15 лютага – Дзень вываду савецкіх войскаў з Афганістана, Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Гэта неаб’яўленая вайна працягам у 9 гадоў, 1 месяц і 19 дзён. Сёння мы ўзгадваем не толькі воінаў Афганістана, але і тых, хто аддаў сваё жыццё ў “гарачых кропках” – на паўночным Каўказе, у Джэлалабадзе, Кандагары.

Час нараджае сваіх герояўБаі заканчваюцца, але гісторыя вечная. Пайшла ў гісторыю і афганская вайна. Але ў памяці людской ёй жыць яшчэ працяглы час, таму што яе гісторыя напісана крывёю салдат і слязьмі маці.

Грамадзянскі абавязак жыхароў Беларусі – цікавіцца гэтай тэмай, вывучаць яе па меры сваіх магчымасцяў, данасіць да маладога пакалення, аднаўляць праўду трагічнага моманту нашай гісторыі ва ўсёй яе паўнаце. Амаль у кожным кутку краіны ёсць жывыя і загінулыя воіны-інтэрнацыяналісты, хто прайшоў праз гэту вайну.

У нашым аграгарадку Бабунічы таксама жывуць удзельнікі афганскай вайны. Аляксандр Бардыга нарадзіўся 2 кастрычніка 1962 года. Скончыў сярэднюю школу ў 1980 годзе. Да прызыву ва ўзброеныя сілы месяц працаваў у саўгасе слесарам. Шафёрам не бралі, бо хлопцу не было 18 гадоў.
22 кастрычніка 1980 года райваенкаматам быў прызнаны годным да страявой і накіраваны ў часць. Трапіў у вучэбку, дзе праходзіў навучанне паўтара месяцы. Рыхтавалі вадзіцеляў-механікаў БТР-60ПБ. 26 снежня з групай салдат колькасцю 700 чалавек папоўнілі рады Савецкай Арміі ў Афганістане. Прыняў ваенную прысягу.
Службу ў Афганістане Аляксандр Міхайлавіч праходзіў у 1980-1982 гадах у правінцыі Баглан, гарнізоне Пулі-Хумры, вайсковай часці 24785, у другім батальёне, вадзіцелем-механікам БТР. Прымаў удзел у ваенных дзеяннях. Удзельнічаў у баях з мяцежнікамі на тэрыторыі Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан. Абараняў трубаправод з дызельным палівам і авіяцыйным керасінам для забеспячэння 40-й арміі.

Аляксандр Бардыга з сям’ёй пражывае ў Бабунічах. Ён добрасумленна выконвае свае пасадавыя абавязкі, працуе рабочым у мясцовай школе.
Сяргей Дубік – ветэран баявых дзеянняў. Нарадзіўся 28 снежня 1968 года ў вёсцы Касішча, што на Петрыкаўшчыне. Закончыў Калінкавіцкі саўгас-тэхнікум, дзе набыў спецыяльнасць тэхніка-электрамеханіка.

Сяргей Адамавіч быў прызваны ў армію з другога курса навучання – у 1987 годзе. Трапіў у вучэбку ва Узбекістан, горад Тэрмез. Там прабыў з мая па жнівень. У вучэбцы рыхтавалі мотастралкоў і разведчыкаў.

У жніўні 1987 года на самалёце быў накіраваны ў Афганістан, гарнізон Пулі-Хумры. Службу праходзіў ў 1919 ОМСР, вайсковай часці 92053Б.
Сяргей Дубік таксама пражывае з сям’ёй у Бабунічах. З’яўляецца кваліфікаваным спецыялістам у галіне энергетыкі. Працуе ў КСУП “Запаветы Ільіча”.
Анатолій Ляшук – ветэран баявых дзеянняў. Нарадзіўся ў 1968 годзе ў вёсцы Заброддзе. Закончыў Навасёлкаўскую сярэднюю школу ў 1985 годзе. Да прызыву ў армію працаваў у саўгасе “Навасёлкі”.
У 1986 годзе прызыўнай камісіяй пры райваенкамаце быў прызнаны годным да страявой і накіраваны ў часць. Трапіў у вучэбку ў Фергану Узбекскай ССР 22 кастрыч-ніка, у вайсковую часць 48059. Там навучаўся паўгода на вадзіцеля. Пасля вучэбкі самалётам накіравалі ў Кабул, дзе і працягнуў службу. Дэмабілізаваўся ў 1988 годзе.
Анатолій Ляшук з сям’ёй пражывае ў нашым аграгарадку. Ён – вадзіцель з вялікім стажам і вопытам, заняты ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве.
Мікалай Ткачук таксама ветэран баявых дзеянняў. Нарадзіўся 8 сакавіка 1969 года ў Бабунічах. Скончыў школу ў 1986 годзе. Да прызыву працаваў у саўгасе механізатарам. З 1987 па 1988 гады служыў у Афганістане, вайсковай часці 93993 – асобнай мотастралковай брыгадзе ў Джэлалабадзе, правінцыі Нангархар, механікам-вадзіцелем БМП.

У маі 1988 года ў сувязі з пачаткам першага этапу вываду войскаў з Афганістана даслужваў ва Узбекскай ССР. Раненняў і кантузій няма.
Пасля службы працаваў механізатарам. Памёр 3 ліпеня 2007 года. Яго ўспамінаў не захавалася.
Гэтая вайна назаўсёды застанецца ў памяці. Яна будзе жыць у вершах і воінскіх песнях, нагадваючы пра непатрэбнасць вайны, пра яе трагізм і мужнасць савецкага салдата. Землякі – наш гонар!

Наталля СТРАКАЧ,
бібліятэкар Бабуніцкай сельскай бібліятэкі.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о