Сёлета да адміністрацыйнай адказнасці за нанясенне пабояў, фізічных і псіхічных пакут ў адносінах сваякоў ці членаў сем’яў да адказнасці былі прыцягнуты 124 чалавекі. Яшчэ 27 паўсталі перад судом за прычыненне цялесных пашкоджанняў і парушэнне ахоўнага прадпісання. Усе яны панеслі адказнасць па артыкуле 9.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Восем жыхароў нашага раёна былі асуджаны па артыкулах Крымінальнага кодэкса за прычыненне цялесных пашкоджанняў, катаванні і пагрозу забойствам.

Некалькі гадоў таму быў зменены падыход да кваліфікацыі спраў, якія тычацца сямейнага насілля. Раней бытавыя скандалы адносілі да фактаў хуліганства, што не дазваляла комплексна працаваць з парушальнікамі. Цяпер у зале суда яны нясуць адказнасць па іншых артыкулах, зразумела, што і адказнасць па іх іншая. Пра гэта расказаў старшыня раённага суда Генадзь Шэвель.

Нярэдкія выпадкі, калі на лаву падсудных трапляюць мужчыны з “багажом” адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 9.1 або тыя, каму пацярпелыя раней даравалі пабоі і здзекі да вынясення пакарання, дамовіўшыся пра прымірэнне.

– Шанец на выпраўленне, урок пра адказнасць быў дадзены, але яны ім не скарысталіся, – тлумачыць сітуацыю Генадзь Шэвель. – Па артыкуле 9.1 справы ўзбуджаюцца  па заяве пацярпелага. Перад пачаткам судовага разгляду мы тлумачым удзельнікам працэсу іх права на прымірэнне, высвятляем, ці не пад націскам вінаватага боку такое рашэнне прынята. Іншая сітуацыя, калі справа пачата па прадстаўленні пракурора. У гэтым выпадку прымірэння быць не можа і вінаваты панясе пакаранне.

Сістэматычнае нанясенне пабояў, фізічнага болю і пакут кваліфі-куецца як катаванні – артыкул 154 Крымінальнага кодэкса. Сёлета ў раённым судзе былі разгледжаны тры такія справы. Адно з пасяджэнняў праходзіла ў фармаце выязнога ў адным з аграгарадкоў раёна. Мужчына трапіў на лаву падсудных за сістэматычнае збіенне сужыцелькі. Пасля васьмі гадоў сумеснага жыцця мужчыну здалося, што яго жанчына стала затрымлівацца на працы. Два месяцы ён кулакамі высвятляў прычыны такіх яе  “падазроных” паводзін, нават хадзіў “на размову” да яе кіраўніка. Многа разоў прыходзіла жанчына на працу са слядамі пабояў і толькі двойчы выклікала міліцыю, каб суняць дэбашыра. Здаралася, што хавалася па суседзях. Пасля чарговай бойкі не выйшла на працу, а мужчына не пусціў у хату яе калег, якія, адчуваючы нядобрае, прыйшлі высветліць сітуацыю. Увечары пацярпелую забрала “хуткая” з дому суседзяў, дзе жанчыне ўдалося схавацца ад гвалтаўніка. Ужо на бальнічным ложку яна расказала ўсё. Судом мужчыне было прызначана пакаранне – 3 месяцы арышту.

Старшыня суда пазначае, што пакаранне за катаванні можа быць розным: ад штрафу да рэальнага пазбаўлення волі і такія выпадкі ў іх практыцы ў апошні год таксама былі.

Дзве крымінальныя справы па артыкуле 186 за пагрозу забойствам сёлета разгледжаны ў раённым судзе. Генадзь Уладзіміравіч тлумачыць, што для таго, каб быць абвінавачаным па гэтым артыкуле дастаткова выказаць пагрозы і прадэманстраваць намеры прывя-дзення пагрозы ў выкананне так, каб у ахвяры былі падставы апасацца за сваё жыццё. Адна з такіх спраў таксама разглядалася ў выязным пасяджэнні суда. Пасля таго, як жонка адмовілася ісці ў магазін і купіць мужу чарговую порцыю спіртнога, той прыціснуў яе да сцяны і прыставіў да шыі нож. Маўляў, так я цябе заб’ю. Жанчына спалохалася за сваё жыццё і выклікала міліцыю. Прыгаворам мужчыне стаў штраф у 30 базавых велічынь – мінімальнае пакаранне, бо паміж мужам і жонкай адбылося прымірэнне, паводзіны мужчыны змяніліся.

Да 180 гадзін грамадскіх работ быў прыгавораны мужчына, што пагражаў нажом брату. Такім быў яго аргумент сваяку, які злоўжываў алкаголем і выносіў з дому на продаж рэчы.

Па артыкуле 147 Крымінальнага кодэкса за прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў былі асу-джаныя сёлета і жанчыны. У адной з сем’яў трагедыя здарылася пасля чарговай сваркі, пабоі жанчыны тут былі звычайнай справай. Крыўда збіралася і расла. Аднойчы яна ўзяла нож і нанесла ўдар. Неабходнай абаронай у той момант такія дзеянні не былі. Але пакаранне змякчыла тая акалічнасць, што вінаватая здзейсніла злачынства пад ўздзеяннем супрацьпраўных ўчынкаў пацярпелага.

Прычынай яшчэ аднаго нажавога ранення, нанесенага жанчынай, сталі сістэматычныя сваркі і прызнанне мужа ў нявернасці жонцы. Абцяжарвала віну падсуднай тое, што ў момант здзяйснення злачынства яна была ў стане алкагольнага ап’янення.

У абодвух выпадках суд прызнаў жанчын вінаватымі і вынес пакаранне  ў выглядзе абмежавання волі на розныя тэрміны без накіравання ў выпраўленчыя ўстановы.

Здараецца, дзеці становяцца сведкамі насілля над маці. Судом такія дзеянні расцэньваюцца як здзейсненыя з асаблівым цынізмам, што характарызуе асобу падсуднага з горшага боку і прымаецца пры назначэнні пакарання. Яшчэ на стадыі даследавання інфармацыя пра такія сем’і перадаецца ў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, дзе праводзіцца работа па вызначэнні сацыяльнай добранадзейнасці.

– Здараецца, што ў чалавека накапліваецца крыўда за сістэматычныя папрокі, – падагульняе сказанае раней Генадзь Шэвель. –  У стане алкагольнага ап’янення планка дазволенага падае і здараюцца цяжкія цялесныя пашкоджанні, якія могуць прывесці і да лятальных вынікаў. Любая канфліктная сітуацыя можа закончыцца шкодай для здароўя. Таму праблему ў сям’і нельга замоўчваць. Выйсце можна знайсці заўсёды. Зварот у праваахоўныя структуры дае магчымасць дэбашыру зразумець ступень адказнасці за насілле. У пэўных выпадках аддзелам унутраных спраў можа быць выдадзена ахоўнае прадпісанне, якое будзе абмяжоўваць вінаватага ў кантактах з пацярпелым. Ёсць магчымасць часовага размяшчэння пацярпелага ў крызісны пакой, дзе ёсць усе ўмовы для пражывання, а гвалтаўнік не зможа знайсці. Кожны для сябе сам павінен вызначыць, што зрабіць, каб не апынуцца ў зале суда на месцы падсуднага ці пацярпелага.

Алена БРУЦКАЯ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о