У Беларусі надвор’е заўсёды радуе сваёй разнастайнасцю. Ну як радуе, ставіць цябе перад фактам, што сёння трэба апрануць не белую і лёгкую, а чорную і цёплую сукенку.
Не толькі надвор’е дыктуе свае модныя правілы, але вадзіцелі аўтамабіляў… калі нясуцца на хуткасці, забываючы, што пасля дажджу на дарогах застаюцца лужыны, а яны маюць уласцівасць разлятацца ў бакі і апырскваць мінакоў.
І ты, быццам гераіня Кэры Брэдшоу, толькі расчыняеш шырока рот і разводзіш рукамі, уся мокрая. І тая лёгкая ружовая сукенка, што на табе сёння, не такая ўжо і ружовая.

Я вырашыла высветліць, што трэба рабіць у такіх сітуацыях. І ці магчыма прыцягнуць да адказнасці падобных “мадэльераў”. І перш за ўсё зазірнула ў правілы дарожнага руху.
Пункт 7.2 ПДР Беларусі абвяшчае, што ўдзельнікі дарожнага руху абавязаныя “не ствараць перашкод і небяспекі для дарожнага руху, дзейнічаць добрасумленна, карэктна, быць уважлівымі і ўзаемна ветлівымі”.

На жаль, у правілах не аказалася пункта, у якім было б прапісана, што нельга абліваць вадой пешаходаў, і прадугледжвалася б пакаранне за гэта.
Выходзіць, правілы дарожнага руху вадзіцелі не парушаюць, штрафаваць за гэта іх не могуць?
У інтэрнэце пешаходы пішуць, што кіроўцы павінны быць больш уважлівымі, асабліва на пешаходных пераходах, і іх трэба караць за такі “гразевы душ”.
Аўтааматары ў сваю чаргу ўпэўнены: у такіх сітуацыях вінаватыя дарожнікі, якія несвоечасова латаюць ямы і каляіны.

Дык дзе ж шукаць праўду?
Па законе, абліты пешаход можа запатрабаваць кампенсацыі матэрыяльнай шкоды за сапсаваныя рэчы. Прычым падаць у суд як на кіроўцу, які мог бы знізіць хуткасць або аб’ехаць лужыну, але не зрабіў гэтага, так і на дарожную службу, калі на праезнай частцы былі ямы. Але факт, што цябе “выкупалі”, яшчэ трэба пацвердзіць. Доказам могуць быць сведкі або, калі чалавек патэлефанаваў у міліцыю, пратакол праверкі.

Зараз Петрыкаў актыўна абнаўляецца. Ёсць верагоднасць, што разам з добраўпарадкаваннем горада зробяць ліўневыя каналізацыі, куды будзе схадзіць вада.

Так што ёсць надзея, што вада не будзе замінаць жанчынам насіць сукенкі светлага колеру, а мужчынам белыя кашулі.

Памятка: што рабіць, калі вас аблілі брудам:
Запомніце рэгістрацыйны нумар аўтамабіля.
Пажадана разглядзець вадзіцеля (бо за рулём можа знаходзіцца не ўладальнік машыны).

Запішыце імёны, прозвішчы і нумары тэлефонаў відавочцаў.
Калі здаеце запырсканыя рэчы ў хімчыстку, захавайце чэкі. Таксама папрасіце супрацоўніка хімчысткі скласці бланк з апісаннем характару забруджванняў прынятых ім рэчаў.

Калі вам спатрэбілася медыцынская дапамога (напрыклад, прамыць вочы ад бруду), захавайце даведкі і каардынаты медработніка.
Вы маеце права звярнуцца ў суд для таго, каб пакрыць панесеныя матэрыяльныя і маральныя страты.

Будзьце акуратнымі і ветлівымі на дарогах.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о