Нават цяжка паверыць, што з малюсенькага насення вырастаюць велічныя елкі і сосны, якія, пры спрыяльных умовах, дажываюць да 600 гадоў. Які б там караед не нападаў на лес, а нашы лесаводы заўсёды гатовы да любой непрадказальнай сітуацыі. У запасе – безліч маладых сеянцаў, якія перыядычна папаўняюць пашкоджаныя і высечаныя ўчасткі.

Менавіта з гэтай мэтай у 2012 годзе быў створаны лесагадавальнік недалёка ад Петрыкава. Днямі я чарговы раз завітала туды, каб паназіраць за гэтай зялёнай прыгажосцю. Ведаю, колькі гэта карпатлівай працы трэба ў летні сезон, адна праполка і паліў чаго вартыя. Так і ёсць: на кукішках работнікі праполваюць гэтыя пяштотна-зялёныя рады. А ў іх расце не толькі сасна ды елка. Тут і мяккалісцевыя пароды дрэў – клён, ясень, вольха, бяроза павольна калышуцца пад подыхам летняга ветрыка. У адной з цяпліц падрастае цар нашага лесу – дуб. Яго вырошчваюць у спецыяльных стаканчыках, каб каранёвая сістэма была закрытая. Такім чынам дубкі лягчэй прыжываюцца.

 

БУРШТЫН СТВАЛОЎ І ЗЕЛЯНІНА ХВОІНачальнік гадавальніка Алена Бамбіза

Штодзень на веласіпедзе, кіламетраў 5-7, на працу дабіраецца начальнік гадавальніка Алена Бамбіза. Так, са слоў маладой жанчыны, хутчэй дабірацца, чым на аўтамабілі, асабліва цяпер, калі ў горадзе ідзе добраўпарадкаванне.
Алена Андрэеўна прыйшла ў ДЛГУ “Петрыкаўскі лясгас” у 2013 годзе. Год адпрацавала лесаводам. Стварыла сям’ю, займалася выхаваннем маленькай Міланы. Пасля дэкрэтнага водпуску выйшла на працу майстрам, а са снежня мінулага года занята ў гадавальніку.

БУРШТЫН СТВАЛОЎ І ЗЕЛЯНІНА ХВОІПадрастае цар лесу – дуб

За плячыма вучоба ў Гомельскім ліцэі, Віцебскім каледжы. Цяпер завочна набывае вышэйшую адукацыю ў сталічным БДТУ, і ўсё па спецыяльнасці “лясная гаспадарка”. Муж Максім – будаўнік. Маладая сям’я пражывае ў Петрыкаве, ды і сама Алена мясцовая.

– Тэрыторыя гадавальніка каля 6 гектараў, – пачала экскурсію для мяне Алена Андрэеўна. – Тут у нас супрацьпажарны вадаём, які займае 0,5 гектара. Ёсць “ледавік” – спецыяльнае памяшканне, дзе ўтрымліваем саджанцы для запавольвання вегетацыйнага перыяду.

БУРШТЫН СТВАЛОЎ І ЗЕЛЯНІНА ХВОІ

Праполатыя рады маленькай сасны

Працуючых у гадавальніку сем чалавек разам са мной: тры лесаводы, трактарыст і два вартаўнікі. Усе яны – надзейныя і першыя мае памочнікі, але больш за іншых – Мікалай Юркавец, трактарыст. Ён тут з самага адкрыцця працуе і ведае ўсё дасканала. У счэпцы з трактарам сеялка “Egedal” занята на закладцы насення ў глебу. Паліў у гадавальніку таксама механізаваны. Участкі зямлі пад высадку саджанцаў чаргуем, некаторыя плошчы пакідаем “пад пар” – гэта значыць, даём глебе адпачыць некаторы час, а затым зноў на яе высаджваем дрэўцы.
Удзячна я Ганне Пракапенка, якая цяпер на заслужаным адпачынку. Пры ёй закладваўся гадавальнік і яна шмат парад давала карысных. Чалавек граматны і працаздольны.

Наш гадавальнік – гэта круглагадовы вытворчы працэс і тут ніколі сумна не бывае. Акрамя сеянцаў лясных парод дрэў мы займаемся і вырошчваннем дэкаратыўных дрэў і кустоўя. Дарэчы, з пачатку 2019 года рэалізавалі іх на суму ў 9 тысяч рублёў. У бліжэйшых планах – будаўніцтва яшчэ адной цяпліцы, дзе будзем чаранкаваць і вырошчваць дэкаратыўныя віды дрэў і кустоў.
Мне таксама Алена Андрэеўна паказала, што тут вырошчваюць з “экзотыкі”. Пры ўваходзе адразу кідаецца ў вочы дагледжаны міні-дэндрарый, дзе растуць туя шарападобная малая, смарагд, ядловец ніткападобны, рабіналістоўнік, спірэя, дзёран пёрысты, фарзіцыя, барбарыс, піхта, кіпарысавік ды і шмат чаго іншага.
Мне спадабаліся дрэўцы, назву якіх я раней не чула – катальпа. Лісце вялікае, нечым у малых памерах нагадвае лісце ліпы. А вось цвіце дрэва арыгінальна і пасля цвіцення фарміруе струкі, так званую фасолю. Алена расказала, што ў вышыню катальпа дасягае 4 метраў, крону можна фарміраваць, як заўгодна. Убачыла я тут і саджанцы каштанаў, якіх раней у Петрыкаве была безліч. Адзін саджанец, як аказалася, каштуе 7 рублёў. Ні многа і ні мала. І ўсё ж я так сабе падумала: чаму ў нашым горадзе няма ініцыятараў набыць саджанцы і заняць імі нейкае месца? Назваць гэтую алею ці сквер прыгожа, даглядаць за пасадкамі, прыцягваць да гэтай справы дзяцей. І няхай радуе ён нас, а потым нашых паслядоўнікаў доўгія дзесяцігоддзі. Была б добрая справа. А вы як думаеце?

А ў гадавальніку ніводнае дрэўца не застанецца не высаджаным. Тое, што не пайшло на высадку вясной, будзе выкарыстана ў асеннім дапаўненні, дзе саджанцы не прыжыліся.
Няхай гадавальнік жыве і развіваецца. А людзям, занятым у ім, моцнага здароўя, вытрымкі і новых ідэй.

Інга ГІЛЕНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о