Падстаў для стварэння студыі прафесійнага мадэлінгу “XS-Look” у Петрыкаве было мноства: перамогі нашых зямлячак на прэстыжных конкурсах прыгажосці, пачынаючы ад “Палескай прыгажуні”, “Маленькай прыгажуні” і “Міс Гомельская вобласць”, працягваючы ўдзелам петрыкаўчанак у нацыянальным адборы конкурсу прыгажосці “Міс Беларусь”.
Усе гэтыя факты ў чарговы раз пераканалі нас: на Палессі хапае прыгажунь і ўжо даўно пара не саромецца і заявіць пра сябе, як гэта паспяхова робяць выхадцы са сталічных і абласных цэнтраў.
Калі ў дарослым мадэлінгу ўсё больш-менш зразумела, то што хаваецца за заслонай дзіцячага, мы даведаліся ў яго стваральніка – Наталлі Бурмістравай.

Час творчых і апантаных. У Петрыкаве працуе студыя дзіцячага мадэлінгу  “XS-Look”
– Думаючы пра мадэлінг, адразу ўяўляецца подыум, сафіты, вокладкі часопісаў з выявай дзяўчат. Што такое дзіцячы мадэлінг?
– Дзіцячы мадэлінг – гэта праца над стварэннем поўнага вобразу: знешнасці, стылю і паводзін.
Такі мадэльны бізнес развівае дзіця ў галіне моды і творчасці адначасова. Дзеці спазнаюць свет, а мы вучым іх рабіць гэта з пункту гледжання творчасці.
– Што падштурхнула да стварэння менавіта дзіцячай студыі?
– У мяне вельмі шмат энергіі, якую трэба было куды-небудзь накіраваць. Ідэі, якія прыходзілі, часам, нават ноччу, у маю галаву, прымушалі актыўна чымсьці займацца. Менавіта так я ажыццявіла летам свой творчы канцэрт. Пра школу мадэлінгу марыла з 2018 года.
Пасля таго, як мая дачка прайшла курсы ў “Крыштальнай німфе”, зразумела: я таксама магу стварыць нешта сваё, не такога маштабу, як у Гомелі ці Мінску, але сваё.
Гэтым летам канчаткова вызначылася, што буду ствараць дзіцячую студыю прыгажосці. Кансультавалася ў студыі Сяргея Нагорнага, ці можна пад яго імем стварыць студыю, але апынулася, што франшыза каштуе неверагодных грошай. Там мне прапанавалі пачаць самастойна.
Больш за тое, у мінскай студыі мне сказалі, што я магу адпраўляць на іх адрас партфоліо дзяцей. Тых, хто ім спадабаецца, будуць запрашаць для далейшага супрацоўніцтва.
Час творчых і апантаных. У Петрыкаве працуе студыя дзіцячага мадэлінгу  “XS-Look”
– З якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца?
– Зарэгістраваць ІП аказалася складана. Давялося прайсці мноства кансультацый па адкрыцці прыватнай студыі, пагутарыць з многімі прадстаўнікамі мадэльнага бізнесу. У выніку ўсё атрымалася, і я засталася задаволеная.
Як толькі з дакументацыяй разабралася, паўстала пытанне пра памяшканне. Дзе праводзіць заняткі? Мне хацелася адразу арганізаваць працу ў трох групах так, каб заняткі ішлі паралельна. Але будынка такога не знайшла.
У памяшканні КБА прапанавалі адну залу. Пагадзілася і сваю праграму па навучанні перабудавала. Цяпер дзве групы дзяцей – малодшыя і старэйшыя – займаюцца па чарзе адзін раз на тыдзень, у нядзелю.
Пустую залу КБА мне давялося крыху падрамантаваць. Новыя парты, сталы і люстэркі рабілі пад заказ.
За многія гады працы ў сферы афармлення святочных мерапрыемстваў у мяне назапасілася мноства дэкарацый, якія мы актыўна зараз выкарыстоўваем з дзецьмі для фотасесій.
На старце да маёй ідэі мадэлінгу паставіліся скептычна. Падтрымалі толькі блізкія сябры.
– Ведаю, што ў Вас працуюць педагогі па розных напрамках. Раскажыце пра гэта падрабязней.
– Правільна сказаць, праводзяць майстар-класы. Запрашаю візажыстаў, цырульнікаў, псіхолагаў, харэографаў і фатографаў. Дзеці вывучаюць асновы дэфіле, стылю, візажу, харэаграфіі, псіхалогіі, этыкету, фота- і відэапазіравання.
Навучанне праходзіць у нас у фармаце гульні. Я лічу, што навучанне праз гульню, асабліва для дзяцей малодшага ўзросту, вельмі важна. Гульня развівае крэатыў, дапамагае развіваць сацыяльныя навыкі, бо ў працэсе гульні дзеці шмат размаўляюць паміж сабой і вучацца дзейнічаць разам.
Галоўнае памятаць, што дзеці – не робаты! Калі дзіцяці не весела, яму стане сумна, і тады навучанне ператворыцца ў руціну.
Але ў той жа час трэба захоўваць баланс. Нельга толькі гуляць. Практычная частка нашых заняткаў не менш важная.

