15 лютага – сімвалічны дзень. Па праваслаўным календары гэтая дата адзначана святам Грамніцы. Многія вернікі наведаюцца ў храмы, каб памаліцца перад пачаткам Вялікага паста, папрасіць прабачэння.

А яшчэ ў гэты дзень у 1989 годзе апошняя калона савецкіх войскаў пакінула тэрыторыю Афганістана. Гэтая падзея азначала для Савецкага Саюза заканчэнне Афганскай вайны, якая працягвалася амаль дзесяць гадоў і забрала жыцці больш 15 тысяч савецкіх грамадзян.

Нават тыя, хто вярнуўся жывым дадому, быў знявечаны сардэчнымі ранамі. Многія не разумелі, як жыць далей з усім тым, што давялося бачыць, у чым прымаць удзел.

Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў мы наведаліся ў вёску Фаставічы, дзе жыве адзін з   удзельнікаў і сведкаў таго ваеннага канфлікту – Мікалай Чычыкайла. Прызнаюся, што спадзявалася пачуць шчырую споведзь Мікалая Міхайлавіча. Ці была яна шчырай? Так. Але многія дэталі былі замоўчаны. Гэта адчувалася ў размове. І як я не імкнулася даведацца пра іх, Мікалай Міхайлавіч быў цвёрды, як крэмень. Толькі халодныя кроплі поту выступалі на ілбе і скронях.

Мікалай Чычыкайла

– Прызываўся на тэрміновую службу 30 сакавіка 1981 года з Салігорскага ваенкамата, бо там праходзіў вытворчую практыку пасля набыцця спецыяльнасці электразваршчыка, – пачаў свой аповед Мікалай Міхайлавіч. – Гаварылі, што служба будзе праходзіць у Германіі. Усё насамрэч было інкаш. Курс маладога байца два з паловай месяца праходзілі ў Тэрмезе (Узбекістан). Затым нас накіравалі ў паўночную частку Афганістана – Кундуз.

Малады вайсковец Мікалай Чычыкайла
Малады вайсковец Мікалай Чычыкайла
Цэлы стос гільз пасля баявых выстралаў
Цэлы стос гільз пасля баявых выстралаў

Служыў я 22 месяцы. 1981 год – самы разгар ваеннага канфлікту. Пра Афганістан нічога не ведаў, хіба што са школьнай праграмы ў межах геаграфічнай карты. Першае ўражанне было прыемнае: горы, прырода. Нягледзячы на спякоту, у гарах круглы год ляжаў снег. Мірнае насельніцтва гасціннае.  Дзеці да нас прыходзілі і мы ім давалі цукар, бо што яны там, бедныя, маглі бачыць? Ніякіх радасцяў. Вайна, страх… Снарады разрываліся. Жанчыны там былі ў паранджы, таму цяжка гаварыць пра іх знешнасць.

З Камаровіцкага сельскага Савета службу ў Афганістане праходзілі дзесяць чалавек: Аляксандр Аксёнчык, Ігар Еўдакімчык, Адам Макейчык, Васіль Дубінін, Аляксандр Малышаў, Анатоль Ермалінскі, Міхаіл Кікар, Уладзімір Макейчык і Мікалай Чычыкайла. Людміла Зобава была вольнанаёмнай. Усе яны вярнуліся дадому. На сёння з іх трое пражывае ў сельсавеце. Дарэчы, Мікалай Чычыкайла вярнуўся з Афганістана сяржантам. Мае медаль “Ад удзячнага афганскага народа”, юбілейныя медалі. Дзякуй Вам за мужнасць!

Шмат бачыў караванаў з вярблюдамі, нават дакранаўся да гэтай жывёлы. Яны прыгожыя. А вось змеі там страшныя: кобра, гюрза. Быў у нас адзін салдат, які іх не баяўся, лавіў. Раней ён з дзедам былі змеяловамі, здавалі ў аптэку яд.

Наша задача была – ахоўваць горад і насельніцтва. Нельга было дапускаць, каб на тэрыторыю Кундуза трапляла цяжкае ўзбраенне. З суседняга Пакістана ішлі баевікі, наркотыкі, зброя. Я быў артылерыстам-гаўбічнікам. У нашай батарэі  было 50 чалавек, з якіх двое беларусаў, украінец і рускі, астатнія – азіяты.

