Днямі ў рэдакцыю газеты прыйшло пісьмо ад сям’і Равінскіх з Калінкавічаў, дзе яны выказвалі падзяку старшыні Мышанскага сельскага Савета Ірыне Баяшэнка за арганізацыю належнага шматгадовага догляду брацкай магілы загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны воінаў, якая знаходзіцца ў вёсцы Беседкі. Там пахаваны іх бацька і дзядуля Іван Цімафеевіч Равінскі. А таксама дзякавалі за правядзенне мерапрыемстваў па ўшанаванні памяці загінулых у гады вайны салдат.Да помнікаў едуць нашчадкі Да помнікаў едуць нашчадкі Да помнікаў едуць нашчадкі Да помнікаў едуць нашчадкі

У час сустрэчы Ірына Баяшэнка расказала, што на тэрыторыі Мышанскага сельсавета знаходзяцца чатыры брацкія магілы, у якіх пахавана 555 воінаў – у Баянаве, Церабаве, Мышанцы і Беседках. За апошняе дзесяцігоддзе на кожным з помнікаў быў праведзены рамонт.

Старшыня Савета адным з важных накірункаў сваёй працы лічыць менавіта падтрыманне належнага стану помнікаў і добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол іх. Тым больш, што ў яе наладжана сувязь з людзьмі, чые продкі загінулі на Петрыкаўшчыне і пахаваны тут у брацкіх магілах. Яны часта просяць даслаць фотаздымкі помнікаў, кадры з мітынгаў з нагоды Дня Перамогі ці Дня Незалежнасці.
– Што тычыцца менавіта брацкай магілы ў Беседках, то тут пахаваны 224 воіны, – расказвае Ірына Баяшэнка. – Сям’я Равінскіх прыязджае сюды штогод у Дзень Перамогі. Сёлета тут было праведзена ўрачыстае мерапрыемства з удзелам кадэцкага класа адной з Калінкавіцкіх школ. Іх запрасілі на мерапрыемства самі Равінскія. Дзякуючы гэтаму мерапрыемства атрымалася асабліва яркім і ўрачыстым. Таксама ўшанаваць памяць воінаў на мітынг прыйшлі мясцовыя жыхары, прадстаўнікі арганізацый Мышанкі, кіраўніцтва ДТСААФ.

Два гады таму месца пахавання свайго дзеда знайшла ў Беседках сям’я з Урала, затым прыязджалі на магілу, прыходзілі да старшыні Савета. Цяпер падтрымліваюць сувязь. Яшчэ адзін мужчына з Краснадарскага краю больш дзесяці гадоў цікавіцца лёсам гэтай брацкай магілы. Сам прыехаць не можа, з ім Ірына Мікалаеўна падтрымлівае рэгулярную сувязь праз інтэрнэт.

Летась сталі вядомы імёны яшчэ 35 воінаў, пахаваных у брацкай магіле ў Беседках. Дадатковую мемарыяльную дошку з іх прозвішчамі сельскі Савет ўстанавіў на помніку. І тут жа да старшыні звярнуліся жанчыны з Гомеля – імя іх бацькі было ў новым спісе. Потым прыязджалі наведаць магілу.

Нават праз амаль сем з паловай дзясяткаў гадоў пасля Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне продкі тых, хто аддаў жыццё за вызваленне свайго ці брацкага народа, маюць патрэбу ведаць, дзе пахаваны іх родныя. Не маючы магчымасці самім даглядаць іх магілы, удзячны тым людзям, хто прыкладае намаганні, каб памяць жыла, а новае пакаленне памятала, якой цаной была заваявана Перамога. І ўсе яны разам робяць вялікую справу захавання гістарычнай памяці народа.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота з архіва
Ірыны БАЯШЭНКА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о