Сезонам вулічнага асвятлення ў населеных пунктах нашага раёна прынята лічыць перыяд з кастрыч-ніка па сакавік уключна. Гэта час, калі на вуліцы ўжо цёмна, а справы свае мы яшчэ не паспелі закончыць. Здаецца, сістэма вулічнага асвятлення адладжана і пытанняў не павінна ўзнікаць. Але ж яны ёсць і патрабуюць інфармавання.

Асвятленне ў вёсках уключылі з кастрычніка

У раённы выканаўчы камітэт у верасні, калі яшчэ той самы перыяд узмоцненага асвятлення і не настаў, двойчы звярталіся грамадзяне, жыхар Петрыкава і жыхар Мінска, пра недастатковасць вулічнага асвятлення ў аграгарадку Конкавічы. Потым, не чакаючы адказу ад раённай улады, грама-дзяне вырашылі “замацаваць” сваю праблему ў аблвыканкаме, накіраваўшы звароты і туды. Трэба пазначыць, што ў сельскі Савет яны не палічылі патрэбным звярнуцца ўвогуле. І чакаць часу разгляду звароту было ім так нецярпліва, што адзін з заяўнікаў пісаў у аблвыканкам нават двойчы. Аднак за верасень сельвыканкам, якому і давялося задавольваць патрабаванні заяўнікаў, паспеў такі даць святло туды, дзе яго так жадалі. Дарэчы, на той вуліцы Садовай цяпер вісяць 6 ліхтароў.
Чаму менавіта па ўказаным адрасе павінен быў гарэць ліхтар – справа прыватная і пра гэта гаварыць не будзем. Але патрабаванне грамадзян задаволілі. Мы ж вырашылі разабрацца: мо і праўда ў вёсках раёна не выконваюцца сацыяльныя стандарты па асвятленні вуліц.
Знешняе асвятленне ў населеных пунктах рэгламентавана тэхнічным кодэксам “Натуральныя нормы і штучнае асвятленне. Будаўнічыя нормы праектавання” і пастановай Савета міністраў ад 30.05.2003 № 724 “Аб мерах па ўкараненні сістэмы дзяржаўных сацыяльных стандартаў па аб-слугоўванні насельніцтва”. Там сказана, што ў гарадах і аграгарадках павінны быць асветленымі 80% вуліц. У невялікіх вёсках на кожнай вуліцы трэба размяшчаць не менш 2 свяцільняў, а таксама дадатковыя ліхтары на сацыяльных аб’ектах. Для зусім маленькіх вёсачак дастаткова дзвюх лямпачак – на ўездзе і на выездзе з вёскі.
У нарматыўных дакументах таксама пазначаецца, што вуліч-нае асвятленне павінна забяспечыць бяспеку руху транспарту і пешаходаў. Таму аб’ём асвятлення павінен залежаць ад колькасці жыхароў, патоку транспарту і, зразумела, ад мясцовага бюджэту.
Цяпер па пытанні фінансавання. Асветленасць вуліц знаходзіцца ў кампетэнцыі мясцовых органаў кіравання – у нашым выпадку райвыканкама. Графікі асветленасці кожнага населенага пункта са схемамі ліхтароў зацвярджаюцца рашэннем райвыканкама і адпаведна таму ідзе фінансаванне гэтага артыкула. Аплата за электраэнергію, затрачаную на асвятленне вуліц, ідзе са сродкаў раённага бюджэту, таму мясцовыя ўлады маюць права вырашаць дзе і колькі бюджэтных сродкаў ператворыцца ў святло на начных вуліцах.
Ідзём далей. Схемы і графікі распрацоўваюцца сельвыканкамамі з улікам, зразумела, патрэб. Хто ж вызначае гэтыя патрэбы?
Напрыклад, у тым самым Конкавіцкім сельсавеце ёсць вёска Акрыёны, дзе пражываюць тры чалавекі і на вуліцах свецяць тры ліхтары. Прычым, графік уключэння іх распрацавалі пад патрэбы канкрэтнага чалавека, які ходзіць на працу: з 5.30 да 6.00 і з 20.00 да 23.00. Астатнія жыхары вёскі з гэтым рэжымам згодныя. Зразумела, што такая мера дае пэўную эканомію, якая накіроўваецца на іншыя патрэбы, напрыклад, на набыццё новых эканамічных лямпаў, якія прыйшоў час устанаўліваць.
Калі гаварыць пра самі Конка-вічы, то ў графіку значыцца ўключэнне асвятлення з варыяцыямі на месяц года: 17.30 – у студзені і 20.00 у сакавіку. Здаецца, што і ў іншых населеных пунктах – аграгарадках ці адносна мнагалюдных вёсках – графікі істотна не адрозніваюцца. Напрыклад, мы спыталі ў даярак з Камаровічаў ці існуе праблема з асвятленнем вуліц у іх. Няма, а жанчыны ж дабіраюцца а пятай гадзіне раніцы на працу, дадому ідуць каля поўначы. У школе тут жа расказалі, што на ўскрайніх вуліцах дзяцей няма. А тыя ўчасткі аграгарадка, дзе дзеці ідуць з вячэрніх заняткаў і секцый, добра асветленыя. І ў амбулаторыі камаровіцкай медработнікі адзначылі, што такой праблемы ў іх не існуе.
У Петрыкаўскім РЭСе пазначылі, што іх прадпрыемства з’яўляецца толькі тэхнічным выканаўцам патрэб вулічнага асвятлення. І калі ў вузел электрасетак тэлефануюць, каб паведаміць, што ліхтар перагарэў, – гэта не па адрасе. Агульную заяўку фарміруе менавіта сельскі Савет, а РЭС выязджае па графіку на месцы і брыгада працуе на выпраўленні ўсіх паломак ці ўсталяванні асвятляльных прыбораў. І важна ведаць, што мачты-слупы, паветраныя лініі і ліхтары – уласнасць менавіта РЭСа, а лямпачкі – сельскіх Саветаў. І колькі сельвыканкам праплаціць, столькі лямпачак брыгада і заменіць. Тут трэба жыхарам вёсак памятаць і пра сродкі самаабкладання, каб і ліхтары гарэлі, і агароджы не падалі.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о