6 верасня Беларускаму Чырвонаму Крыжу споўнілася 100 гадоў. Напярэдадні юбілею ў кінатэатры “Беларусь” райцэнтра прайшла ўрачыстасць, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў раёна, даўнія і верныя сябры раённай арганізацыі БГА “Чырвоны Крыж”.

Без перабольшання можна сказаць, што пра гэту самую буйную гуманітарную арганізацыю ў нашай краіне ведае кожны, бо за час свайго існавання яна дапамагла мільёнам чалавек.
Як пазначыла ў сваім выступленні старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання Людміла Петухова, эфектыўнасць работы арганізацыі залежыць ад ініцыятыўнасці членаў і актывістаў Чырвонага Крыжа, іх бескарыснага служэння людзям, а таксама ад узаемадзеяння і ўзаемапаразумення з прадстаўнікамі выканаўчай улады на месцах.Чырвона Крыж: 100 гадоў клопату і падтрымкі
На сённяшні дзень на ўліку ў райвыканкаме значацца 68 пярвічак, агульная колькасць членаў БТЧК – 5200 чалавек, што складае 19% ад агульнай колькасці жыхароў раёна. У школах створаны валанцёрскія групы, якія актыўна ўдзельнічаюць у акцыях Чырвонага Крыжа па аказанні дапамогі адзінокім грамадзянам, зборы адзення і школьных прыналежнасцей перад пачаткам новага навучальнага года для дзяцей са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, а таксама ў мерапрыемствах па прапагандзе здаровага ладу жыцця. У школах створаны і працуюць санітарныя звёны, навучаныя аказваць першую дапамогу пацярпелым, якія штогод прымаюць удзел у конкурсах-аглядах на раённых злётах Юных інспектараў руху і Юных пажарных-выратавальнікаў. Перамажцы ўзнагароджваюцца дыпломамі і каштоўнымі падарункамі ад раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа. Доўга можна пералічваць сферу дзейнасці, увагі і клопату членаў таварыства.
Так, арганізацыя мае сёння пэўны аўтарытэт, пра яе добрыя справы ведаюць у горадзе і раёне, а члены пярвічак з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі дабрачынных акцый “Ёлка жаданняў” для дзяцей-сірот і дзяцей з малазабяспечаных сем’яў Петрыкаўскай школы-інтэрната, “Сустрэчы на Ражство”. Не застаюцца без увагі навучэнцы карэкцыйнага цэнтра і хворыя з палат сестрынскага догляду Ляскавіцкай, Навасёлкаўскай участковых і Капаткевіцкай гарпасялковай бальніц. Таксама стала добрай традыцыяй праводзіць дабрачынныя мерапрыемствы для інвалідаў дзяцінства, якія наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў і людзей сталага ўзросту ТЦСАН, сіламі валанцёраў УА “Петрыкаўскае дзяржаўнае спецыяльнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча закрытага тыпу №1 лёгкай прамысловасці” і пры падтрымцы індывідуальных прадпрымальнікаў.
Жыхары Петрыкаўшчыны актыўна падтрымліваюць раённую арганізацыю Чырвонага Крыжа, таму што бачаць рэальную работу арганізацыі, ведаюць, што Чырвоны Крыж заўсёды гатовы дапамагчы ўсім тым, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай і надзвычайнай сітуацыі.
Аднак урачыстае мерапрыемства з нагоды 100-гадовага юбілею Беларускага Чырвонага Крыжа стала не толькі справаздачай пра дабрачынныя справы раённай арганізацыі. У гэты дзень самыя актыўныя члены і даўнія сябры арганізацыі былі ўшанаваны ганаровымі граматамі і падзячнымі лістамі за гады супрацоўніцтва і дзейснай падтрымкі. Сярод ганараваных – Галіна Сухоцкая, Валянціна Лазарава, Наталля Прыходзька, Таццяна Фалеева, Наталля Шляга.
Са словамі віншавання і па-дзякі за дабрачынную дзейнасць да членаў раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Святлана Сянько, якая пажадала людзям з вялікім сэрцам невычэрпнай крыніцы энергіі, энтузіязму і многа добрых спраў у будучым. Свае віншаванні ўсім датычным даслалі галоўны санітарны ўрач раёна Сяргей Талецкі, начальнік РАНС Мікалай Карабец, старшыня раённага Савета ветэранаў Уладзімір Жукавец.
Канцэртная праграма навучэнцаў гімназіі і раённага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі стала яскравым падарункам усім прысутным.
Што да важкай круглай даты Чырвонага Крыжа, то няхай добрыя справы ў імя спагады, міласэрнасці і дабрачыннасці ніколі не заканчваюцца.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о