Актуальнасць працы аглядавых камісій не зніжаецца ні ў які перыяд года. Калі холадна, галоўная небяспека – ацяпляльныя печы. Летам тэма пажаранебяспечнасці не зніжаецца. Толькі крыніцы могуць быць рознымі: кінуты недакурак у някошаную траву, няспраўныя электрапрыборы, дзеці, пакінутыя без нагляду. І многае іншае, што трапляе ў поле зроку членаў камісіі.

Чарговы выезд аглядавай камісіі Петрыкаўскага сельскага Савета адбыўся ў вёскі Ільіч і Макарычы. Маршрут быў выбраны не выпадкова. Напярэдадні за сродкі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама былі набыты пажарныя апавяшчальнікі, частка якіх ужо была перададзена інвалідам і адзінокім састарэлым людзям, шматдзетным сем’ям. Менавіта ў Ільічы трэба было праверыць усталяванне апавяшчальнікаў.

Изображение 060

Літаральна збіў з ног шквал дыму, што паваліў з адчыненых дзвярэй пакоя дома братоў К. з Ільіча, што ўдвох курылі. Абодва мужчыны адзінокія, таму і небяспеку ўяўляюць толькі для сябе: у хаце антысанітарыя, выпіваюць часта, у двары парадку мала, у дом-інтэрнат перасяляцца не хочуць, а сродкаў нават на лекі не знаходзяць.

Недалёка ад іх жыве Леанід Юркавец, састарэлы адзінокі інвалід. Ён – поўная процілегласць гэтым аднавяскоўцам: ідэальны парадак у доме, агародзе і двары. Арганізаваў сабе дадатковы заработак – вяжа па паўтары тысячы гаспадарчых венікаў і венікаў для лазні ў сезон. Калі чалавек не сядзіць без працы і не паддаецца алкагольнай спакусе, то і інваліднасць не замінае варта жыць. Былі заўвагі па спраўнасці яго газавай пліты. Цяпер набыў электраплітку, ёй пакуль і карыстаецца. Пажарны апавяшчальнік трымае ў спраўным стане.

У час пераезду члены групы звярнулі ўвагу на яркія кветкі на ўзлеску. І не дарма, гэта быў дзікарослы мак, які паспяшаліся тут жа вынішчыць.

У Макарычах увага найперш была сем’ям, дзе ёсць непаўналетнія дзеці. Адзінокая матуля Д. даўно знаходзіцца на кантролі і сельскага Савета, і мясцовага сада-школы. Калі ў доме і двары ўжо адносны парадак, пажарная бяспека ў норме, то ёсць праблема з аплатай электраэнергіі, доўг склаў 146 рублёў. Жанчына ў час візіту атрымала афіцыйнае запрашэнне на пасяджэнне ГПАП.

Без заўваг прайшло наведванне сям’і К. з шасці чалавек. Жывучы ў адным невялікім пакойчыку, гэтыя людзі могуць падтрымліваць адметны парадак ў доме і двары. Больш таго, займаюцца зборам шкла і, сабраўшы вялікую партыю, здаюць у камунальную гаспадарку. Фінансавыя магчымасці ў сям’і невялікія, таму сельскі Савет ўзяў на сябе абавязальніцтва дапамагчы ім ва ўсталяванні агароджы.

Пра неабходнасць рамонту, у тым ліку і пячнога ацяплення, усталяванне аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў было паказана шматдзетным сем’ям З. і Б., некалькім сем’ям састарэлых жыхароў вёскі.

Занепакоенасць выклікае абстаноўка ў доме васьмідзесяцігадовага В. Мужчына пражывае з сынам, які, мякка кажучы, на доглядзе хворага і слабога бацькі не замарочваецца. Больш таго, былі выпадкі, калі стары трапляў у медыцынскую ўстанову з пабоямі. Але ж ад размяшчэння на сацыяльны ложак адмаўляецца. У доме мінімальны запас прадуктаў. На шматразовыя прапановы ўсталяваць у доме пажарны апавяшчальнік рэакцыі не было. Сітуацыя ў доме патрабуе пастаяннага кантролю.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о