8 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце з наступнага навучальнага года скароцяць тэрмін навучання па большасці спецыяльнасцей. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў першы прарэктар БНТУ Георгій Вяршына.
Паводле слоў Георгія Вяршыны, скарачэнні тэрмінаў навучання не закрануць 14 спецыяльнасцей, у тым ліку звязаных з горнай прамысловасцю, атамнай энергетыкай. «Што датычыцца тэхналагічнага, эканамічнага, бізнес-напрамкаў, то вучэбныя планы перапрацоўваюцца. Ужо з наступнага года тэрмін навучання на спецыяльнасцях гэтых профіляў стане меншы. Такая магчымасць з улікам укаранення ў навучальны працэс інфармацыйных, лічбавых тэхналогій ёсць», — сказаў першы прарэктар.
Як паведамлялася, у пачатку гэтага года міністр адукацыі Ігар Карпенка ў размове з журналістамі анансаваў скарачэнне тэрмінаў навучання па некаторых спецыяльнасцях ва ўстановах вышэйшай адукацыі. У Беларусі ўжо практыкуецца падрыхтоўка спецыялістаў на працягу 4-4,5 года. Але, як адзначаў міністр, ёсць яшчэ амаль 50 спецыяльнасцей, дзе можна прадугледзець перавод на такі ж тэрмін навучання.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о