Сёння ўвага ўсяго свету прыкавана да сітуацыі ва Украіне. У той час, як лідары многіх краін прыкладваюць намаганні па стабілізацыі сітуацыі ў суседняй нам краіне, не застаюцца ў баку ад праблемы і простыя людзі. Дапамога бежанцам з Украіны становіцца ўзорам спагады да чужой бяды. Лідыруючую пазіцыю ў арганізацыі дабрачыннасці заняло Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа. Наша суразмоўца – старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Людміла Петухова.

“Дабрачыннасць – справа неабыякавых”

– У вашага таварыства няма доступу на тэрыторыю Украіны. Як арганізавана дапамога жыхарам рэгіёна?
– Наша арганізацыя, як нацыянальнае грамадства, юрыдычна не можа весці дзейнасць на тэрыторыі другіх дзяржаў. Мы аказваем выключна гуманітарную дапамогу. На месцах вядзем збор сродкаў, рэчаў, прадуктаў харчавання, пасля чаго ўзаемадзейнічаем з нашымі міжнароднымі партнёрамі, якія дастаўляюць неабходнае па прызначэнні. Таксама мы распачалі збор ахвяраванняў для дапамогі мігрантам, якія прыязджаюць з суседняй тэрыторыі і звяртаюцца ў Беларускі Чырвоны Крыж за падтрымкай.
– Як можна падтрымаць арганізацыю?
– На сайце Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа (https://redcrossgomel.by/offertory/) з дапамогай кнопкі “Ахвяраваць” вы можаце пералічыць дапамогу. На старонцы прапанавана некалькі варыянтаў: банкаўская сістэма “Аплаці”, па рэквізітах банка, а таксама з дапамогай банкаўскай карты, увёўшы яе рэквізіты. Падтрымаць нас вы можаце апусціўшы наяўныя грашовыя сродкі ў скарбонкі Чырвонага Крыжа. Яшчэ адна магчымасць – кантэйнеры па зборы чыстага адзення і абутку. Склаўшы непатрэбнае чыстае і прыдатнае да далейшага выкарыстання адзенне, абутак, цацкі ў пакет, вы можаце прынесці яго і апусціць у наш кантэйнер. Мы абавязкова даставім вашу дапамогу тым, хто мае патрэбу.
– Куды звяртацца пры жаданні заняцца валанцёрскай дзейнасцю?
– Для таго, каб стаць валанцёрам на тэрыторыі Беларусі, неабходна запоўніць анкету на сайце: https://redcross.by/zapolnit-anketu-volontera/ Потым з вамі звяжацца спецыяліст па працы з валанцёрамі вашага рэгіёна. Таксама можна наўпрост звярнуцца ў раённую арганізацыю (спіс арганізацый па спасылцы: https://redcross-gomel.by/subdivisions/).
– Ці магчыма ў сённяшняй сітуацыі забраць да сябе на пэўны час сваякоў ці знаёмых з Украіны?
– Па пытаннях бяспечнага выезду з Украіны і выбару транзітнага маршруту накіравання ў Беларусь рэкамендуем звяртацца ў Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Тэлефоны гарачай лініі: +380504062330; +375173794771, +375173792673, +375172792872. Электронная пошта: consul@mfa.gov.by
– На сённяшні дзень у нашым рэгіёне ёсць прамы кантакт бежанцаў з Украіны з вашай арганізацыяй?
– Канешне так! Мы поўнасцю кантралюем сітуацыю ўсіх, хто мае патрэбу, хто знаходзіцца на тэрыторыі Гомельскай вобласці. Члены арганізацыі наведалі абласны санаторый, куды прыбылі перасяленцы з Украіны, аказаўшы ім харчовую і гігіенічную дапамогу. Валанцёры вывучаюць запатрабаванні кожнага, хто прыбыў да нас у рэгіён. Яскравыя прыклады дзейнасці арганізацыі – наведванне дзіцяці, якое з Украіны даставілі ў абласную інфекцыйную бальніцу, вывучэнне патрэб цяжарнай жанчыны, якая прыбыла да нас у бальніцу з тэрыторыі Украіны. Сочым за станам дзяўчыны, якая паступіла з раненнямі, і якая нарадзіла дзяўчынку ў Мазырскай бальніцы, аказваем ёй неабходную дапамогу. Члены арганізацыі наведалі і пагутарылі з дальнабойшчыкамі. Удакладнілі іх запатрабаванні.
– Людміла Фёдараўна, калі ў нашых землякоў узнікне неабходнасць, куды можна звярнуцца ўдакладніць інфармацыю?
– Можна звярнуцца непасрэдна ў раённую арганізацыю Чырвонага Крыжа па адрасе горад Петрыкаў, вуліца Каралёва, дом 11, або па тэлефоне 2-58-81.
Хачу шчыра падзякаваць усім, хто ўжо далучыўся да збору гуманітарнай дапамогі бежанцам з Украіны. Наш народ заўсёды дэманстраваў прыклад гуманнасці і адкрываў сэрца да чужой бяды.

Гутарыла Святлана СОБАЛЕВА.
Фота Галіны КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о