У рэдакцыю райгазеты прыйшоў калектыўны пісьмовы зварот ад жыхароў вуліцы Карла Лібкнехта райцэнтра.

У лісце грамадзяне паўторна звяртаюцца да кіраўніцтва КУП “Петрыкаўскі райжылкамгас” і раённай улады з просьбай падключыць вуліцу да цэнтральнай сістэмы каналізацыі, а таксама правесці ў кожны дом ваду і заасфавальтаваць вуліцу ад скрыжаванняў вуліцы Першамайскай да Муляраўскай з усталяваннем пешаходных дарожак. Да таго, нягледзячы на рамонт пакрыцця вуліцы ў 2017 годзе, яно стала яшчэ горшым – пасля дажджоў і ў выніку раставання снегу з-за вялікіх лужын па ёй без гумавых ботаў нельга прайсці. У большасці домаўладанняў дажджавая і талая вада затапляе агароды і нават стаіць пад падлогай. Усяго пад зваротам падпісаліся 19 чалавек.
Згодна з дзеючым заканадаўствам днямі з жыхарамі вышэйпазначанай вуліцы з мэтай дэталёвага вывучэння праблем і пошукаў выйсця ў іх вырашэнні быў арганізаваны сход. У ім прынялі ўдзел начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Дзмітрый Прыходзька, выконваючы абавязкі дырэктара КУП “Петрыкаўскі райжылкамгас” Юрый Кузняцоў, а таксама кіраўнікі падраздзяленняў райжылкамгаса.
Заяўнікам па кожным пункце іх звароту былі дадзены адказы. Так, пракладанне па вуліцы сістэм каналізацыі не ўяўляецца магчымым па тэхнічных прычынах. Зараз у кожным домаўладанні маюцца так званыя выграбныя ямы. З гэтай прычыны кіраўніцтвам райжылкамгаса быў патлумачаны парадак заказу асенізатарскай машыны для выпампоўвання названых ям. Паслуга гэта аказваецца на платнай аснове.
Што датычыць затаплення агародаў, жыхарам тасама быў дадзены абгрунтаваны адказ. Адвод такой вады на гэтай вуліцы ажыццяўляецца ліўнёвымі канавамі, якія размешчаны па межах домаўладанняў. Апошнія ў бліжэйшы час будуць даследаваны спецыялістамі райжылкамгаса на прадмет засмечанасці.
Станоўчы адказ быў дадзены жыхарам наконт падвядзення да домаўладанняў вады. Па вуліцы пракладзена водаправодная сетка, таму з гэтым праблем не ўзнікне. Юрый Кузняцоў запэўніў грамадзян, што як толькі ўсталюецца спрыяльнае надвор’е, адразу ж пачнуцца і адпаведныя работы. Аднак увод вады ў дамы ажыццяўляецца на платнай аснове за кошт сродкаў домаўладальнікаў.
Іншая справа – асфальтаванне вуліцы. Сёлета на гэта сродкі не прадугледжаны, таму пытанне па магчымасці будзе вырашацца ў наступным годзе пры ўмове выдаткавання фінансавых сродкаў.
У ходзе сходу ў жыхароў узнікла яшчэ адно пытанне: на вуліцы расце дуб, галіны якога растуць вельмі нізка і сталі перашкаджаць грамадзянам. Прагучала просьба іх абрэзаць. Кіраўніцтва райжылкамгаса паабяцала вырашыць гэтую праблему ў найбліжэйшы час.
Дзмітрый АЛЯКСАНДРАЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о