Арганізацыі аховы здароўя будуць прадастаўляць у падатковыя органы інфармацыю аб часовай непрацаздольнасці грамадзян пры наяўнасці пісьмовай згоды апошніх. Аб гэтым паведамляе Міністэрства аховы здароўя па выніках нарады ў Міністэрстве па падатках і зборах па асобных пытаннях рэалізацыі норм дэкрэта аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства.

У ходзе нарады зацікаўленыя дзяржорганы прыйшлі да дамоўленасці аб неабходнасці зняцця сацыяльнай напружанасці па пытаннях рэалізацыі норм дэкрэта. У прыватнасці, гэта датычыцца выключэння выпадкаў прад’яўлення неабгрунтаваных патрабаванняў па выплаце збору на фінансаванне дзяржрасходаў да грамадзян, якія не мелі месца работы і перанеслі ў 2015 годзе пэўныя захворванні (траўмы), а таксама да жанчын, якія знаходзіліся пад медыцынскім наглядам у час цяжарнасці, родаў і ў пасляродавы перыяд.

У сувязі з гэтым Міністэрства аховы здароўя даручае пры звароце ў арганізацыі аховы здароўя грамадзян, якія не мелі ў 2015 годзе месца работы, забяспечыць выдачу ім неабходных дакументаў. Размова ідзе аб выпісцы з медыцынскіх дакументаў устаноўленай формы, якая змяшчае рашэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі аб наяўнасці ў грамадзяніна прыкмет часовай непрацаздольнасці за канкрэтны перыяд часу (2015 год). Гэта магчыма ў выпадках аказання меддапамогі ў амбулаторных умовах (пры вострых захворваннях, абвастрэнні або дэкампенсацыі хранічных захворванняў, аператыўных умяшанняў) і меднагляду жанчын у час цяжарнасці, родаў і ў пасляродавы перыяд (з 30 тыдняў цяжарнасці на 126 каляндарных дзён; для жанчын, якія пастаянна (пераважна) пражываюць, працуюць, праходзяць службу, вучацца на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання, — з 27 тыдняў цяжарнасці на 146 каляндарных дзён). Таксама неабходна забяспечыць выдачу эпікрызу медыцынскай карткі стацыянарнага пацыента (яго дубліката), які пацвярджае канкрэтны перыяд аказання медыцынскай дапамогі ў стацыянарных умовах.

Пры паступленні ў арганізацыі аховы здароўя запытаў падатковых органаў неабходна забяспечыць прадастаўленне інфармацыі аб наяўнасці ў грамадзян, якія не мелі ў 2015 годзе месца работы, прыкмет часовай непрацаздольнасці за канкрэтны перыяд часу (2015 год) — пры наяўнасці пісьмовай згоды грамадзян на прадастаўленне гэтай інфармацыі.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о