Сёння на рахунку кожнага лесавода можна лёгка налічыць тысячы пасаджаных уласнымі рукамі дрэў. Гэта сапраўдны подзвіг, здзяйсняць які можа кожны з нас. Як гэта зрабіць, чым займаюцца леснікі і што патрэбна для таго, каб стаць спецыялістам у лясной справе, пра гэта распавядае інжынер-лесапатолаг ДЛГУ “Петрыкаўскі лясгас” Дзяніс МАКАРЭЦКІ:
— Як і любая іншая прафесія, праца лесаводаў патрабуе шмат навыкаў і ведаў, бо трэба ўмела вырашаць вялікі пералік пытанняў вядзення лясной гаспадаркі. Атрымаць адпаведныя веды можна ў шэрагу ўстаноў адукацыі краіны.
Так, вышэйшую адукацыю можна набыць у Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце альбо ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны. Сярэднюю спецыяльную адукацыю можна набыць у Полацкім дзяржаўным лясным каледжы, Гомельскім дзяржаўным політэхнічным каледжы, Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы, Бабруйскім дзяржаўным лесатэхнічным каледжы і Барысаўскім дзяржаўным каледжы.

БЫЦЬ ЛЕСАВОДАМ - БЫЦЬ КАРЫСНЫМ
Сёння лесагаспадарчыя ўстановы — гэта сучасныя, шматпрофільныя прадпрыемствы, у кожным з якіх працуюць рознапланавыя спецыялісты. Ці варта гаварыць, што гэтыя спецыялісты — учарашнія студэнты і абітурыенты, якія ўжо сёння прыносяць свой уклад па захаванні, прымнажэнні, рацыянальным выкарыстанні лясных рэсурсаў краіны? Можна з упэўненасцю сказаць, што лясная галіна не стаіць на месцы. Сёння працаваць у лесе цікава. Рэгулярна здзяйсняецца пошук і распрацоўка новых метадаў па вырошчванні пасадачнага матэрыялу для стварэння будучых лясоў, развіваюцца падыходы выкарыстання шматфункцыянальнай тэхнікі ў галіне лесанарыхтовак, адбываецца ўкараненне сучасных тэхналогій у штодзённую працу лесавода.
Гэта не проста словы. Высокі ўзровень сучаснага лесавода амаль кожнага лясгаса краіны пацвярджаецца ацэнкай незалежных міжнародных экспертаў і адпаведнымі сертыфікатамі якасці. Нашы лясгасы адпавядаюць сусветным стандартам і гэта гаворыць пра многае.
Чым будуць займацца выпускнікі, якія набылі лясную спецыялізацыю? Для кожнай пасады характэрныя свае рысы, але можна дакладна выдзяліць асноўныя накірункі: гэта арганізацыя і кіраўніцтва вытворчымі працэсамі ў лесе, правядзенне шматлікіх па прызначэнні відаў высечак, а таксама мерапрыемстваў па лесааднаўленні, нагляд за станам і аховай лясоў, кантроль за якасцю выканання лесагаспадарчых работ. Да таго, захаванне ляснога заканадаўства, вядзенне паляўнічай гаспадаркі, распрацоўка праектаў і планаў па арганізацыі і вядзенні лясной гаспадаркі, распрацоўка нарматыўнай дакументацыі, навуковая і інавацыйная дзейнасць. Таксама гэта можа быць работа, звязаная з распрацоўкай тэхналогій і ўдасканальваннем тэхнікі лясной прамысловасці. А, магчыма, нехта з абітурыентаў пажадае стаць спецыялістам у галіне турызму і садова-паркавага будаўніцтва? Спектр дзейнасці і прафесій у лясной галіне велізарны, і таму кожны, пры жаданні, знойдзе для сябе нешта блізкае.
Немалаважным з’яўляецца і ўзровень попыту на спецыялістаў лясной гаспадаркі: ён стабільна высокі, а з развіццём галіны працягвае расці. Цяперашняя армія лесаводаў прадстаўлена такімі прафесіямі, як ляснік, майстар лесу, памочнік ляснічага, ляснічы. Існуе шэраг інжынерных і кіруючых пасад, а таксама спецыялізацый у галіне лясной прамысловасці і дрэваапрацоўцы. Для кожнай дзейнасці вучэбныя ўстановы прадставяць патрэбную спецыяльнасць, пры атрыманні якой цяперашнія абітурыенты змогуць працаўладкавацца ў адпаведныя лесагаспадарчыя ўстановы і тым самым зробяць свой унёсак у развіццё лясной галіны краіны і Петрыкаўшчыны.
Падрыхтавала І. АЛЯКСАНДРАВА.
Фота з інтэрнэт-крыніц.
На здымку: Бронзавы помнік ляснічаму ў Мінску каля БДТУ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о