Выратавальнікі правялі ўрок бяспекі і навучальную эвакуацыю ў дзіцячым садку №3 горада Петрыкава.

Пачалося мерапрыемства са знаёмства і, вядома ж, кожны з дзяцей адказаў, хто такія выратавальнікі-пажарныя і чым яны займаюцца на працы. Пры дапамозе гульняў “топ-хлоп” і “дым-агонь-вуліца” выхаванцы дзіцячага сада даведаліся, як правільна паводзіць сябе ў выпадку пажару. Дзеці хорам называлі нумары выкліку экстранных службаў і спалучалі карцінкі машын. Пасля паспрабавалі віртуальна паведаміць дыспетчару МНС пра надзвычайную сітуацыю.

– Добры дзень. У нас пажар, гарыць дом. Хутчэй прыязджайце па адрасе Бумажкова, 10. Мяне клічуць Мілана, – выразна казала малая.

Плакаты з гераіняй “Котка Даша” дапамаглі расказаць, якія небяспекі бываюць дома і на вуліцы, з якімі рэчамі гуляць нельга, а таксама дапамаглі даведацца, з-за чаго можа адбыцца пажар.

– У пакоі ў Дашы здарыўся пажар, таму што яна не выключыла прас, а на кухні – пакінула без нагляду гатавацца ежу. А на гэтым малюнку што яна парушыла? – спытала інспектар РАНС.

– Котка Даша гуляе па будоўлі, уваход дзецям туды строга забаронены! – адказалі хлопцы.

Дзяўчынкі і хлапчукі даведаліся пра такога памочніка, як аўтаномны пажарны апавяшчальнік, які ў выпадку ўзгарання апавясціць усіх жыхароў дома што здарылася. Пасля праведзенага мерапрыемства выхаванцы і работнікі дзіцячага сада адпрацавалі дзеянні па эвакуацыі пры пажары.

Святлана СОБАЛЕВА, па інфармацыі РАНС.

 

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о