У слове “дабрачыннасць” вельмі выразна акрэслены дзве часткі: “дабро” і “чыні”.
Нямецкі філосаф Гегель сцвярджаў, што “калі чалавек здзяйсняе той ці іншы маральны ўчынак, то гэтым ён яшчэ не дабрачынны. Ён дабрачынны толькі ў тым выпадку, калі гэты спосаб паводзін з’яўляецца пастаяннай рысай яго характару”.
І сапраўды, веданне маральных прынцыпаў яшчэ не робіць чалавека дабрачынным. Яшчэ адзін старажытны мудрэц – філосаф Дэмакрыт – адзначаў, што “неабходна прывучаць сябе да дабрачынных спраў і ўчынкаў, а не да прамоў пра дабрачыннасць”.
Калядны пост, які зараз пражывае ўвесь хрысціянскі свет, называюць яшчэ перыядам радаснага чакання. У гэты час прынята рабіць добрыя ўчынкі. Менавіта на гэты перыяд прыпадае і самая вялікая колькасць грамадскіх дабрачынных акцый і мерапрыемстваў.
А ці заўсёды шчыра мы адгукаемся на прапанову дапамагчы сабраць дзетак у школу ці ажыццявіць іх навагодняе жаданне, як рэагуем на скарбонку па зборы сродкаў для хворых? Па-рознаму… Як разумеюць дабрачыннасць і на што гатовы ахвяраваць свае матэрыяльныя і маральныя рэсурсы жыхары Петрыкаўшчыны – з гэтым пытаннем мы звярнуліся да землякоў.

Дабрыня выратуе светТаццяна ГОЛУБ, дырэктар аддзялення дзённага знаходжання людзей сталага ўзросту і інвалідў :

– Каляды і Новы год любяць усе: і дзеці, і дарослыя. Менавіта напярэдадні гэтых святаў у кожнага з нас ёсць магчымасць падараваць камусьці сапраўдны цуд, зрабіць добрую справу.

У першую чаргу  дабрачыннасць – гэта дапамога тым,  хто  знаходзіцца ў  складанай жыццёвай сітуацыі, і неабавязкова грашовая. Лічу, што навагодняе жаданне кожнага маленькага чалавека, незалежна ад таго, будзе ён сустракаць свята з блізкімі ці ў казёных сценах, павінна ажыццявіцца. Бо Новы год – гэта час марыць і верыць у тое, што немагчымага не існуе! А мы, дарослыя, гэтую дзіцячую веру павінны падтрымліваць.

Абавязкова трэба дапамагаць тым, каму горш за нас. Як вучыць народная мудрасць, нітка да ніткі – беднаму сарочка.

Дабрыня выратуе светІрына ПЯТРОВА, настаўнік ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Петрыкава”:

– Не хацелася б гаварыць пра свой удзел у дабрачынных акцыях. На шчасце, я, як педагог, маю магчымасць растлумачыць падрастаючаму пакаленню паняцці “дабрачыннасць” і “міласэрнасць”, іх важнасць у нашым жыцці. Дабрачыннасць маіх навучэнцаў – гэта ўдзел у валанцёрскім руху, дапамога людзям сталага ўзросту і клопат пра жывёл. Важна, каб дзеці разумелі, што чалавек, які робіць добрыя справы, які аддае тым, хто мае патрэбу, не губляе, а набывае. Набывае ўдзячныя словы і пажаданні, а гэта дорага каштуе. Ва ўсе часы самымі каштоўнымі дарамі лічыліся дары духоўныя: удзячнасць, каханне, чуласць, спагада, дабрыня…

Чалавек душэўна шчодры заўсёды знойдзе магчымасць дапамагчы іншым, і ягоная дабрыня абавязкова вернецца да яго праз добрае стаўленне людзей.