Час творчых і апантаных. У Петрыкаве працуе студыя дзіцячага мадэлінгу  “XS-Look”

– Чаму павінны навучыцца ў такой студыі дзеці?
– Хачу, каб дзеці, у першую чаргу, атрымлівалі задавальненне ад урокаў. На першым часе мне цяжка было растлумачыць некаторым бацькам, што фармат гульні на занятках толькі разнявольвае дзяцей. Мне важна, каб дзеці не баяліся фотакамеры, фатографа, давяралі яму. Менавіта таму ў пачатку мы дазваляем ім крыўляцца. Важна, каб выступленне на сцэне для іх было звычайнай справай.
Калі мы заявілі, што з майстар-класамі будуць выступаць візажысты, бацькі да гэтай інфармацыі паставіліся неадназначна, пыталі: “Будзеце вучыць дзяцей рабіць макіяж? Цi не ранавата?” Мы вучым дзяцей даглядаць за сабой, правільна мыцца, наносіць макіяж.
Быў у мяне такі выпадак. Вучаніца была супраць нанясення макіяжу. Перайграла і прапанавала ёй мяне нафарбаваць. Ёй спадабаўся працэс, у канцы ўжо яе фарбавала я. Паверце, ужо лепш прафесіяналы навучаць дзяцей фарбавацца, чым яны будуць потым рабіць гэта самі няправільна і недарэчна.
Так, малодшай групе дзяцей мы далі асновы, старэйшыя ўжо актыўна практыкуюцца ў візажнай справе.
З-за занятасці, бацькі не паспяваюць сваёй дзяўчынцы зрабіць складаную прычоску, а ёй, магчыма, хочацца быць прыгожай. Асабліва, калі дзяўчынка глядзіць відэа ў інтэрнэце, а там яе аднагодкі, нібы з салона выйшлі. Таму прычоскі мы вучым рабіць сваіх вучаніц як сабе, так і іншым. Хто ведае, магчыма, у будучым хтосьці з іх стане цырульнікам.
Якія высновы зрабілі для сябе пасля першага паказу?
– Калі мая знаёмая, прафесіянал ў сферы мадэлінгу, дала добрую адзнаку нашаму першаму паказу (паказ адбыўся напарэдадні Новага года – заўв. аўтара), я зразумела, што мая ідэя развіваецца ў правільным напрамку.
Адзін з самых распаўсюджаных стэрэатыпаў нашых людзей звязаны з тым, што мадэльны бізнес псуе дзіця. Людзі, далёкія ад гэтай сферы, часта мяркуюць, што мадэлінг робіць дзяцей самаўлюбёнымі і пагардлівымі. Настаў час, каб пазбавіцца ад стэрэатыпаў!
Дзякуючы майстар-класу Маргарыты Валодзькінай – пераможцы конкурсу “Міс Гомельская вобласць-2019” – дзеці навучыліся правільна трымаць спіну, кропку, перастрайвацца на подыуме. І для непрацяглага часу, што мы існуем, праца адбылася неверагодная.
Наступны наш крок – гэта вучыцца весці гутарку і прэзентаваць сябе на кастынгу. Тым больш, што конкурсаў у нас хапае і многім мадэльным агенцтвам палюбіліся нашы дзяўчаты.
Выказваю падзяку ўсім педагогам, якія працавалі з майстар-класамі.
Наталля Чарняўская.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о