Часам сустракаеш такіх людзей, што як бы яны сціпла пра сваё жыццё не распавядалі, разумееш – гісторыя чалавека вартая цэлай кнігі. Акрамя ўражанняў ад пачутага, станоўча здзіўляе паслядоўнасць думак. Аляксандар Яновіч не выкарыстоўваў яскравых і адмысловых эпітэтаў, але па-бацькоўску проста, гледзячы прама ў вочы, расказваў, за што любіць сваю працу і як знаходзіць моманты сапраўднага шчасця ў паўсядзённым жыцці.

Дарога даўжынёй у 36 гадоў– З самага маленства я хацеў стаць вадзіцелем аўтобуса. У роднай вёсцы Белы Пераезд, мы, яшчэ малыя хлопчыкі, любілі прыходзіць увечары на прыпынак. Цікава было назіраць, як аднавяскоўцы прыязджаюць дадому. А потым мы прасілі кіроўцаў пракаціць і яны рабілі круг-другі вакол вёскі, каб зрабіць нас, маленькіх, крыху больш шчаслівымі. Увогуле, гэтыя маладыя вадзіцелі пакінулі ў памяці самыя лепшыя ўражанні: заўсёды ветлівыя, належна апранутыя, – адзначыў Аляксандр Міхайлавіч.

Пасля заканчэння школы, Любаньскага ПТВ па спецыяльнасці “механік-вадзіцель” і службы ў ВМФ СССР на Балтыйскім флоце, Аляксандр вярнуўся на малую радзіму і вырашыў ажыццявіць свой намер – стаць вадзіцелем аўтобуса. “Прыбыў у тагачасны Петрыкаўскі аўтапарк № 12 і напісаў заяву на працаўладкаванне. Дырэктарам у тыя часы быў Аляксандр Макейчык, які заўважыў маё жаданне і адправіў на перападрыхтоўку ў Мазырскую аўтакалону. З жніўня 1984-га года я нязменна тут і працую. Дарэчы, мне лёгка далося наладзіць сяброўскія зносіны з калектывам, бо большасць вадзіцеляў я ўжо ведаў – гэта былі вядомыя яшчэ з маленства вадзіцелі, што пасталелі і з маладых хлопцаў ператварыліся ў яшчэ больш вопытных і кемлівых спецыялістаў”.

З таго часу мужчына ні хвіліны не шкадаваў пра свой выбар, хоць працоўны шлях, нібы дарога, не заўсёды быў гладкім: у складаныя 1990-я гады заробкі былі невялікімі, шмат яго калег знайшлі новае месца працы. Прапановы новага ўладкавання прыходзілі і да Аляксандра Міхайлавіча. Але змену прафесіі вадзіцеля аўтобуса на баранку іншага транспартнага сродку спецыяліст катэгарычна адмовіў, бо станоўчага заўсёды было нашмат больш, чым адмоўнага. Прыемна было назіраць, як ужо напачатку ХХІ стагоддзя аўтабаза зноў набірае абароты і становіцца моцнай і прыбытковай арганізацыяй. Зараз жа і заробак годны, і аўтапарк аднаўляецца сучаснымі машынамі, што радуюць вока. Суразмоўца адзначае, што гэтыя пераўтварэнні таксама трэба ўмець заўважыць.

На пытанне, чым вабіць яго любімая справа, мужчына шчыра адказвае: “Склада пералічыць усе акалічнасці. Мне падабаецца, як навокал змяняюцца краявіды: палеткі саступаюць лясам, а зіма – вясне. Я люблю ўсведамляць, што аказаў паслугу і карысны грамадству сваёй справай: што людзям зручна і бяспечна. За сваё жыццё я наведаў шмат гарадоў, пабачыў мноства адметных мясцін.
У дарогу мяне ў свой час заўсёды суправаджала жонка з дзецьмі, а пасля працоўнага дня яны разам сустракалі мяне. А зараз, калі дзеці, што жывуць у Мінску, прывозяць на адпачынак унукаў, гэта традыцыя працягваецца. Прыемна разумець, што за цябе хвалююцца і чакаюць, гэта надае сіл і пачуццё шчасця”, – адзначыў Аляксандр Міхайлавіч.

Зразумела, пасажыры бываюць розныя, але вадзіцель перакананы, што з кожным трэба захоў-ваць культуру зносін. Не варта, каб незадаволенасць перарастала ў канфлікт, бо поруч знаходзяцца іншыя людзі, што хочуць спакойна дабрацца да пункту прызначэння. Што да паводзін на дарогах, то Аляксандр Міхайлавіч адзначае – вадзіцелі Петрыкаў-шчыны ў пераважнай большасці сваёй дысцыплінаваныя. Іншы раз здараюцца, канешне, непрыемныя выпадкі, калі кіроўцы відавочна парушаюць правілы, але гэта хутчэй выключэнне.

Зараз мужчына працуе на МАЗ-206 – гэта ўжо сёмы яго аўтобус. Пераконвае, што машына добрая, ды і на мінулыя транспартныя сродкі нараканняў не мае – кожны з іх адпавядаў патрабаванням свайго часу. Што да МАЗа-206, то ён, дзякуючы дастатковай масе, захоўвае ўстойлівасць, таму праблем з утрыманнем кіравання не ўзнікае нават у складаных умовах надвор’я – выдатная характарыстыка бяспекі. Буйных паломак не ўзнікала, ды і ў філіяле № 13 ААТ “Гомельаблаўтатранс” ёсць усё неабходнае для абслугоўвання.

Аляксандр Яновіч не так даўно, з нагоды дня аўтамабіліста, атрымаў нагрудны знак “За шматгадовую і добрасумленную працу ў сістэме аўтатранспарту”. Гэта, вядома, далёка не першая ўзнагарода спецыяліста, але кожную такую праяву ўвагі Аляксандр Міхайлавіч памятае: “Мне, безумоўна, прыемна шчырая падзяка: і добрае слова ад пасажыра, і адзнакі кіраўніцтва. Мы сваёй працай намагаемся як мага больш бяспечна і камфортна перавозіць кліентаў і заўсёды станоўча, што гэта заўважаюць”.
Вядома, складаны працоўны расклад дня, шчыльны графік патрабуе звычкі і адпачынку. Наш суразмоўца любіць бавіць час на свежым паветры: “У нас шыкоўная прырода, што заўсёды, у любую пару года, дазваляе атрымаць асалоду і адпачыць душою. Я захапляюся паляваннем, іншы раз выпраўляемся з жонкай у грыбы. Але ў час адпачынку, калі вольнага часу досыць, пачынаю сумаваць па рабоце. Разумееце, прыкіпеў я сэрцам да аўтабазы, не магу без аўтобуса, пасажыраў, дарогі”.
Застаецца пажадаць Аляксандру Міхайлавічу здароўя, дабрабыту і падзякаваць за шчырую працу. Няхай кожны яго шлях будзе добрым, а дома яго і надалей сустракаюць любячыя блізкія.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о