На пазамінулым тыдні стартаваў чэмпіянат Петрыкаўскага раёна па футболе. Нагадаем, футбольны турнір узнавіўся ў мінулым сезоне пасля доўгага перапынку. І калі ў 2021 годзе невысокі ўзровень чэмпіянату быў зразумелы, то сёлета мясцовы футбол не прадэманстраваў аніякага прагрэсу: тыя ж чатыры каманды і 12 гледачоў на трыбунах.

Я ўзгадвадваю час, калі стадыён быў на рэканструкцыі. Тады гараджане скардзіліся, што з аднаго боку няма магчымасці праявіць сябе спартсменам, а з другога – няма відовішча для заўзятараў самай папулярнай у свеце гульні. Я памятаю і больш далёкія часы, калі чэмпіянат раёну з лёгкасцю збіраў пару соцень гледачоў, у перапынках паміж гульнямі праводзіліся спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы і паралельна высвятлялі паміж сабой адносіны валейбалісты. Тады я малалетні разрываўся, каб паглядзець і матч, і паядынак у шахматы, які ладзілі ты я ж заўзятары на трыбунах.
Здавалася, што ўсё гэта страціць немагчыма. Але, з цягам часу, рэчаіснасць аказалася нечакана горкай. З аднаго боку, футбол шырокім крокам вярнуўся на Петрыкаўшчыну. Гораду літаральна падарылі каманду, што бараніла гонар Петрыкава спачатку ў другой лізе нацыянальнага чэмпіянату, а потым і ў першай.
Праз год стартаваў і мясцовы турнір. Зразумела, чакаць ажыятажу не выпадала, але была надзея на будучыню, маўляў, футбалісты прачнуцца і ў турнірнай табліцы з’явіцца каманд сем. Пачаўся сезон, а спіс футбольных дружын не змяніўся. У чэмпіянаце засталіся дзве каманды з гісторыяй: “Ураджай” і “Курыцічы”. Другі сезон паказваюць свае здольнасці навічкі – футбольны клуб Петрыкаўскага рудаўпраўлення “Гарняк” і каманда прыхільнікаў петрыкаўскага “Шахцёра” – “Легіянер”.
Былі спадзяванні на заўзятых у мінулым удзельнікаў усіх футбольных мерапрыемстваў – футбалістаў з Капаткевічаў, але чарговы год мы не бачым іх нават у міні-футбольных спаборніцтвах. Не сабраліся каманды і з іншых сельскіх населеных пунктаў. Магчыма, варта нагадаць, што гадоў 20-ць таму чэмпіёнства аспрэчвалі футбалісты з Чалюшчавічаў, Бабунічаў, Брынёва. Няўжо футбольныя традацыі ў гэтых вёсках (выбачайце за эпітэт) “пахаваныя”?
Магчыма, не варта чакаць каманд, што збіраліся раней у калектывах гаспадарак. Але ёсць і іншыя моцныя прадпрыемствы на Петрыкаўшчыне, такія як Лясгас ці Нацыянальны парк “Прыпяцкі”, тым больш што аснова для футбольных каманд магла б скласціся з іх міні-футбольных дружын. Не хочацца думаць, што сёлетнія ўладальнікі кубка Петрыкаўшчыны – каманда ПМС, была кароткатэрміновым праектам. Ды і ўвогуле, што перашкаджае прыхільнікам футбола сабрацца, як кажуць, зыходзячы з уласнага інтарэса, а не па прапанове працадаўцы? Ды і што замінае працадаўцам, хоць бы і з рэкламных меркаванняў, дамовіцца паміж сабою і сабраць адну каманду з некалькіх устаноў?
Прапаў інтарэс да мясцовага футбола і з боку заўзятараў. Арганізатары раённых спаборніцтваў чакалі, што гульні землякоў будуць наведваць ніяк не менш прыхільнікаў, чым матчы петрыкаўскага “Шахцёра”. Але ў рэчаіснасці мы маем пустыя трыбуны, а тыя, хто наракаў, што няма футбола, зараз заяўляюць, маўляў, не той узровень, вось першая ліга!.. Я ўпэўнены, што ў любым населеным пункце Петрыкаўшчыны сабралася б паглядзець гульню значна болей заўзятараў, чым 12-ць гараджан.
Не так даўно хадзілі сур’ёзныя размовы пра тое, каб заявіць каманду з Петрыкаўшчыны ў другую лігу нацыянальнага чэмпіянату. У гэтым годзе гэта зрабіць не атрымалася і з вышыні бягучага чэмпіянату мне здаецца, што і не варта заяўляцца, бо сорамна будзе перад суседзямі з, скажам, Калінкавічаў, за той дзясятак гледачоў на трыбунах. А самае страшнае, што акрамя мяне і яшчэ пары заўзятараў, шкадаваць пра адзначаную акалічнасць і няма каму.
Што да турніру, то стартаваў ён 9 ліпеня матчам паміж “Гарняком” і “Курыцічамі”. Ва ўпартай барацьбе “калійшчыкі” мінімальна пераадолелі вяскоўцаў 3:2. Сустрэча паміж “Ураджаем” і “Легіянерам” чакана скончылася разгромам апошніх з унушальным лікам 0:7.
У мінулую суботу “ўраджаеўцы” мераліся спрытнасцю з “Курыцічамі”, але інтрыгі не здарылася – гараджане адалелі апанентаў 4:1. “Легіянер”, на жаль, саступіў “Гарнякам” 0:9. Такім чынам, у фінале чэмпіяната раёна сустрэнуцца “Ураджай” і “Гарняк”.
У нас яшчэ ёсць магчымасць падтрымаць сваіх футбалістаў і ўшанаваць наш футбол, бо каму ён тады патрэбен, калі не нам?..

Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о