Мабільная група райвыканкама рэгулярна сутыкаецца з сітуацыямі, калі на прадпрыемствах адсутнічаюць алкатэстары, або ёсць у неправераным стане. Пры такой акалічнасці выявіць нецвярозых працаўнікоў складана не толькі ўдзельнікам выезду, але і самім кіраўнікам структур прадпрыемстваў, якія і павінны весці кантроль за сітуацыяй. Таму ў апошні выезд мабільнай групы быў запрошаны спецыяліст, які праводзіў праверку працаўнікоў ААТ “Агра-Пціч” на наяўнасць пароў алкаголю. Трэба адзначыць, што праверка паказала адзіны для ўсіх вынік – 0.

У астатнім жа прэтэнзій ў спецыялістаў розных службаў было дастаткова многа. На малочнатаварнай ферме “Пціч” адна з галоўных праблем – асвятленне. Няма яго ў праходах і некаторых дапаможных памяшканнях. У іншых – мінімальнае. Прычынай названа пастаяннае працяканне даху, з-за чаго замыкае праводку і лямпачкі не вытрымліваюць і сутак. Працаваць раніцай і ўвечары даяркам і даглядчыкам даводзіцца літаральна навобмацак. Кажуць, што ўжо даўно працуюць з карманнымі ліхтарыкамі.

На Пціцкай ферме
На Пціцкай ферме

Прычым падлога ў хлявах небяспечная. Вузкія, слізкія і пакатыя праходы не спрыяюць камфортнаму руху па іх людзей, ды і жывёлы  таксама. Лініі ланцуговага выдалення гною не закрытыя шчытамі нават у праходах. Агароджа знята і з памяшкання, дзе размешчаны ўвесь вузел гноевыдалення.

Электрашчыток на МТП
Электрашчыток на МТП

Адчуванне чарноцця дадаюць і, здаецца, дзесяцігоддзямі не вапнаваныя памяшканні. Спецадзеннем працаўнікі фермы не забяспечаны. У парушэнне санітарных нормаў на ёмістасцях для малака не хапае вечак, замест вёдраў для падмывання кароў выкарыстоўваюцца абрэзаныя пластыкавыя каністры. Аднаразовыя сурвэткі на ферме ёсць, але толькі ў кабінеце загадчыцы. Шыбкі ў вокнах пакоя адпачынку з-за адсутнасці шкла забіты цэлафанам, месцамі небяспечна тырчаць шкляныя аскепкі. Дарэчы, і інструктаж па ахове працы работнікі фермы не прайшлі своечасова.

Выяўлены парушэнні і на тэрыторыі машынна-трактарнага парка. Графік вартавой аховы не скарэктаваны з улікам водпуску супрацоўніка. Пажарныя шчыты не ўкамплектаваны, а вогнетушыльнікі няспраўныя. Пры рамонце тэхнікі выкарыстоўваюцца драўляныя калодкі, хаця ў наяўнасці  ёсць металічныя падстаўкі. Праўда, некалі была не пралічана іх максімальна дапушчальная нагрузка, таму прыстасаванні дэфармаваны. Кран-бэлька ў адным з боксаў не прайшла праверку і не мае фіксатара. Электродатрымальнік у зварачным апараце саматужны. Былі заўвагі і да карыстання электраасвятляльнымі прыборамі.

На жывёлагадоўчым комплексе “Рог” сітуацыю спрашчае тое, што аб’ект адносна новы. Застаецца толькі трымаць усё ў належным стане і ў адпаведнасці з патрабаваннямі. Трэба было б вярнуць ахоўныя кажухі на рухавікі ў малочным цэху, закрыць электрашчыты, вызваліць ад хламу аварыйныя выхады, пакласці на месца дэзынфіцыруючыя дыванкі, усталяваць адпаведны тэмпературны рэжым у пакоі адпачынку.

М. ЯГОРАВА.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о