У пазамінулую суботу петрыкаўскі “Шахцёр” сустракаўся з гомельскім “Бумпромам” у рамках 16-га тура другой лігі футбольнага чэмпіянату краіны. Нагадаем, што мінулая сустрэча паміж клубамі скончылася на карысць жоўта-чорных з лікам 1:3. Гэта быў даволі складаны матч сапернікаў з блізкіх радкоў табліцы. “Шахцёр” у пятым туры ўпэўнена трымаўся на першым месцы, футбольны клуб “Бумпром” быў трэцім. Здавалася, што матч скончыцца з мінімальнай перавагай гасцей, але выніковы лік тады “падправіў” паўабаронца Аляксей Кашэўскі, што трапна прабіў па варотах на дадатковай 91-й хвіліне.
Чатыры прыгожыя гола
З цягам часу гомельская каманда спусцілася ў турнірнай табліцы на шосты радок. Дыстанцыя чэмпіянату расстаўляе ўсё на месцы. “Бумпрому”, верагодна, апрача іншага замінала захаваць набытае на першых парах лідарства кароткая лаўка запасных. Прынамсі, так мне падалося, бо ўвесь матч гомельскія футбалісты выступалі без замен у стартавым саставе.
Матч праходзіў пры цудоўным надвор’і, але без гледачоў на трыбунах. Такое рашэнне прыняла Беларуская федэрацыя футбола для бяспекі грамадзян у сувязі з абстаноўкай, што склалася апошнім часам. Але нельга сказаць, што падтрымкі “Шахцёр” не адчуваў. Наадварот, заўзятары за агароджай, якіх я налічыў звыш сямі дзясяткаў, як маглі падбадзёрвалі каманду, якая шчыра аддзякавала мясцовым прыхільнікам футбола вынікам.
На пачатку матчу каманды выглядалі адносна роўнымі, але з цягам часу адчувалася, што “Шахцёр” пачынае дамінаваць на полі. Лік адкрыў на 32-й хвіліне Дзмітрый Харнаўцаў. Знаходзячыся на правым фланзе паміж цэнтрам і штрафной пляцоўкай, паўабаронца перахапіў мяч, які варатар гасцей адпраўляў сваім ігракам чамусьці нізам. Такім чынам Дзмітрый меў некалькі варыяцый зыходу нечаканай атакі, але абраў самы просты і, як аказалася, надзейны варыянт штурму варот. Другім крананнем Харнаўцаў трапна адправіў мяч у бліжэйшую да сябе дзявятку метраў з трыццаці. Варатар, здаецца, і кінуўся да мяча пасля няўдалага розыгрышу, але гэта быў хутчэй скачок адчаю – першы нумар “Бумпрома” натуральна не паспеў.
Праз дзесяць хвілін адносна спакойнай гульні да варот з левага фланга прарваўся Аляксей Хадневіч. Набліжаючыся, варатар, здаецца, не зразумеў, што адбылося. З-пад нагі Аляксея мяч паднімаўся высока, але быў ужо ў сетцы варот – 2:0.
Другая палова матчу мела некалькі вострых момантаў, але лік заставаўся непарушным, пакуль на 63-й хвіліне ўсё той жа Хадневіч не выканаў штрафны. Ударыўшы пад мяч, нападаючы па дузе закруціў яго вышэй сценкі, акурат у правую дзявятку. Варатар зноў адрэагаваў са спазненнем – 3:0.
Праз 15 хвілін “Шахцёр” адзначаў чацвёрты ўдалы штурм варот гамяльчан. Атрымаўшы перадачу з левага фланга, знаходзячыся на пазіцыі мяжы штрафной пляцоўкі, роўна насупраць варот, Ігар Моніч, які застаўся без апекі, у два крананні прыняў мяч і адправіў яго нізам крыху лявей цэнтра. Сухая перамога “Шахцёра” – 4:0.

 

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о