2

Сучасная пракуратура з’яўляецца генератарам і сумесным выканаўцам з праваахоўнымі структурамі і органамі ўлады мер па скарачэнні ўзроўню злачыннасці, яе прафілактыцы. Да накірункаў працы – пракурорскага нагляду – трэба ў тым ліку аднесці забеспячэнне аховы ўласнасці людзей, бяспеку іх жыццядзейнасці, выкананне заканадаўства аб падатках, працы, жыллі і многае іншае.

Сёлета непасрэдна пракуратурай накіравана ў суд для разгляду 54 крымінальныя справы, падтрымана дзяржаўнае абвінавачванне па 50, прад’яўлена 16 іскаў у агульныя суды. Праведзены шэраг агульнанаглядных праверак, па выніках якіх вынесена па 22 прадстаўленні і прадпісанні, 15 пратэстаў, 12 асобам абвешчаны афіцыйныя папярэджанні, 42 – прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці і 20 – да адміністрацыйнай.

Але гэта толькі частка, самая бачная, працы супрацоўнікаў пракуратуры.

Напярэдадні Дня Перамогі пракуратурай праведзена праверка выканання патрабаванняў заканадаўства па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войн у Рэспубліцы Беларусь.

Нягледзячы на тое, што райвыканкамам вызначаны пералік помнікаў гісторыі і культуры і воінскіх пахаванняў, а таксама арганізацыі і прадпрыемствы, замацаваныя за гэтымі аб’ектамі, пракурорскай праверкай выяўлены шэраг парушэнняў патрабаванняў да іх утрымання.

Помнікі землякам у вёсках  Аголіцкая Рудня і Аголічы знаходзяцца ў недагледжаным стане. Агароджа аголіцкага помніка ўжо месцамі спарахнела. На тэрыторыі помніка расце трава і парасткі дрэў. Агароджы магіл Савецкага воіна ў гэтай жа вёсцы і брацкія магілы ў Беразняках даўно патрабуюць афарбоўкі, рамонту пастаментаў. Такіх жа работ патрабуе брацкая магіла ў Дарашэвічах і магіла воінаў-вызваліцеляў у Рубчы. У Барычаве з верхавіны брацкай магілы адвалілася зорка. Былі таксама вызначаны парушэнні ўтрымання магіл у Бабунічах, Бобрыках, Камаровічах, Хвойні.

Не ўсе пахаванні да цяперашняга часу абсталяваны дзяржаўнымі знакамі вайсковых пахаванняў. Няма іх у Аголічах, Беразняках, Капцэвічах, Брынёве, Дарашэвічах. У Хвойні на помніку Шаркова не нанесены імёны пахаваных.

За два дні рэйдавых выездаў работнікамі пракуратуры былі наведаны больш 30 населеных пунктаў раёна, правераны стан больш 40 месцаў пахаванняў і помнікаў.

Як адзначыў пракурор раёна Сяргей Балахонаў, падводзячы вынікі праверкі, такія парушэнні могуць стаць прычынай знішчэння вайсковых пахаванняў і помнікаў ваеннай гісторыі. І пракурорская праверка мае мэтай прыцягнуць увагу да праблемы грамадскасці і адказных за захаванне гэтых аб’ектаў, уважлівых адносін да нашай гісторыі.

Алена БРУЦКАЯ.

На здымку:

 калектыў пракуратуры раёна.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о