1

Два гады таму з нагоды вылучэння калектыву І тэрапеўтычнага аддзялення раённай бальніцы ў шэраг перадавікоў галіны структурных падраздзяленняў сацыяльнай сферы мы ўжо сустракаліся з Канстанцінам Лапетам, які ў той час быў загадчыкам І тэрапіі. Сёлета Канстанцін Ісакавіч сам у ліку лепшых прадстаўнікоў галіны аховы здароўя.

Два месяцы таму ў працоўнай дзейнасці ўрача адбыліся змены: цяпер ён кіруе прыёмным аддзяленнем ЦРБ. Для прыняцця такога рашэння з боку ўрача было некалькі перадумоў. Па-першае, як адзначае сам тэрапеўт, гэта ўзрост – 65 гадоў. Праца з пацыентамі кардыялагічнага аддзялення, дзе ён працаваў не адзін дзясятак гадоў, патрабавала асаблівай напружанасці, пастаяннай вялікай адказнасці, якая часта не давала спаць начамі. А адчуванне стомленасці пры гэтым недапушчальна. Важным момантам стала і тое, што з’явілася добрая замена кардыёлагу – малады, здольны і энергічны ўрач Яна Сцепаненка.

З задавальненнем расказвае Канстанцін Ісакавіч, якія важныя змены апошнім часам адбыліся ў ЦРБ. Набыццё новага кардыялагічнага абсталявання, а яму як кардыёлагу гэта асабліва актуальна, дало магчымасць праводзіць шэраг сур’ёзных даследаванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы, што намнога спрасціла работу ўрача. Але сёння Канстанцін Лапета пачаў жыць ужо клопатамі новага калектыву.

– Прыёмнае аддзяленне – таксама няпросты ўчастак, – адзначае Канстанцін Лапета. – Тут адказнасць іншая. Важна хутка і правільна паставіць дыягназ, перадаць пацыента ў рукі спецыяліста. Хаця памылак тут нават пры маім больш як саракагадовым вопыце не пазбегнуць. Праблемнае пытанне ў нашым аддзяленні мае сезонны характар: менавіта цяпер складана размясціць хворага на лячэнне з-за перапоўненасці бальніцы. Даводзіцца праяўляць знаходлівасць, прымяняць аўтарытэт і нават карыстацца добрымі адносінамі з калегамі.

Калектыў прыёмнага аддзялення Канстанцін Ісакавіч  называе стабільным і зладжаным, якому не патрэбны змены, што мог бы прынесці новы кіраўнік. Іх уменне хутка і прафесійна дзейнічаць, спалучанае з вопытам загадчыка, будзе садзейнічаць далейшай паспяховай рабоце.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о