У нашым раёне маецца вялікая колькасць водных аб’ектаў, якія па некалькі месяцаў у годзе бываюць пакрытыя лёдам. Трываласць ледзянога покрыва на рэках, сажалках розная ў залежнасці ад тэмпературы паветра і вады, глыбіні і плошчы акваторыі, наяўнасці снегу на лёдзе і ўмерзлых у яго прадметаў, выхаду крыніц і ўпадзення прамысловых сцёкаў у вадаёмы, хуткасці плыні ў рэчышчах рэк і г. д.
Зараз ледзяны покрыў азёр досыць трывалы для перамяшчэння пешаходаў і складае ў сярэднім каля 30 см. Пры гэтым празрыстая крышталічная частка лёду, якая нясе нагрузку, складае каля 10 сантыметраў. Разам з тым, прамеры таўшчыні лёду на рацэ Прыпяць моцна адрозніваюцца адзін ад аднаго нават на адлегласці 3 — 5 метраў і складаюць 7 — 15 см. А бліз крутых берагоў зусім утварыліся прамоіны. З прыйшоўшым цяплом, ледзяны покрыў вадаёмаў будзе хутка разбурацца пад дзеяннем цяпла, сонца, бо асноўная таўшчыня лёду ў гэтым сезоне складаецца з мёрзлага мокрага снегу. Таксама плынь вады пастаянна падмывае лёд і яго таўшчыня ў адным і тым жа месцы можа мяняцца за суткі. У сувязі з гэтым пры пераходах ракі неабходна памятаць пра сваю бяспеку.
Кожны грамадзянін, які выходзіць на лёд, павінен строга выконваць асцярожнасць. Асабліва ўважліва неабходна сачыць за дзецьмі. Нельга дапускаць катання на санках, лыжах і каньках па лёдзе, калі не вядома, што гэта месца бяспечнае. Выходзячы на лёд падчас адлігі неабходна памятаць, што выходзіць на друзлы вясновы покрыў водных аб’ектаў небяспечна для жыцця! Для таго, каб знаходжанне на вадаёме не абярнулася трагедыяй, неабходна ведаць і выконваць наступныя рэкамендацыі.
Па-першае – не выходзіць на лёд, калі яго таўшчыня стала менш 7 сантыметраў. Нават калі таўшчыня лёду падчас адлігі больш за 7 сантыметраў, то лёд ўсё адно можа прадстаўляць небяспеку, бо пры плюсавых тэмпературах на працягу трох сутак апорная здольнасць лёду губляецца на 25%. З прыходам сонечнага надвор’я лёд становіцца трубчастым і лёгка правальваецца нават пры таўшчыні ў 30 сантыметраў, пры гэтым праломваецца без патрэсквання.
Па-другое – спускацца на ледзяны покрыў і ісці па ім бяспечней там, дзе маюцца пракладзеныя сцежкі.
Па-трэцяе – калі даводзіцца спускацца на лёд першым, трэба правяраць яго трываласць ударамі пешні наперадзе сябе, калі лёд не прабіваецца і ў месцах нанясення ўдараў не выступае вада, можна асцярожна прасоўвацца наперад. Падчас адлігі неабходна памятаць, што лёд ля берага становіцца нетрывалым раней за ўсё. Зайшоўшы на яго раніцай, вечарам сысці з яго можа быць праблемай.
Падчас руху па лёдзе варта абыходзіць небяспечныя ўчасткі, пакрытыя снегам. Асаблівую асцярожнасць неабходна праяўляць у месцах выхаду на паверхню чароту, кустоў, травы, крыніц, хуткай плыні на рэчышчах і ўпадзення ў вадаёмы ручаёў.
У раёнах прамысловых сцёкаў ледзяны покрыў бывае тонкім і друзлым. Пры руху па недаследаваным лёдзе на лыжах трэба адшпіліць замкі, шлейкі мацавання лыжаў, завесы лыжных палак зняць з кісцяў рук, шлейкі заплечніка павінны быць апранутыя на адно плячо, каб у любы момант ад іх можна было пазбавіцца. Аглядаючы паверхню вадаёма, можна лёгка выявіць, напрыклад, чыстае месца, не зацярушанае снегам, – значыць тут была палонка або прамоіна, не пакрытая трывалым лёдам. Убачылі на роўным снегавым покрыве цёмную пляму – значыць тут, пад снегам, можа апынуцца нетрывалы лёд. Можна ўбачыць і тычкі, якія абазначаюць трасу на лёдзе, і такім чынам зберагчы сябе ад правальвання пад лёд.
Рыбакам не варта свідраваць, секчы шмат лунак на адным участку. Вельмі надзейна і дарэчы мець з сабой найпростае выратавальнае прыстасаванне: тонкі, дужы шнур даўжынёй каля 10 метраў. З аднаго канца – пятля, з другога – груз вагой 150 — 200 грамаў (бяспечней за ўсё – мяшочак з набітым унутр пяском). Акуратна абкручаны на груз шнур ляжыць у кішэні. Калі пад вамі праламаўся лёд, пятля зацягваецца на тулаве або руцэ, а груз кідаецца далей ад сябе ў бок ратуючага.
Грамадзяне! Пры няшчасным выпадку з чалавекам на лёдзе неадкладна прыходзьце яму на дапамогу і прытрымвайцеся наступных правіл: да месца пралому ў лёдзе не падыходзьце стоячы, а набліжайцеся лежачы, паўзком на жываце, з расстаўленымі ў бок рукамі і нагамі, інакш рызыкуеце самі праваліцца пад лёд. Калі ў вас пад рукой апынецца дошка, палка – піхайце іх перад сабой і падавайце пацярпеламу за 3-5 метраў ад правалу. Нават шалік, знятае паліто ў такіх выпадках можа выратаваць жыццё тонучаму і выратавальніку. Як толькі церпячы бедства ўхопіцца за пададзены яму прадмет, цягніце яго паўзком на бераг або на моцны лёд.
Па неасцярожнасці з кожным можа здарыцца няшчасце: можна не заўважыць палонку, лунку або трапіць на тонкі лёд. Патрапіўшы ў бяду, варта неадкладна клікаць на дапамогу. Першы, хто пачуе ваш кліч, паспяшаецца аказаць вам яе. Пакуль жа дапамога прыйдзе, старайцеся захаваць спакой, не боўтацца ў вадзе, паспрабуйце абаперціся грудзьмі на абзу лёду з выкінутымі наперад рукамі і самастойна выбрацца на лёд. Узлезшы на яго, рухайцеся лежачы, пакуль не выберацеся з небяспечнага месца.
Калі чалавек трапіў у бяду, а вы не ў сілах дапамагчы, – клічце, крычыце, рабіце ўсё магчымае, каб прыцягнуць увагу іншых людзей для аказання дапамогі.
Грамадзяне, выконвайце правілы паводзін на водных аб’ектах, бо гэта – залог вашай бяспекі! Памятайце, у час адлігі лёд, па якім вы хадзілі ўчора, сёння можа быць небяспечным і рух па ім без праверкі яго таўшчыні нясе небяспеку для вашага жыцця. А калі вы сталі відавочцам няшчаснага выпадку на водным аб’екце або самі патрапілі ў аналагічную сітуацыю і існуе магчымасць паведаміць пра здарэнне, тэлефануйце дзяжурнаму выратавальнай станцыі па тэлефоне 5-24-70, альбо дзяжурнаму МНС – тэлефон 101.
Андрэй ГАЛІЦКІ,
начальнік Петрыкаўскай выратавальнай станцыі.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о