За сябе і за калегу выконвала працу жыхарка Гомеля, але абяцаную даплату кіраўніцтва перастала ёй плаціць. Сітуацыю ўдалося выправіць толькі пасля ўмяшання прафсаюзнага юрыста.
Алена М. не першы год паспяхова працавала на прадпрыемстве вядучым інжынерам. У жніўні мінулага года яе супрацоўніца па аддзеле звольнілася, і на Алену ў загадным парадку ўсклалі абавязкі калегі, пазначыўшы ў зага-дзе даплату ў памеры 50% ад службовага акладу. Яна пагадзілася, разлічваючы на хуткі прыход новага спецыяліста.
Працаваць у напружаным рэжыме давялося да канца года. За гэты час спецыяліст ні разу не падвяла. Вярнуўшыся пасля адпачынку ў пачатку 2019 года, яна працягнула працаваць за абедзьвух. А праз месяц не знайшла даплату ў разліковым лістку.
Кіраўніцтва выразна так і не адказала на яе пытанне “чаму?”. Праз нейкі час жанчына звярнулася на “гарачую лінію”, якую праводзіў галоўны прававы інспектар працы Гомельскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Вадзім Жаўрук. “Ці правамерныя дзеянні наймальніка?” – спытала яна.
– Не. Любая праца павінна быць аплачана, – адказаў прафсаюзны юрыст і праз пару дзён пасля званка выехаў з пазапланавай праверкай выканання заканадаўства аб працы ў арганізацыю, дзе працавала Алена.
Дзіўны факт: адсутнасць абяцанай даплаты фінансісты на месцы патлумачылі тым, што загад пра яе ўсталяванне вядучаму інжынеру у 2019 годзе не выдаваўся. Даплату за выкананне абавязкаў часова адсутнага работніка, маўляў, прызначылі толькі пасля выхаду Алены з адпачынку, і тое – заднім чыслом. Праўда, праз некалькі дзён загад адмянілі.
Галоўны прававы інспектар працы звярнуў увагу наймальніка і кадравай службы прадпрыемства на парушэнне працоўнага заканадаўства.
– За выкананне абавязкаў часова адсутнага работніка ўсталёўваецца даплата, памер якой наймальнік вызначае па ўзгадненні з працаўніком і згодна з артыкулам 67 Працоўнага кодэкса, – пракаментаваў Вадзім Жаўрук. – Даплату Алене прызначылі загадам яшчэ ў жніўні 2018 года, прычым тэрмін дзеяння загаду не быў усталяваны, а новы дакумент – пра прызнанне страціўшым сілу раней выдадзенага загаду – наймальнік не выдаваў.
Такім чынам, вядучы інжынер на законных падставах працягвала выконваць дадатковыя абавязкі, ускладзеныя на яе першапачатковым загадам, і факт яе працы штомесяц пацвярджаўся дакументальна. Больш за тое, адзінка вядучага інжынера са штатнага раскладу 15-га разраду не выводзілася, і прадпрыемства дагэтуль спрабуе знайсці спецыяліста на гэтую вакансію.
Па выніках праверкі прафсаюзы выпісалі прадстаўленне пра ліквідацыю выяўленых парушэнняў заканадаўства аб працы. Кіраўніцтва арганізацыі прызнала сваю памылку, папрасіла прабачэння перад жанчынай і зрабі-ла ёй належную даплату.

Па інфармацыі 1prof.by.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о