Адразу адзначу, што Уладзімір Кулеш выглядае значна мала-дзейшым за свае гады. Напачатку я нават не паверыў, калі суразмоўца пачаў пералічваць арганізацыі і колькасць адпрацаваных у іх гадоў: “Каля 11 у калгасе “Бальшавік”, 8 – у райспажыўтаварыстве, а летам будзе 12 гадоў, як ён працуе ў “Беларусьгандлі”.

“Быць кіроўцам у мяне ў крыві”Уладзімір Кулеш ураджэнец Курыцічаў. У свой час скончыў курсы ДТСААФ і паспеў каля года папрацаваць вадзіцелем на мясцовым сельгаспрадпрыемстве. У арміі таксама два гады быў кіроўцам, а калі адслужыў – уладкаваўся на былое месца. З развалам СССР дрэнна стала і з працай. Уладкаваўся вадзіцелем у Рай-спажыўтаварыства.
– Яшчэ ў час працы ў калгасе я стварыў сям’ю і мы перабраліся жыць на радзіму жонкі – у Смятанічы, дзе мая Таццяна Мікалаеўна і па сёння працуе ў школе настаўніцай пачатковых класаў. З’явіліся дзеткі і, зразумела, ездзіць у Петрыкаў кожны дзень было далекавата. Нарэшце я працаўладкаваўся ў “Беларусьгандаль”, што ў Муляраўцы. Праз два гады мне далі новую машыну МАЗ-5501, які служыць мне ўжо 10 гадоў. Прабег майго жалезнага каня зараз складае 670 тысяч кіламетраў, што для машыны з прычэпам, лічу, не так ужо і мала. Трэба адзначыць, што для захавання нашага аўтапарку нядрэнныя ўмовы стварыла адміністрацыя: з запчасткамі праблем няма, заяўкі робяцца своечасова і з аплатаю мы ніколі праблем не маем. Таму рамонты і планавыя замены можна рабіць у кароткія тэрміны, – падзяліўся Уладзімір Міхайлавіч.

У сям’і Кулеш трое дзетак. Бацька сціпла адзначае, што старэйшыя атрымалі вышэйшую адукацыю, малодшы сын у хуткім часе таксама стане ўладальнікам запаветнага дыплому. Старэйшая дачка Наталля выкладала ў Мазырскім медыцынскім каледжы, а зараз знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за дзіцям. Сярэдні сын Андрэй вырашыў звязаць свой лёс з вайсковай справай, скончыў ваенную кафедру Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транпарту, пяць гадоў служыў у Гомелі, а зараз пераведзены ў Мінск. Малодшы сын Ілья, што з дзяцінства катаўся з бацькам на грузавіку, зараз заканчвае Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт.

Што да працоўнага распарадку, то жыццё кіроўцы не заўсёды прадугледжвае вяртанне дадому ў адзначаны час. Уладзімір Кулеш працуе на шчэпавозе, возіць тырсу, з якой потым ствараюцца пілеты – прэсаваныя гаручыя матэрыялы, што шырока распаўсюджаны для растопкі.

– Раней мы працавалі па вобласці. Зразумела, даводзілася выязджаць а 6-ай гадзіне, вяртацца пасля 8-мі вечара. Зараз нашыя маршруты ў большасці сваёй пралягаюць па раёне, пачынаем у 8-м, а там ужо трэба глядзець па працы. Хто быў кіроўцам грузавой машыны – ведае, што часам трэба перавезці больш сыравіны, пачакаць сваёй чаргі на пагрузцы. Але дамашнія мае ўсе звыкліся, падтрымліваюць. Ведаеце, быць кіроўцам у мяне ў крыві. Былі моманты, калі запрашалі працаваць у розных галінах, але атрымліваецца так, што за ўсё сваё жыццё прафесіі вадзіцеля я так і не змяніў, – адзначыў Уладзімір Кулеш.
Дзякуй вам за шчырую размову, Уладзімір Міхайлавіч. Жадаем вам моцнага здароўя, дабрабыту і прафесійных поспехаў!

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о