У канцы мінулага тыдня сродкі масавай інфармацыі шырока транслявалі навіну пра пяцісотую паспяховую трансплантацыю сэрца пацыенту РНПЦ “Кардыялогія”. Факт выклікае гонар за тое, што наша сістэма аховы здароўя рухаецца наперад і ўрачам падуладны такія высокатэхналагічныя накірункі. Падзея пацягнула за сабой шмат водгукаў сярод карыстальнікаў сацсетак і прывяла да абмеркавання айчыннай медыцыны ў больш шырокім сэнсе. Дзівіць той факт, што сустракаюцца выказванні, аўтары якіх, свята перакананыя, што ў выпадку хваробы дапаможа лячэнне толькі за мяжой. Па іх словах, там практычна пададуць “усё і адразу”. Збег абставін ці не – у прыклад прыводзяцца краіны, якія вядуць недружалюбную палітыку ў адносінах да нашай краіны. Не хочацца верыць, што праз свае палітычныя перакананні некаторыя беларусы абясцэньваюць намаганні дзяржавы ў развіцці медыцынскай галіны і працу людзей у белых халатах.

І хоць такіх выказванняў не шмат, хочацца іх аспрэчыць. Маё меркаванне – не для таго, каб пераканаць, што ў нас лепш чым дзесьці, не – нам ёсць што паказаць і чым падзяліцца, але ёсць і над чым працаваць. Для таго, каб  нагадаць некаторыя факты для суайчыннікаў, якія думаюць, што ў нас усё дрэнна, а за мяжой – лепш не бывае.
Мусіць, самае галоўнае, пра што нам не варта забываць: асаблівасць беларускай медыцыны ў тым, што тут адсутнічае прынцып “любы капрыз за вашы грошы”. Паслугі бясплатныя. Пры неабходнасці, незалежна ад таўшчыні кашалька, нам акажуць неабходную дапамогу. Прыём у тэрапеўта, хірурга, стаматолага – вам не адмовіць у абследаванні ні адзін спецыяліст. Пры гэтым агульны ўзровень медыцынскай дапамогі ў дзяржаўнай бальніцы на ўзроўні. Калі не давяраеце дзяржаўнай медыцыне і вам дазваляюць сродкі – практычна ўсе ўстановы аховы здароўя аказваюць платныя паслугі: ад палаты ў аддзяленні да неабходнага абследавання. Плюс да ўсяго, у краіне працуе дастаткова прыватных цэнтраў.

У ЗША, якія так маляўніча прыводзяць у прыклад карыстальнікі інтэрнэт, уведзена абавязковае медыцынскае страхаванне (сярэдні кошт 300 долараў у месяц) і якасць лячэння залежыць ад яе назапашвальнасці. І калі вы захварэлі без страхоўкі, то кошт лячэння непрыемна вас здзівіць. А калі вы, крый божа, зламалі нагу без страхоўкі, то прыгатуйцеся аддаць круглую суму за лячэнне. Танныя страхоўкі не заўсёды добра працуюць, таму даводзіцца даплачваць за аналізы і наведванне асобных спецыялістаў. У Беларусі такія паслугі бюджэтныя. У балтыйскіх рэспубліках – Літве, Латвіі, Эстоніі хуткая дапамога выедзе толькі ў выпадку шпіталізацыі. А ў нас! Пры неабходнасці брыгада “хуткай” з неабходнай экіпіроўкай выедзе па першым патрабаванні ў любы населены пункт незалежна ад цяжкасці выкліку.
Вядома, ёсць у нашай сістэмы аховы здароўя і нявырашаныя моманты, такія як неабходнасць лячэння некаторых хвароб за мяжой, але беларускія вучоныя вывучаюць праблемы, пераймаюць вопыт замежных калег. На шмат якія складаныя аперацыі і да нас едуць з-за мяжы. Дасягненні нашай медыцыны прызнаны на сусветным узроўні і развіццю галіны надаецца асаблівая ўвага. Таму не варта сваімі неабдуманымі выказваннямі ўносіць негатыў у грамадства. І нешта мне падказвае, што ў выпадку хваробы прыхільнікі заходняй медыцыны набяруць нумар “103”.

Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о