Днямі на ўрачыстую нараду, прысвечаную 56-й гадавіне ўтварэння аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, якая праходзіла ў актавай зале РАУС, была запрошана жыхарка Капцэвічаў Таццяна Каваленка. Начальнік аддзела Мікалай Семяніцкі ўручыў жанчыне грамату за аказанне садзеяння ў своечасовым выяўленні злачынцы, а таксама грашовую прэмію.

Быць пільным патрабуе сумленне
Пазней, ужо трымаючы ў руках грамату і шыкоўны букет, Таццяна Віктараўна расказала, як была справа.
Раніцай 13 снежня яны з мужам ехалі па справах па аўтадарозе М-10. Недзе паміж Капцэвічамі і Старушкамі праехалі паўз цёмны вялікі прадмет, што ляжаў на ўзбочыне. Мы даўно ўжо звыкліся з тым, што ўзбочыны нашых дарог чыстыя, таму і кінулася сямейнай пары ў вочы гэта цёмная пляма. Адразу падумалі, што нехта выкінуў ці згубіў сумку, але нешта падказвала, што трэба вярнуцца і паглядзець.
Знаходка была жудаснай – чалавек без прыкмет жыцця. Тут жа патэлефанавалі на 102 і дачакаліся прыезду міліцыі.
Потым даведаліся, што па фрагментах пластмасы, якія там былі знойдзены, вызначылі аўтамабіль удзельніка ДТЗ – аўтафура “Вольва”. Па відэафіксатарах аператыўнікі вызначылі аўтамабіль. Вадзіцелем аказаўся грамадзянін Турцыі.
Многа гадоў Таццяна Каваленка працавала начальнікам чыгуначнай станцыі ў Капцэвічах і ў яе звычку даўно ўвайшло быць пільнай і адказнай у любым выпадку. Жанчына расказала, што гэты выпадак – далёка не першы, калі ёй даводзілася мець дачыненне да выяўлення злачынцаў.
Гадоў 15 таму, якраз 31 снежня, прыйшла на працу і звярнула ўвагу на аўтамабіль “Ака”, які стаяў каля вакзала. Для сябе адзначыла, што няма ў вёсцы такіх. Тады падумалася, што магчыма нейкі пажылы мужчына, бо такія аўтамабілі часцей за ўсё былі ў ветэранаў вайны ці людзей з катэгорыі інвалідаў, паехаў на начным цягніку, можа, у Гомель. Тут пакінуў машыну, мяркуючы, што вернецца і зноў на ёй паедзе дадому. Недзе ў 9 гадзін раніцы прыбіральшчыца прынесла да начальніка станцыі вадзіцельскае пасведчанне і пасведчанне ўдзельніка вайны, якія знайшла ў сметніку. Таццяна Віктараўна набрала 102.
Аказалася, што гэты аўтамабіль ужо ў вышуку. Яго гаспадар з Любаншчыны быў напярэдадні ноччу забіты разам са сваім сынам. Зламыснікі пасягнулі на буйную суму грошай, якую перад гэтым атрымаў ўдзельнік вайны ў якасці кампенсацыі з Германіі за выгнанне ў час акупацыі.
Як аказалася, злачынства здзейснілі два браты, таксама ўраджэнцы Любаншчыны. Памылкова спадзяваліся, што калі пераедуць у суседні раён, то заблытаюць свае сляды. У тую ж раніцу іх затрымалі ў Гомелі.
Узгадала былая чыгуначніца выпадак, калі даганяла па полі злодзея, што перад гэтым лез праз акно ў сталовую, якая стаяла насупраць вакзала. Думала, што нехта з мясцовых, а аказалася – рэцыдывіст. Потым быў выпадак, калі разам з калегамі па сувязі адсочвалі злачынцу, што забіў жанчыну ў Старушках і ішоў ўздоўж чыгункі ў Капцэвічы. Тут яго і сустрэлі праваахоўнікі.
Цяпер расказвае, што нават не думала, наколькі небяспечна тое было – быць побач са злачынцай, які не будзе разважаць пра чалавечнасць, калі яму патрэбна схавацца ад адказнасці.
У тыя гады ёй толькі дзякуй гаварылі за пільнасць і грамадзянскую адказнасць. Іншага яна і не чакала. Сённяшняя ж узнагарода – першая і таму вельмі каштоўная.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о