Быць на крок наперадзе

Праблема ўжывання наркотыкаў сярод непаўналетніх на сённяшні дзень стаіць вельмі востра і патрабуе актыўных мер з боку грамадства. Ад згубнай залежнасці гінуць дзеці, і гэтыя ціхія, павольныя смерці прымушаюць задумацца: калі быў упушчаны момант для прадухілення трагедыі?
Ужыванню наркатычных сродкаў  нярэдка спрыяюць умовы, якія мы ствараем самі. Можа і не свядома, але хіба ад гэтага лягчэй, калі ўжо позна нешта рабіць. Многія бацькі прызнаюцца спецыялістам, што сутыкнуўшыся з бядой, усвядомілі памылкі ў выхаванні: на тэму залежнасці ў сям’і размова не вялася, былі ўпэўнены, што праблема не закране іх. І на пытанне, што, вы зрабілі, каб дзіця не стала наркаманам, у маці з бацькам не было адказу. Некаторыя адкрыта думаюць, што лепш не “ўводзіць у вушы” слова “наркотык”, каб не было спакусы. Але ж гэта наіўна! Вуліца навучыць і растлумачыць па-свойму. Трагедыю прасцей прадухіліць і мы абавязаны ўжо ў раннім узросце дзяцей прадпрымаць меры, якія б засцераглі іх у будучыні ад жадання адчуць наркатычны кайф. Ёсць прабел у свядомасці дарослых і ў тым, што яны не чуюць, не давяраюць спецыялістам, якія раяць выбраць пазіцыю асабістай адказнасці за сваё дзіця і прыслухацца да парад дасведчаных людзей. Алена Слязь, псіхолаг Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ўпэўнена: не трэба чакаць пакуль бяда пастукаецца да вас у дом. Ёсць шэраг крокаў з боку бацькоў, якія дазволяць пазбегнуць непапраўнае. Самае галоўнае – знайсці час, каб пагаварыць са сваім дзіцям пра наступствы ўжывання наркатычных сродкаў, не абыходзіць тэму бокам, нават калі пагроза не навісла над сям’ёй. Калі дома пануе атмасфера любові і даверу, дзеці прыслухаюцца да вашых слоў і раскажуць пра свае праблемы і трывогі. Дзіцяці неабходна даць выбар самому вырашыць ніколі не дакранацца да смертаноснага сродку. Роля старэйшых – не забараняць, не настаўляць, а інфармаваць.
– Расказвайце пра тое,  што ад ужывання наркотыкаў наступаюць моцныя фізічныя мукі, псуецца здароўе, зніжаюцца разумовыя здольнасці. Ненадакучліва прывядзіце прыклады людзей, з якіх можна ўзяць станоўчы прыклад, каб малалетнія аналізавалі і прыйшлі да высновы, што тыя, хто спрабуе наркотыкі – не самыя крутыя. Яны самыя неразумныя. І за свой часовы парыў, няведанне ўсёй глыбіні праблемы, можна пазбавіцца будучыні, – гаворыць Алена Іванаўна
Бацькам неабходна развіваць у дзяўчынак і хлопчыкаў уласны і правільны погляд на праблему, каб яны змаглі з часам, у выпадку неабходнасці, сказаць сваё цвёрдае “не”. Але калі вы раптам  заўважылі, што вашыя блізкія сталі “ахвярай” – не хавайце праблему, ідзіце да спецыялістаў. Давайце не пераацэньваць сілу сваіх магчымасцяў і сілу волі нашых дзяцей. Мы не справімся самастойна з гэтай чумой. А каб не дапусціць бяды, трэба дзейнічаць ужо зараз. Размаўляйце з дзецьмі сёння, бо заўтра можа быць позна.

Святлана СОБАЛЕВА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о