У панядзелак, 5 снежня, сусветная грамадскасць будзе адзначаць Міжнародны дзень добраахвотнікаў у імя эканамічнага і сацыяльнага развіцця, які яшчэ называюць Днём валанцёра. Пра тое, як людзі прыходзяць у валанцёрства мы пагутарылі з Аляксандрам Бандарэнкам – чалавекам, які зусім нядаўна сам меў патрэбу ў падтрымцы, а зараз ужо дапамагае людзям, што аказаліся ў няпростай жыццёвай сітуацыі.

Аляксандр родам з горада Свярдлоўска Луганскай вобласці. Там ён нарадзіўся і скончыў школу. Потым атрымаў адукацыю ў Луганскім каледжы будаўніцтва, эканомікі і права. Уладкаваўшыся горнарабочым на малой радзіме, працаваў, стварыў сям’ю і будаваў планы на будучыню, але надзею на шчаслівае жыццё перакрэслілі ваенныя дзеянні.
– Жыць ва ўмовах, калі побач чуеш выбухі, вядома, было небяспечна, таму ў 2015 годзе мы вырашылі пераехаць у Беларусь. Выбралі Петрыкаў па шэрагу прычын. Адсюль родам была цешча і тут жыве цётка маёй жонкі, таму жыллёвае пытанне на першы час было вырашана. Да таго ж мы ведалі, што ў горадзе будуецца горна-абагачальны камбінат, куды я і разлічваў працаўладкавацца. Першы наш візіт быў, так бы мовіць, азнаямляльны і, даведаўшыся пра магчымасць атрымання працоўнага месца, праз некалькі месяцаў мы з’ехалі з Луганшчыны на Гомельшчыну канчаткова.
Па-першасці нам дапамагала Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа. Мы атрымалі неабходныя рэчы, сертыфікаты на набыткі ў мясцовых крамах. Так і адбылося знаёмства са старшынёй райарганізацыі Людмілай Петуховай – чалавекам, які сапраўды мае вялікае жаданне аказваць людзям рознабаковую падтрымку і якому хочацца дапамагаць у яе нялёгкай справе, – адзначыў Аляксандр Аляксандравіч.
Мужчына звярнуў увагу і яшчэ на адну прычыну – цяжкасці на сцежцы жыцця, калі застаешся па-за бортам стабільнасці, і неабыякавасць, здавалася б, чужых людзей быццам бы памножылі адчуванне гуманнасці ў наш няпросты час.
Жонка Аляксандра, Яніна Сцепаненка, што працуе кардыёлагам у ЦРБ, падтрымала мужа ў яго валанцёрскіх пачынаннях, балазе вольны час у мужчыны ёсць – горнавыратавальнікі працуюць зменамі па графіку дзень — ноч — трое сутак адпачынку. Таму і на дапамогу жонцы ў доглядзе за трохгадовай дачушкай Машай, што нара-дзілася ўжо ў Беларусі, час ёсць.
Што да сярэднестатыстычнага дня валанцёра, то ён бывае розным: некаторыя маршруты па дастаўцы неабходнай дапамогі могуць заняць палову дня, а іншы раз удаецца справіцца і за гадзіну. Аляксандр Бандарэнка нядрэнна ведае раён, бо паездзіў па Петрыкаўшчыне, як кажуць, уздоўж і поперак: “Часцей за ўсё мы дастаўляем рэчы ў сельскія Саветы. Але даводзілася другі раз і на ферму завітаць, і па адрасе пражывання дапамогу даставіць. Сярод тых, каму мы дапамагаем – розныя людзі: перасяленцы, грамадзяне, што апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, шматдзетныя сем’і”.
Магчыма нехта і з вас, паважаныя чытачы, пажадае дапамагчы землякам у няпростай сітуацыі – для гэтага варта звярнуцца ў райарганізацыю Чырвонага Крыжа па адрасе: горад Петрыкаў, вуліца акадэміка Каралёва, 11. Але, калі вы разумееце, што не маеце часу ці магчымасці на паўнавартасную валанцёрскую дзейнасць, заўсёды можна дапамагчы грашыма ці рэчамі, тым больш, што зараз многія аднавілі свой зімні гардэроб, а былыя ва ўжытку вопратка і абутак засталіся, у большасці сваёй, незапатрабаванымі”.
Старшыня райарганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Людміла Петухова адзначыла: “Валанцёры – гэта людзі, якія добраахвотна дапамагаюць у працы нашага аб’яднання грамадзянам і іх супольнасцям. Хачу падзякаваць нашым актывістам: выхаванцам навучальных устаноў, што ладзяць акцыі і аказваюць падтрымку людзям сталага веку, валанцёрам і адказным асобам у працоўных калектывах, прадстаўнікам прыватнага бізнесу. Дзякуй хочацца сказаць і ўсім членам таварыства – з дапамогай кожнага з вас райарганізацыя сабрала за гэты год 20 тысяч рублёў і за 10 месяцаў аказала дапамогу па 92-м зваротам, 52 з якіх – звароты пра дапамогу шматдзетным сем’ям”.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о