Ноччу мы заступалі на варту па два чалавекі, днём быў адзін. Жылі ў зямлянках, але прызвычаіліся да такіх умоў. Фізічна цяжка было пераносіць спякоту.

Абстрэлы былі ноччу. А днём суправаджалі калоны палівазапраўшчыкаў. Пераадолець 80 кіламетраў было сапраўдным выпрабаваннем: наперадзе з сабакамі ішла брыгада па размініраванні дарогі, за імі рухалася калона. Гэтую адлегласць праходзілі з 6 гадзін раніцы да 10 вечара. Выпадала, што саслужбоўцы падрываліся і  атрымлівалі цяжкія раненні, гінулі. Шмат чаго выпала пабачыць. Медыцынская дапамога аказвалася, але толькі пры нязначных раненнях, хірургаў у нас не было. Цяжкапараненых верталётам дастаўлялі ў Туркменію.

Нашай арміяй № 40 камандаваў генерал-лейтэнант Барыс Громаў. Цяпер часцяком бачу яго па расійскім тэлебачанні, ён дэпутат. Камандзірам узвода быў Юрый Бузанаў, памятаю яго добра.

Маці воіна-афганца Ніна Дзмітрыеўна
Маці воіна-афганца Ніна Дзмітрыеўна

Дома мае бацькі ведалі, куды я трапіў. Пісаў пісьмы, адказу чакаў месяц.  Маці мая Ніна Дзмітрыеўна амаль 40 гадоў адпрацавала даяркай, бацька быў інвалідам другой групы, яго ўжо няма з намі больш за 20 гадоў. Сястра Таццяна выйшла замуж і паехала ў Краснадарскі край. Там працуе правадніцай на цягніку. У яе дзве дачкі, тры ўнучкі. Ездзіў да іх і я некалькі разоў, яшчэ пры Саюзе. Яны да нас наведваюцца кожны год.

Калі ішоў на службу, то была ў мяне дзяўчына, але сувязь страцілі. Сваю сям’ю я так і не стварыў.

Ніхто не ведаў з блізкіх, калі я вярнуся. Да Масквы дабіраўся пяць сутак. Вярнуўся ў 1983 годзе. Абавязаны сваёй бабулі Варвары за тое, што яна вымаліла ў Бога, каб я вярнуўся дадому жывы. Кожныя выхадныя пехам хадзіла ў Кашэвічы ў храм, малілася за мяне. Дзякуй ёй за гэта. Хоць сам я царкву не наведваю.

Я добра разумеў, як жыць далей. Адпрацаваў электразваршчыкам 14 гадоў у гарачым цэху на светлагорскім  “Хімвалакне”. Затым вярнуўся ў родныя Фаставічы. Працаваў дзевяць гадоў жывёлаводам, крыху слесарам. Цяпер вось на пенсіі.  Жыву з маці, ёй ужо 81 год. Мая пенсія 210 рублёў і яе – крыху больш за 400. Гэта наш бюджэт. Ніколі з працягнутай рукой не хадзіў. Жыву, як умею. Зімой сумна ў вёсцы. Але хутка прыйдзе вясна, пачнуцца гаспадарчыя клопаты, агароды, пасадкі, будзе куды весялей.

Мікалай Міхайлавіч паказаў армейскія фотаздымкі. А я не прамінула спытаць яго: калі б давялося зноў служыць Айчыне вось у такіх умовах, ці адважыўся б?

– Калі б была неабходнасць, то абавязкова! Мы ганарыліся тым, што служылі Савецкаму Саюзу. Але, на мой погляд, у той час не было неабходнасці несці такія страты. Пакуль не разабраліся, што мы там не патрэбныя, то шмат людзей загінула. Там і да сёння напружаная абстаноўка.

Назіраю за сітуацыяй у Сірыі. Падтрымліваю кропку гледжання, што базы баевікоў трэба знішчаць. Нельга дапускаць, каб пакутавала мірнае насельніцтва.

Інга ГІЛЕНКА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Як расказалі ў райвыканкаме, 15 лютага ў Петрыкаве будзе праведзены мітынг-рэквіем, прадстаўнікі ўлады і грамадскіх арганізацый наведаюць месцы пахавання нашых землякоў, што загінулі на афганскай зямлі. Пачатак мітынгу ля памятнага знака воінам-інтэрнацыяналістам у 12 гадзін.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о