Не будзе вялікім сакрэтам, калі скажу, што прадукцыйнасць працы работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый у большасці залежыць ад умоў для яе створаных. Гэта калі чалавек заўсёды на працоўным месцы ў спецадзенні, гарантыйна  атрымлівае абеды, а пасля цяжкага працоўнага дня можа змыць з сябе пыл у душы і ў бадзёрым настроі прыйсці дамоў. Аднак такое ёсць, на жаль, не ўсюды. Некаторыя работнікі нават і не бачылі нічога з гэтага. Таму ў такіх гаспадарках і работа ледзь-ледзь прасочваецца і сельгаспрадпрыемствы літаральна стаяць “на каленях”.

У раёне масава пачалася ўборка зерневых. Таму кіраўнікам сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна варта было паклапаціцца пра вытрымліванне вышэйпазначаных норм загадзя, каб забяспечыць нармальны рабочы працэс. Як у гаспадарках паклапаціліся пра сваіх хлебаробаў і высвятлялі старшыні раённага аб’яднання прафсаюза і райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васіль Макаравец і Ірына Берднік.

Так, у КСУП “Запаветы Ільіча” задоўга да ўборачнай кампаніі спраўна працавала сталовая – работнікі яе гатавалі смачныя абеды для механізатараў, занятых на нарыхтоўцы кармоў і для даглядчыкаў жывёлы, што працуюць на пашы. Таму і зараз з харчаваннем хлебаробаў таксама пытанняў не ўзнікае. Сам абед, які складаецца з абавязковага першага і другога, гарбаты і духмяных булачак, тут каштуе 3,3 рубля, механізатары ж аплочваюць толькі 99 капеек. Дзе яшчэ можна атрымаць паўнацэнныя смачныя стравы за такую суму?

Падрыхтавана была ў тэрмін і неабходная дакументацыя для правядзення жніва.

Другая справа – душавыя кабінкі. Задоўга да пачатку ўборкі яны ўжо правяраліся раённым прафсаюзам і, прама сказаць, былі часткова разукамплектаваны. Тады ж кіраўніцтва гаспадаркі паабяцала да пачатку ліпеня наладзіць іх работу, тым больш, што набыць для душавых неабходна было не так і багата камплектуючых і воданагравальнік. Аднак на 12 ліпеня справа не зрушылася ні на крок.

Наладжана работа сталовай і ў ААТ “Камаровічы”. Як адзначыла яе загадчыца Раіса Байкова, працуе яна адна. Штодзень рыхтуе абеды і вячэры (для працаўнікоў, якія заняты на позніх работах). Праўда, тут узнікла пытанне пра заключэнне працоўнай дамовы, якую, па словах Раісы Байковай, з ёй не заключалі. Трэба адзначыць, што такі момант абавязковы, як і ўказанне ў працоўнай дамове ўмоў аплаты працы і іншых момантаў.

Загадчыца сталовай ААТ “Камаровічы” Раіса Байкова
Загадчыца сталовай ААТ “Камаровічы” Раіса Байкова

Таксама ў гаспадарцы механізатарам ёсць дзе змыць палявы пыл пасля напружанага працоўнага дня – душавыя працуюць спраўна.

Арганізавана работа душавых пакояў і ў ААТ “Навасёлкі”.

Што датычыць кармлення, дык тут ў сталовай гатуюць для механізатараў і даглядчыкаў жывёлы абеды і вячэры. На момант наведвання гаспадарцы аказвалі дапамогу механізатары Мазырскай сельгастэхнікі. Дык вось гэтых працаўнікоў тут кармілі тры разы на дзень. Нараканняў наконт якасці прыгатаваных страў у працаўнікоў не ўзнікала.

Разам з гэтымі клопатамі ў ААТ “Навасёлкі” не забываюць і пра іншыя пытанні. Так, актыўна тут вёўся рамонт хлявоў на малочна-таварнай ферме “Ражны”. Брыгада з двух чалавек тут займалася заменай падлогі і жолабаў сістэмы гноевыдалення.

Будзе новая падлога ў хлявах МТФ “Ражны”
Будзе новая падлога ў хлявах МТФ “Ражны”

Не ўзнікла пытанняў наконт арганізацыі кармлення механізатараў і ў КСУП “Курыцічы”. На момант наведвання тут механізатараў кармілі адзін раз на дзень. Абеды ім прадастаўляліся бясплатна.

Зараз уборка зерневых у гаспадарках, можна сказаць, у    поўным разгары, і аднавіць арганізацыю працы механізатараў, пра якую дагэтуль не паклапаціліся, проста няма часу. Так склалася ў КСУП “Грабаў”. Пры наведванні гаспадаркі ў аўторак тут не толькі не прыступілі да жніва, але яшчэ цалкам не падрыхтавалі “няшчасныя” два камбайны. Экіпажы камбайнераў, што будуць на іх працаваць, Валерый Курко і Дзмітрый Літош, Юрый Гарошка і Віктар Какора літаральна не вылазяць з-пад капотаў давераных, далёка не новых, камбайнаў. Ёсць пытанні і па рабоце зернесушыльнай гаспадаркі, якую будуць абслугоўваць Андрэй Урбанік і Уладзімір Цімашэня. Будуць… Хаця павінны ўжо працаваць на ўсю…

Як адзначыў галоўны аграном гаспадаркі Мікалай Шэўчык, сёлета тут неабходна ўбраць 755 гектараў зерневых, з якіх плануецца намалаціць каля 1800 тон збожжа. Як запэўніў Мікалай Фёдаравіч, камбайны ў поле павінны выйсці праз пару дзён.

Дрэнна ідуць справы і па арганізацыі ўмоў працы, якіх тут проста няма. Як адзначылі самі механізатары, душавыя не працуюць, хаця працаўнікі і хацелі б пасля работы прыняць душ. Што датычыць абедаў, дык, як адзначылі камбайнеры, іх гатуюць, аднак такой якасці, што лепш бы такія стравы ўвогуле не гатавалі – іх проста немагчыма есці. Таму і выказалі пажаданне змяніць повара.

Рыхтуюць да ўборкі камбайны механізатары КСУП “Грабаў”  Валерый Курко і Дзмітрый Літош.
Рыхтуюць да ўборкі камбайны механізатары КСУП “Грабаў” Валерый Курко і Дзмітрый Літош.

З такім “грабаўскім” настроем у працаўнікоў, відаць, і ўборка тут пройдзе ве-е-ельмі напружана.

Рэйдавыя праверкі ўмоў працы прафсаюзам працягваюцца.

Дзмітрый АЛЯКСАНДРАЎ.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о