На мінулым тыдні ў вытворчым сектары Петрыкаўшчыны прайшоў традыцыйны Дзень кіраўніка, праводзімы пад эгідай аддзела эканомікі райвыканкама.

На сустрэчу з кіраўнікамі прадпрыемстваў прамысловасці і абслугоўвання, якая адбылася на базе ААТ “Петрыкаўскі аграсервіс” і філіяла ДП “Беларусьгандаль” у Муляраўцы,  завітаў і старшыня райвыканкама Аляксандр Наўныка.

IMG_8449

Удзельнікі семінара наведалі аб’екты на абодвух прадпрыемствах, пазнаёміліся з вытворчасцю, умовамі працы і быту работнікаў. Кіраўнікі іх расказалі пра фінансава-эканамічны стан прадпрыемстваў, выкананне заданняў сацыяльна-эканамічнага развіцця і акрэслілі перспектывы вытворчасці.

Да гонару калектываў санітарны стан у памяшканнях, арганізацыя адпачынку працаўнікоў і захаванне тэхнікі бяспекі знаходзіцца на належным узроўні: паўсюль чыста і акуратна, ёсць пакоі для прыёму ежы, душавыя, аснашчаны матэрыяламі куткі па тэхніцы бяспекі і ахове працы.

Па-рознаму ў сучасных умовах гаспадарання і ў залежнасці ад стану рынку складваецца фінансавы стан. Напрыклад, аграсервіс, у большасці накіраваны на аказанне паслуг у сельгассектары, знаходзіцца пад уплывам фінансава-эканамічных абставін у АПК: наколькі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы могуць дазволіць сабе заказваць паслугі аграсервісных арганізацый і своечасова разлічвацца за іх.

Па словах выканаўцы абавязкаў дырэктара Петрыкаўскага аграсервісу Івана Аскеркі, пры ўвогуле неблагім спектры паслуг, якія можа аказваць прадпрыемства, функцыянаванне і паступовае развіццё стрымлівае вялікая дэбіторская запазычанасць аграсервісу суб’ектаў гаспадарання за аказаныя паслугі – 2,7 мільёна рублёў. Складанае фінансавае становішча вымушае прымаць меры па скарачэнні выдаткаў і зніжэнні сабекошту прадукцыі і паслуг. У тым ліку і за кошт аптымізацыі штатаў. Яшчэ летась на прадпрыемстве працавала ў сярэднім 85 чалавек, а сёлета ўжо – 67. Вымушана зніліся і заробкі работнікаў. Хоць, адзначыў дырэктар, і прымаюцца самыя розныя меры па паляпшэнні становішча: незадзейнічаныя будынкі здаюцца і прапаноўваюцца ў арэнду, шукаюцца аб’ёмы работ.

Зараз, напрыклад, аграсервіс актыўна супрацоўнічае з генпадрадчыкам на будаўніцтве горнаабагачальнага камбіната. Карыстаецца попытам і мясцовае кафэ “Бяседа”, у тым ліку і для харчавання работнікаў прадпрыемстваў. Летась “Бяседа” прынесла ў каліту аграсервісу 127 тысяч рублёў выручкі.

Працуе і шырока прапануе па прымальных коштах прадукцыю сталярны цэх. Ёсць ліцэнзія на рамонт легкавікоў “ВАЗ”.

Не лепшыя часы зараз і для вытворцаў адносна новых відаў прадукцыі – паліўных гранул. Як паведаміў дырэктар філіяла прадпрыемства “Беларусьгандаль” Сяргей Каліцька, пры ўвогуле даволі высокай папулярнасці іх прадукцыі, асабліва ў краінах Заходняй і Цэнтральнай Еўропы, кошт прадукцыі на рынку за апошнія  гады значна ўпаў. Менавіта з-за гэтага летась вымушаны былі некалькі месяцаў фактычна працаваць на склад, каб не прадаваць пілеты ніжэй сабекошту. Пакуль сітуацыя не палепшылася напрыканцы мінулага года, на складах назапасіўся васьмімесячны аб’ём вытворчасці гранул. У кастрычніку было прынята рашэнне пра прыпыненне вытворчасці, але гэты час правялі з максімальнай карысцю – зрабілі планавы рамонт на аб’ектах, актыўна адгружалі прадукцыю.

На экспарт ідзе больш 90% прадукцыі нашага філіяла. Партнёрамі мясцовых вытворцаў з’яўляюцца кампаніі з Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Італіі, Чэхіі, Даніі. Ёсць попыт і на ўнутраным рынку.

Але, падкрэсліў Сяргей Каліцька, усё ж асноўным рэгулятарам у арганізацыі вытворчасці на прадпрыемстве з’яўляецца сусветны рынак. На станоўчыя змены ў ім і галоўныя спадзяванні.

Па прапанове начальніка аддзела эканомікі райвыканкама Алены Лявончык у рабоце семінара прынялі ўдзел намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Валянцін Рабушок і загадчык сектара сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы Таццяна Талаш. Былі абмеркаваны тэмы занятасці і захавання на вытворчасці тэхнікі бяспекі і аховы працы.

Падагульняючы вынікі работы Дня кіраўніка, старшыня райвыканкама Аляксандр Наўныка падкрэсліў, што сучасныя ўмовы гаспадарання патрабуюць сур’ёзных падыходаў да выкарыстання матэрыяльных і працоўных рэсурсаў, якія, на думку кіраўніка раёна, трэба задзейнічаць эфектыўна. Патрабаваць ад кіраўнікоў, спецыялістаў усіх рангаў і працаўнікоў максімальнай аддачы на працоўных месцах, належна стымуляваць іх працу. Вельмі ашчадна, па-гаспадарску варта адносіцца да маёмасці, шукаць варыянты выгадна задзейнічаць тэрыторыі і памяшканні. Тыя, што не эксплуатуюцца – здаваць у арэнду або прадаваць, зразумела, не за бясцэнак. Шукаць рынкі збыту прадукцыі і паслуг.

А ўвогуле, адзначыў Аляксандр Наўныка, усе павінны ведаць як аксіёму, што поспех прадпрыемства залежыць ад укладу і сумленнай працы кожнага, ад свежых ідэй і актыўнасці служб і спецыялістаў маркетынгу.

У. ЕСІПАЎ.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о