У Канвенцыі аб правах дзіцяці сказана «… дзіцяці для поўнага і гарманічнага развіцця яго асобы павінна расці ў сямейным асяроддзі, у атмасферы шчасця, любові і разумення». Няхай нават гэта і не родная сям’я, але сям’я, якая яго любіць.
Праблема абароны правоў і інтарэсаў дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, сёння не толькі не страціла сваёй актуальнасці, але і набыла асаблівую вастрыню.

Для сямейнага ўладкавання на выхаванне дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у нашай краіне існуюць такія формы як усынаўленне, апека, прыёмная сям’я, дзіцячы дом сямейнага тыпу.
Прыёмнае бацькоўства – адносна новы від дапамогі такім дзецям. Усё часцей беларускія грамадзяне бяруць на сябе адказнасць за падрыхтоўку дзіцяці-сіроты да дарослага жыцця.

Цяпер у нашым раёне існуе 15 прыёмных сем’яў, дзе жывуць і выхоўваюцца 25 непаўналетніх, а таксама ёсць 3 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу з 27 дзецьмі.
Прыёмная сям’я з’яўляецца адной з форм уладкавання дзяцей. Сямейная пара выконвае абавязкі на падставе дагавору пра перадачу дзяцей на выхаванне ў прыёмную сям’ю, які заключаецца паміж органам апекі і папячыцельства. А таксама працоўнага дагавору, заключанага паміж аддзелам адукацыі па месцы жыхарства і прыёмным бацькам. Агульная колькасць дзяцей у прыёмнай сям’і, уключаючы родных і ўсыноўленых, не павінна, як правіла, перавышаць 4 чалавекі. Дзяржава выплачвае штомесячныя грашовыя сродкі на ўтрыманне прыёмных дзяцей. Цяпер на адно дзіця выплачваецца ў сярэднім 265 беларускіх рублёў.

Прыёмныя бацькі з’яўляюцца работнікамі аддзела адукацыі, атрымліваюць фіксаваную заработную плату і маюць права на 56-дзённы адпачынак. У гэты час дзеці забяспечваюцца бясплатнымі пуцёўкамі для аздараўлення. Прыёмным бацькам залічваецца педагагічны стаж.

Дзіцячы дом сямейнага тыпу – сям’я, у якой муж і жонка (ва ўзросце ад 25 гадоў) выконваюць абавязкі па выхаванні дзяцей, агульная колькасць якіх, уключаючы родных і ўсыноўленых, не перавышае 10 чалавек. Бацькі-выхавальнікі маюць такія ж правы і абавязкі што і прыёмныя бацькі.

Аддзелу адукацыі, спорту і турызму Петрыкаўскага райвыканкама патрабуюцца на пастаянную працу прыёмныя бацькі і бацькі-выхавальнікі дзіцячых дамоў сямейнага тыпу.

Будзьце ім бацькамі
Калі вы гатовыя выхоўваць дзяцей з асаблівай лёсам, звяртайцеся па адрасе: горад Петрыкаў, вуліца Вароўскага, 5. Тэлефоны для атрымання дадатковай інфармацыі: 5-49-38; 2-69-74.

Карына АЗЁМША, дырэктар Сацыяльна-педагагічнага цэнтра.
Фота Алены БРУЦКАЙ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о