Дабрыня выратуе светНаталля АБІЯКІНА, пенсіянерка:

– Дабрачыннасць у маім разуменні – гэта дабрыня, спагада і міласэрнасць. Кожны чалавек добраахвотна выбірае від, месца, час, а таксама змест дапамогі. Асабіста я штомесяц аказваю невялікую дапамогу хворым дзецям праз фонд “Міласэрнасць”. Магу крыху грошай падаць на вуліцы. Шмат дапамагаю родным матэрыяльна і маральна. Калі ў кагосьці з маіх блізкіх з’яўляецца якая-небудзь праблема, стараюся дапамагчы знайсці шлях яе рашэння, падтрымаць добрым словам і ўдзелам. Акрамя гэтага, па родзе сваёй дзейнасці ў мінулым, часта знаёмыя і малазнаёмыя людзі звяртаюцца за псіхалагічнай дапамогай: праблема ў сям’і, ва ўзаемаадносінах з дзецьмі, дэпрэсія пасля хваробы, страта пачуцця запатрабаванасці і значнасці, проста жаданне выгаварыцца і быць пачутым, адчуць падтрымку ў цяжкую хвіліну, пачуць добрае слова ў свой адрас. Не ведаю, можа гэта і нельга назваць міласэрнасцю, але ведаю толькі адно, што ні адзін чалавек не павінен быць абыякавым да праблем іншых людзей, заставацца безуважным да іх лёсу. Такога ў нашым грамадстве быць не павінна.

Дабрыня выратуе светГанна МІШЧУК, у дэкрэтным адпачынку:

– Дабрачыннасць – гэта адлюстраванне сутнасці чалавека, яго ўнутранага свету. Прымусіць займацца ёю нельга. Трэба дапамагаць адно аднаму, жывёлам, бо сёння ў цябе ёсць усё, а заўтра можа адбыцца пажар ці аварыя – і ты застанешся без нічога і будзеш мець патрэбу ў нечай дапамозе. Чалавек не збяднее, калі пакладзе 5 рублёў на аперацыю камусьці, калі купіць пачак корму бяздомным жывёлам. Часта людзі выкідваюць у смецце нядрэнныя рэчы, але навошта? Іх можна аднесці ў “Чырвоны крыж” ці асабіста аддаць некаму. Штомесяц я на бяздомных катоў выдаткоўваю рублёў 50-60, і вельмі задаволена, што хоць нечым магу ім дапамагчы.

Калі я была школьніцай, я даглядала за бабуляй Нюрай. Неяк маці сказала, што гэта наша вельмі далёкая сваячка, што дзеці яе жывуць у Расіі, а тут яна адна. Я гэтую інфармацыю ўспрыняла як заклік да дзеяння. Кожны дзень па дарозе ў музычную школу я заходзіла да бабы Нюры, прыносіла ёй у слоіку суп або боршч, што дома было, пару кавалкаў хлеба, варэнне (яна вельмі любіла клубнічнае), каўбасу або катлету… Элементарныя прадукты, так? Але вы не ўяўляеце, колькі было радасці і ўдзячнасці ў яе вачах, калі я прыходзіла. Баба Нюра частавала мяне звычайнай таннай карамелькай, якая здавалася мяне самай смачнай і салодкай цукеркай. Вось яна, элементарная дабрачыннасць, якая для бабы Нюры была вялікай падтрымкай…

На жаль, мы часта лічым сябе супер разумнымі, багатымі і ідэальнымі, і пры гэтым проста забываемся пра элементарную чалавечнасць. Я ўпэўнена, што дапамагаць трэба. Гэта такое шчасце, падараваць іншаму надзею і радасць!

Як бачым, у справе  дабрачыннасці галоўнае – разумець, што дапамога іншым з’яўляецца не цяжкім абавязкам, а шчасцем. Да таго ж, шчодрасць і спачувальнасць ствараюць моцныя сувязі паміж людзьмі, дапамагаюць цаніць жыццё і адчуваць сябе карыснымі і запатрабаванымі.

Дабрыні ўсім і чуласці!

Запісала Галіна КАЗАК.

 

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о