Праект Указа аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян абмеркавалі ў Прэзідэнта Беларусі.

“Падтрымліваць будзем тых грамадзян, якія сёння маюць патрэбу ў падтрымцы”, – акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што ў Беларусі быў выбраны такі метад барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі, каб пры захаванні жыцця і здароўя людзей працягваць і эканамічную дзейнасць у дзяржаве. “Мы ж не закрывалі ні адну вытворчасць, ні адзін рэстаран, ні адзін кінатэатр – мы наогул нічога не закрывалі і нікога не абмяжоўвалі. Мы проста папярэдзілі людзей: беражыце сябе”, – адзначыў Прэзідэнт.
Што тычыцца аказання падтрымкі з боку дзяржавы асобным прадпрыемствам і грамадзянам, то гэтыя пытанні будуць вырашацца на ўзроўні мясцовых органаў улады.

“У гэты няпросты час, калі ўвесь свет не працуе, калі яшчэ не разгарнулася эканоміка, для нас вельмі важна захаваць працоўныя калектывы, – падкрэсліў беларускі лідар. – Катэгарычна непрымальна звальненне людзей. Гэта маё патрабаванне застаецца непахісным”.
Прэзідэнт даручыў надаць асаблівую ўвагу рэабілітацыі адзінокіх пажылых людзей пасля каранавіруса. Міністэрству працы і сацыяльнай абароны сумесна з Міністэрствам аховы здароўя даручана распрацаваць сістэму аказання дапамогі гэтай катэгорыі грамадзян, у прыватнасці, вызначыць санаторыі, дзе аслабленыя пасля хваробы пажылыя людзі будуць папраўляць здароўе пад наглядам спецыялістаў.

Прапануецца ўдасканаліць падыходы па дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамозе шматдзетным сем’ям. “Сёння дзяржава аказвае адрасную дапамогу людзям, у якіх узровень даходаў ніжэй за бюджэт пражытачнага мінімуму, 60% з іх – шматдзетныя сем’і, – патлумачыла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч. – Мы ўнеслі прапановы Прэзідэнту, і ён падтрымаў гэтыя падыходы”.
У частцы пенсійнага забеспячэння прапануецца змяніць падыходы да падліку агульнага і страхавога стажу для бацькоў шматдзетных сем’яў, якія выхоўваюць чацвярых дзяцей, для інвалідаў 1-й і 2-й групы, а таксама для бацькоў, якія доўгі час выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Міністр адзначыла, што змены, якія прапісаны ў праекце Указа, прадыктаваныя жыццём, рэальнымі сітуацыямі канкрэтных людзей.
Галіна КАЗАК, па інфармацыі БелТА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о