10 000 нумароў! Ці многа гэта для раённай газеты? Ды не так ужо і мала, пагадзіцеся. Амаль 90 гадоў двойчы на тыдзень (а раней і тройчы) раёнка ўваходзіць у дамы нашых падпісчыкаў як жаданы і чаканы дарадца і сябар. І ў тыя далёкія часы, і цяпер, дзякуючы супрацоўнікам рэдакцыі, нашы чытачы маюць магчымасць сачыць за навінамі, ведаць пра падзеі, якія адбываюцца ў раёне.

День за днём!  Заўсёды!

10 000 нумароў! У кожным з якіх стараннямі і намаганнямі карэспандэнтаў і пазаштатных аўтараў пішацца гісторыя роднай Петрыкаўшчыны.

Крыху гісторыі. Заснаваная ў маі 1931 года раённая газета выйшла пад назвай “Калгаснік Петрыкаўшчыны”. Першым рэдактарам быў Дамброўскі. Гэта была значная падзея ў грамадска-палітычным і сацыяльна-культурным жыцці раёна. На старонках газеты адлюстроўваліся падзеі калектывізацыі і выкананне першых планаў пяцігодак. Нялёгкай была праца супрацоўнікаў рэдакцыі – прымітыўная паліграфічная база, набор газетных матэрыялаў і друкаванне ўручную. Аднак ішло ў народ друкаванае Слова.
У перыяд Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі раёна выдавалася падпольная газета “Сталінская праўда”, якую рэдагаваў Аляксей Курапаценка. У часы ваеннага ліхалецця раёнка клікала насельніцтва на барацьбу з фашысцкімі захопнікамі. Невялікі па фармаце друкаваны лісток адыграў немалаважную ролю ў барацьбе з ворагам. Слову верылі, на добрую вестку мелі вялікую надзею.

У пасляваенны час раёнка выходзіла пад назвай “Сцяг Кастрычніка”, а рэдакцыю ўзначальваў Уладзімір Басак. З сакавіка 1963 года газета стала называцца “За новыя рубяжы”. Больш за дзесяцігоддзе рэдактарам газеты быў Мікалай Іванавіч Тарасенка. З 1995 года, у час рэдактарства Івана Самахвалава, мы – “Петрыкаўскія навіны”. Амаль 15 гадоў узначальваў калектыў рэдакцыі Пётр Шадура. І сёння мы, трымаючы ў руках 10 000-ны нумар, гаворым шчыры дзякуй усім.

Прыемна, што час хуткаснага Інтэрнэту і аператыўнай даступнасці інфармацыі, не пазбавіў нас з вамі звычкі чакаць і чытаць раёнку. Шчыры дзякуй вам за гэта, наш паважаны падпісчык. А яшчэ мы дзякуем вам за давер, за неабыякавасць, за адваротную сувязь, якая апошнім часам расце і ўзмацняецца. Разам мы робім агульную справу.
Дзень за днём! Заўсёды!

Галіна КАЗАК.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о