Уменне бачыць у навакольным цудоўнае і вучыць дзяцей перадаваць прыгажосць на паперы – гэта вялікі талент! Чалавека, які валодае такім талентам, я ведаю даўно і заўсёды дзівілася, як прыгожа яна малюе, а галоўнае – можа навучыць гэтаму маленькіх дзетак.

Бачыць прыгожаеРазмова ідзе пра педагога дадатковай адукацыі ДУА “Петрыкаўскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі” Паліну Ходзька.

– Паліна Уладзіміраўна, чаму Вы выбралі для сябе прафесію настаўніка?

– Я з дзяцінства марыла стаць настаўнікам пачатковых класаў. Неяк і не ўяўляла сябе ў іншай ролі.

– Калі Вы захапіліся маляваннем? Што стала штуршком?

– Яшчэ ў школе спрабавала сябе ў розных гуртках: фота і тэатральны ў Доме піянераў, але спынілася на гуртку малявання ў школе. Вёў гэты гурток Анатоль Моўка. Вельмі цікава праходзілі яго заняткі. Мы ляпілі з гліны, рабілі чаканку, хадзілі на пленэры, глядзелі фільмы пра вядомых мастакоў і іх карціны. Потым, яшчэ ў школе, пачала ўдзельнічаць у конкурсах і нават атрым-лівала перамогі.

– Калі Вы вызначаліся са сваёй будучай прафесіяй, то вырашылі звязаць яе са сваім захапленнем?

– Так. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 2 у 1991, паступіла ў Лоеўскае педагагічнае вучылішча на настаўніка пачатковых класаў. Там працягнула навучацца выяўленчаму мастацтву і методыцы  яго выкладання, удзельнічала ў алімпіядах.

– Скажыце, а з якога ўзросту можна навучаць дзяцей маляванню?

– У школе ранняга развіцця ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі займаюцца дзеці з 3 гадоў, у тым ліку і маляванню.

– Раскажыце пра аб’яднанне па інтарэсах “Эка-Акварэлька” якое Вы вядзеце ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.

– Там вучацца ўжо дзеці школьнага ўзросту. Мы малюем на лістах фармату А3. У асноўным гуашшу. Дзеці вучацца арыентавацца ў прасторы, развіваюць вакамер, атрымліваюць уяўленне пра тое, што такое праекцыя трохмернага малюнка на плоскасці.

– Якую параду можна даць бацькам, якія сумняваюцца: аддаваць ці не аддаваць дзіця на заняткі па маляванні?

– Трэба вучыць дзяцей бачыць прыгожае, развіваць у іх эстэтычныя пачуцці, гэта пашырыць іх духоўны свет, накіруе і ўзбагаціць асобу. Вельмі добра гэта атрымоўваецца зрабіць менавіта праз маляванне. І няхай не ўсе вырастуць вялікімі мастакамі, але мы навучым дзяцей бачыць незвычайнае ў навакольным свеце, заўважаць тое, што захопіць, здзівіць, прымусіць засмуціцца ці ўзрадавацца. Дарэчы, у дзяцей, якія займаюцца маляваннем, развіваецца дробная маторыка рук, увага, памяць, крэатыўнасць, нестандартнае мысленне, уяўленне, прасторавае і асацыятыўнае мысленне.

– Дзякуй Вам за вельмі цікавую гутарку. Жадаю Вам натхненні, поспехаў у працы.

Маргарыта Каратунова.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о