Ініцыятыва Міністэрства адукацыі, увасобленая ў адукацыйны праект “Школа Актыўнага Грама-дзяніна”, знайшла жывы водгук ва ўстановах адукацыі краіны. Другі год запар, кожны чацвёрты чацвер месяца для вучняў старэйшых класаў праводзіцца тэматычная інфармацыйная гадзіна. Часам у якасці запрошаных гасцей такія пазнаваўча-адукацыйныя мера-прыемствы наведваюць эксперты: кіраўніцтва раёна, знакамітыя і заслужаныя землякі, цікавыя людзі. На мінулым тыдні наш карэспандэнт разам з намеснікам старшыні раённага выканаўчага камітэта па сацыяльнай сферы Святланай Сенька завіталі ў ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Петрыкава”.

Час гонару і добрых спраў

Тэма чарговай сустрэчы – “Ганаруся сваімі славутымі землякамі”. Старшакласнікі разам з настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, класным кіраўніком 11 класа ўстановы адукацыі Аленай Пацярайла падрыхтавалі мультымедыйную прэзентацыю пра Герояў Беларусі і ўладальнікаў сёлетняй штогадовай прэміі “За духоўнае адраджэнне”. Плённая праца герояў на карысць дзяржавы, цікавыя факты біяграфіі – усё гэта заахвочвала вучняў да наступнага абмеркавання і канструктыўнага дыялогу. Старшакласнікі мелі магчымасць пераканацца ў тым, што ўсе сферы жыцця грамадства прадстаўляюць узнагароджаныя, і сёлетнія ўзнагароды – яркі доказ таго, што галоўная каштоўнасць дзяржавы – гэта людзі, якія памнажаюць славу краіны ва ўсім свеце.

“Адкрыты мікрафон” – наступны крок сустрэчы. Кожны жадаючы атрымаў магчымасць задаць пытанне Святлане Уладзіміраўне – дыялог атрымаўся надзвычай цікавы і змястоўны.

Час гонару і добрых спраў

Так, вучань 11 класа Уладзіслаў Турмовіч звярнуўся да намесніка старшыні з пытаннем: “Кім з землякоў Вы ганарыцеся?”

– Сапраўдным героем маёй малой радзімы лічу былога старшыню саўгаса “Навасёлкі” Аркадзія Сцяпанавіча Парахневіча. Менавіта пры ім наш населены пункт у свой час атрымаў сучасную двухпавярховую школу, бібліятэку, кафэ, універмаг, пажарны пост, з’явіліся ў вёсцы тратуары і многае іншае. Ведаеце, па тым часе вёска пра гэтыя аб’екты магла толькі марыць. Гэта цяпер моцныя аграгарадкі мала чым адрозніваюцца ад малых гарадоў. Не магу не прыгадаць і пра Надзею Папок і Марыну Паўтаран, упэўнена: і вы імі ганарыцеся.

“Як вы лічыце, Святлана Уладзіміраўна, чаму кіраўнік дзяржавы столькі ўвагі надае духоўнаму адраджэнню?” – спытала Ганна Лапіна, вучаніца 10 класа.
– На духоўнасці трымаецца ўсё: памяць, гісторыя, наша сучаснасць і, канешне ж, наша будучыня.

“Ці згодны Вы з меркаваннем, што героямі не нараджаюцца, а становяцца?” – пацікавілася 11-класніца Юлія Таўстунова.

– Так, безумоўна. На працягу ўсяго жыцця, перажываючы пэўныя падзеі, мы фарміруем свой светапогляд і рысы характару. Вялікія подзвігі пачынаюцца з маленькіх добрых учынкаў. Нагадаю вам нядаўні выпадак у вёсцы Курыцічы: супрацоўнік РАНС выратаваў на пажары сям’ю. Герой? Безумоўна! Таму, паважаныя старшакласнікі, імкніцеся добрымі справамі зрабіць свет вакол сябе лепшым.

Заключным крокам стала запрашэнне намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталлі Шарнацкай наведаць у суботні дзень краязнаўчы музей, у якім дэманструецца выстава гомельскага мастака Сяргея Сінякова “Гісторыя на рубяжы стагоддзяў”.

Галіна КАЗАК
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о