Беларускаму саюзу  афіцэраў – 30!

Надвячоркам у пятніцу да раённага Дому культуры завітала мноства людзей у форме. Вайскоўцаў сабрала на ўрачыстасць знамянальная дата – 30-годдзе “Беларускага саюза афіцэраў”.
У холе ўстановы культуры былі падрыхтаваны тэматычныя выставы: здымкі момантаў вайсковай службы былых часоў і сучасныя фотакарткі з мерапрыемстваў грамадскай арганізацыі, літаратура, рэчы воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Урачыстасць пачалася з прамовы старшыні райарганізацыі Фёдара Жукаўца. Палкоўнік распавёў пра гісторыю стварэння “Беларускага саюза афіцэраў”, узгадаў тых, хто, на вялікі жаль, сышоў з жыцця, падзякаваў афіцэрам за адданасць Айчыне і плённую стваральную працу ў многіх галінах жыцця нашага грамадства. Асобна былі адзначаныя мерапрыемствы, дзе прынялі ўдзел афіцэры і, вядома, мэты аб’яднання: – Змены ў свеце не прывялі да паляпшэння абстаноўкі ў сферы міжнароднай бяспекі. Таму галоўная наша задача – патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, што рашуча стане на абарону інтарэсаў і незалежнасці нашай краіны, – адзначыў Фёдар Якаўлевіч.
Да віншаванняў са словамі падзякі далучылася намеснік старшыні райвыканкама Святлана Сянько: “У цяперашні час “Беларускі саюз афіцэраў” – своеасаблівая крыніца вопыту, гонару і мудрасці. Вы актыўныя ўдзельнікі ўсіх добрых пачынанняў на Петрыкаўшчыне. Вашы актывісты заўсёды ініцыятыўныя і верныя традыцыям афіцэрскага братэрства – адзначыла Святлана Уладзіміраўна.
Пачалася цырымонія ўзнагароджання. Афіцэры атрымалі Ганаровыя граматы Петрыкаўскага райвыканкама і Савета дэпутатаў, Па-дзякі райарганізацыі і юбілейныя медалі “30 гадоў Беларускаму саюзу афіцэраў”. Віншавалі людзей у форме і артысты: словы ўдзячнасці за мірнае неба па-над нашай краінай і пажаданне заставацца ў страі гучалі ўнісонам з музычнымі кампазіцыямі.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о