26 гадоў прысвяціў органам аховы правапарадку Уладзімір Шэвель. Днямі калектыў аддзела ўнутраных спраў райвыканкама праводзіў яго на заслужаны адпачынак. Начальнік аддзела Мікалай Семяніцкі падзякаваў Уладзіміру Міхайлавічу за сумленную працу, ад імя калектыву ўручыў сённяшняму ветэрану падарункі.

Былых участковых не бывае

Службу ў міліцыі Уладзімір Шэвель пачаў ва ўзводзе аховы ў Мышанцы адразу, як вярнуўся са службы ў арміі. Потым завочна закончыў Магілёўскі каледж МУС і перайшоў на пасаду ўчастковага інспектара. Пціцкі, Конкавіцкі, Мышанскі, Петрыкаўскі сельскія Саветы многа гадоў былі зонай яго абслугоўвання. Хаця сам жыве з сям’ёй у Мышанцы, па першым сігнале быў па выкліку там, дзе ў ім мелі патрэбу, дзе чакалі яго дапамогі.
– Складаная не тэрытарыяльная аддаленасць, а ўменне працаваць з людзьмі, – дзеліцца думкамі Уладзімір Міхайлавіч. – Цяжка з тымі, хто не лічыць закон бездакорным для выканання, без патрэбнай павагі ставіцца да лю-дзей у міліцэйскай форме. Такая праца выпрацоўвае стрыманасць. Я заўсёды імкнуўся зразумець чалавека, адносіцца да яго з павагай. Гэта дапамагала ўмацоў-ваць у тым ліку і аўтарытэт міліцыі, кожнага праваахоўніка.
Для калег Уладзімір Шэвель – аўтарытэт. Яго рашучасці і ўменню імгненна і правільна рэагаваць у экстраннай сітуацыі зайздросцяць. Гэта і не дзіўна: ён адзіны ў калектыве, хто трапляў у сітуацыі, калі даводзілася выкарыстоўваць табельную зброю. Прычым, як потым паказала праверка, такая мера была адзінай правільнай. Некалькі гадоў таму мы пісалі як Уладзімір Шэвель спыніў злодзея, які імкнуўся трапіць ноччу ў магазін ў Мышанцы. Участковы сам атрымаў раненні, але злачынцу спыніў. За некалькі гадоў да гэтага ў Пцічы давялося яму адбівацца ад нецвярозых хуліганаў. І зноў Уладзімір Міхайлавіч дзейнічаў у рамках дазволенага законам.
Некалькі дзён на заслужаным адпачынку яшчэ не былі свабоднымі ад працы. Закончыў з ўсімі дакументальнымі справамі. Ды і тэлефонныя званкі ад жыхароў яго ўчастка не спыняюцца. Яго нумар, як гаворыць былы ўчастковы, ёсць літаральна ў кожнага. Сёння на яго пост заступіў новы інспектар – Андрэй Грамовіч. Але звяртаюцца многія па старай памяці да Уладзіміра Міхайлавіча.
– Зразумела, што нумар мяняць не буду, – гаворыць мужчына. – Рады буду любому дапамагчы, цяпер, праўда, парадай. Тым больш, што пакуль я свабодны, яшчэ не вызначыўся, чым займуся далей. Цяпер будзе час заняцца сям’ёй, якая ўсе гэтыя гады была мне на-дзейным тылам, дапамагала, падтрымлівала і была побач.
На развітанне ў час урачыстасці ветэран РАУС пажадаў былым калегам годна спраўляцца са сваімі абавязкамі, не апускаць рукі ні ў якіх сітуацыях, сямейнага дабрабыту і падтрымкі.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о