Вольга Шаркоўская). Праз пяць гадоў такія ж установы адкрываюцца ў Чалюшчавічах і Капцэвічах, у 1909 годзе настаўнік Уладзімір Літвіновіч прыступіў да навучання ў Петрыкаўскім аднакласным народным вучылішчы, а настаўнік Аляксандр Прышчэпчык – у Сялюціцкім.
У 1914 годзе прыняло навучэнцаў трэцяе петрыкаўскае аднакласнае народнае вучылішча, дзе настаўнічала Аляксандра Рачэўская. У тым жа годзе ў Петрыкаве ў будынку былога ваеннага склада была адкрыта бальніца на 25 ложкаў.
100 гадоў таму ў Петрыкаве Пётр Кебец і Іван Лапета ствараюць першую камсамольскую ячэйку.
Яшчэ адна з важных гістарычных дат. 17 ліпеня 1924 года ўказам Прэзідыума ЦВК БССР былі створаны Петрыкаўскі і Капаткевіцкі раёны. Так што будзе нагода ўлетку шырока адзначыць 95-годдзе раёна.

ДНІ І НОЧЫВера Палтаран

У 20-30-я гады на Петрыкаўшчыне маштабна ўтвараліся калгасы. У 1924 годзе ў Брынёўскім сельсавеце ўтвораны калгас “Чырвоны сцяг”. Праз пяць гадоў чатыры калгасы былі арганізаваны ў Бобрыцкім сельсавеце (“Новы Бобрык”, “Новае жыццё” (в. Клясаў), “Камунар” і “Чырвоны сцяг” (Белы Пераезд), у Дуброве пачаў дзейнічаць калгас “Чырвоная Дуброва”, у Белцы – “Гігант”.
Тры значныя даты 2019 года будуць звязаны з легендарным Дзедам Талашом. У снежні будзем адзначаць 175-годдзе нашага славутага партызана, і роўна 80 гадоў таму з друку выйшла аповесць Якуба Коласа “Дрыгва”, галоўным персанажам якой быў Васіль Талаш. А ў пачатку лютага 30-годдзе адзначыць музей В. І. Талаша.
Так сталася, што ў 1934, 1964 і 1974 гадах адбыліся змяненні, звязаныя з нашымі населенымі пунктамі: малыя вёскі далучыліся да буйных, некаторыя займелі новыя назвы. Так, 85 гадоў таму вёска Слянзакі была далучана да Брынёва, 55 гадоў таму Гараваха перайменавана ў Першамайск, Падканаплішча – у Палессе, а Манастыр – у Саснавец. У лютым 1974 года Яўсеевічы былі далучаны да Кашэвічаў, Гурыны – да Навасёлак, Перабітая Гара – да Чалюшчавічаў, Заполле – да Камаровічаў, а вёскі Вялікае Сяло і Усходняя ўвайшлі ў склад Капаткевічаў.
50 гадоў таму Белка перастала існаваць як самастойны населены пункт – вёска ўвайшла ў склад горада Петрыкава.
Напрыканцы чэрвеня жыхары раёна адзначаць вялікі юбілей – 75-годдзе з дня вызвалення Петрыкаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тады ж свой бессмяротны подзвіг здзейсніў Мікалай Чалы, малодшы лейтэнант, камандзір атрада Дняпроўскай ваеннай флатыліі. Яшчэ адна звязаная з маракамі-дняпроўцамі юбілейная дата нас чакае 20 студзеня. У гэты дзень у 1924 годзе ў вёсцы Коршаве Варонежскай вобласці Расіі нарадзіўся Васіль Чыльнікін, марак ДВФ, ганаровы грамадзянін горада Петрыкава.
Наступны год будзе юбілейным для шэрагу ўстаноў і аматарскіх аб’яднанняў культуры. У маі 30-годдзе адзначыць “Верасок”, узорны ансамбль танца Капаткевіцкага ГДК, у верасні споўніцца 60 гадоў з часу адкрыцця Петрыкаўскай дзіцячай музычнай школы. У другой палове снежня 55 гадоў адзначыць народны хор Петрыкаўскага РДК.
Па звестках кнігі “Памяць”, у наступным годзе 55-годдзе адзначыць наш малочны завод. 30 гадоў таму ў Снядзіне адкрыта паселішча канца 1 – пачатку 2 тысячагоддзя, а чвэрць стагоддзя таму ў горадзе быў пабудаваны радзільны дом.
У 2019 годзе будзе шмат падстаў згадаць нашых славутых землякоў, герояў, заслужаных працаўнікоў, пісьменнікаў і паэтаў.
Так, у апошні дзень лютага адзначым 155 гадоў з дня нараджэння вядомай асветніцы, фалькларысткі і этнографа, пісьменніцы і драматурга Эмы Яленскай, ураджэнкі Камаровічаў. Спадзяюся, у Бабунічах напрыканцы сакавіка шырока адзначаць 100-годдзе з дня нараджэння пісьменніцы Веры Палтаран, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя П. Лепяшынскага.
У пісьменніцкіх колах Петрыкаўшчыны ўздымуць памятны келіх за Моту Дзегцяра і Сяргея Дарожнага, у якіх у наступным годзе 110-я гадавіна з дня нараджэння, а таксама за маладнякоўца Алеся Дудара, якому ў снежні – 115.

ДНІ І НОЧЫ

Іван Самбук

На працягу года адзначым 105 гадоў з дня нараджэння Івана Дубіка, камандзіра партызанскай брыгады, ураджэнца Аголічаў, а таксама міхедаўца Васіля Мазуркевіча, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, кавалера 22 урадавых узнагарод.
У красавіку адзначаецца 105 гадоў з дня нараджэння Фёдара Малышава, партызана, Героя Савецкага Саюза, ураджэнца Заполля. У яшчэ аднаго з нашых Герояў Савецкага Саюза – Івана Самбука – стагоддзе з дня нараджэння адзначаецца напрыканцы ліпеня.
“Ураджайным” на герояў быў 1924 год. Менавіта 95 гадоў таму нарадзіліся поўны кавалер ордэна Славы Уладзімір Мотуз, Героі Сацыялістычнай Працы Ганна Буднік і Іван Сітніца, заслужаны работнік лясной гаспадаркі Беларусі Іван Прыхно.
Знакавым быў і 1929 год, які даў нам Герояў Сацыялістычнай Працы Піліпа Горбача і Надзею Якубовіч, заслужанага работніка медыцыны Беларусі Ізю Клябанава.
Юбілеі адзначылі б нашы гераічныя воіны-афганцы. У сакавіку 50 гадоў споўнілася б Мікалаю Фіндзюкевічу, а ў лістападзе – 55 гадоў Юрыю Ракіцкаму. Светлая ім памяць!
Красавік прынясе нам светлы юбілей – сваё трыццацігоддзе адзначыць наша знакамітая зямлячка, вяслярка-байдарачніца, бронзавы прызёр алімпійскіх гульняў у Лондане і Рыа-дэ-Жанейра, чэмпіён свету і Еўропы Надзея Ляпешка.

… Я мушу паставіць тут, шаноўныя землякі, шматкроп’е. І яно будзе азначаць усяго толькі тое, што гэты шэраг далёка не поўны і мусіць быць працягнуты, бо гісторыя нашага краю, нашых людзей багацейшая і найцікавая. Канечне, не юбілей нейкай падзеі або з даты нараджэння з’яўляецца падставай для памяці. Добрае, моцнае, гераічнае, прыгожае, высокамаральнае і чалавечнае мы абавязаны памятаць заўсёды, кожны дзень, кожнае імгненне. Памятаць і самім імкнуцца быць лепшымі. Быць годнымі гэтай вялікай гісторыі.

У. ЕСІПАЎ.
Фота з архіваў.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о