За апошнія два тыдні верасня ў Петрыкаўскую ЦРБ паступіла 4 дзіцяці аднаго году ўзросту з тэрмічнымі апёкамі рознай ступені. Нехта абярнуў на сябе каструлю з рысам, іншыя – чай ці проста гарачую ваду. Нагадаем, што з-за такога ж выпадку ў сакавіку 2017 года адзінаццацімесячнае дзіця памёрла ад атрыманых апёкаў. У прысутнасці маці яно перакуліла на сябе ёмістасць з гарачай вадой, прыгатаванай для мыцця посуду.

Апечаны на малацэ – папярэджаны

Апёкі кіпенем часцей за ўсё здараюцца ў ваннай і на кухні. Таму бацькам неабходна шчыльна зачыняць гэтыя памяшканні, выкарыстоўваючы недаступныя дзецям засаўкі. Нельга малых пакідаць там адных. Яны павінны ведаць правілы бяспекі побач з гарачымі прадметамі. Пакажыце ім ролікі ў інтэрнэце з дзецьмі, якія ўжо атрымалі апёк. Будзе карысна ведаць, што абпаленая скура – гэта балюча і небяспечна. Пад вашым наглядам дазвольце малому датыкнуцца да гарачага кубка, крыху цёплага праса, падставіць пальчык пад кран з гарачай вадой і хутка яго прыняць.

Частыя выпадкі сонечных апёкаў і бытавых траўмаў з кіпенем у дзяцей – вынік няўважлівасці дарослых. Памятаейце пра тое, што алгарытмы паводзін чалавека закладваюцца ў раннім дзяцінстве. Толькі ад вас залежыць, ці засвояць дзеці ўрокі бяспекі і правільнае стаўленне да стрэсавых сітуацый.
Кожная пятая траўма ў дзяцей – апёк! Часам хапае некалькі секунд, каб здарылася непапраўнае, таму дзіця павінна знахо-дзіцца пад пастаянным наглядам дарослых.

Моманты небяспекі

Калі неабходна пераносіць у руках гарачае, дзіця не павінна быць побач, тым больш не трэба яго несці на руках.
Нельга ўжываць гарачае, калі дзіця знаходзіцца на вашых каленях. Вы можаце нечакана разліць гарачую вадкасць. Акрамя таго, прасачыце, каб увесь посуд з гарачымі прадуктамі быў адсунуты ад краю стала.
Калі вы працуеце каля кухоннай пліты, дзіця не павінна знаходзіцца ў вас на руках, каб пазбегнуць дробных тэрмічных апёкаў, выкліканых кроплямі гарачага алею або пары ад гарачых страў.
Каструлі і патэльні павінны стаяць на задніх гарэлках – так дзіця не зможа дацягнуцца і апячыся або вывярнуць на сябе посуд. Не пакідайце ёмістасці з гарачай вадкасцю на падлозе.

Асаблівую ўвагу трэба адвесці кранам з вадой. Вазьміце за звычку адкрываць спачатку халодную ваду, і толькі потым – гарачую. Трэба абавязкова навучыць гэтаму і дзіця.

Абрус вельмі проста з’язджае з паверхні стала, калі яго добра пацягнуць. А за ім зваляцца талеркі і кубкі з гарачымі стравамі. Таму лепш набудзьце спецыяльныя не слізкія падстаўкі пад талеркі ці сурвэткі, якія не звісаюць са стала.

Высокую небяспеку ў сабе тоіць электрачайнік, асабліва той, які толькі што закіпеў. Нават калі вы ўпэўнены, што сам прыбор размешчаны па-за дасягальнасцю дзіцяці, усё ж праверце шнур – ці не зможа малое пацягнуць за яго і перакуліць на сябе ёмістасць з кіпнем.

Вучыце дзіця, што на кухні гуляць нельга – гэта месца для падрыхтоўкі і ўжывання ежы. І ніколі не пакідайце яго там без нагляду. Катэгарычна забаронена пакідаць малога без старэйшых у пакоях з крыніцамі адкрытага агню – камінамі, печамі – нават на імгненне.

Абавязкова старанна і далёка хавайце небяспечныя прадметы: запалкі і запальніцы, а таксама гаручыя і гарачыя вадкасці.

Усе прадметы, якія маюць паверхню накальвання – прасы, плойкі, абагравальнікі – павінны быць у недасягальных для дзіцяці месцах. Сачыце за спраўнасцю бытавых электрапрыбораў. Не размяшчайце абагравальнікі каля дзіцячых спальных месцаў.

Абавязкова спрабуйце ежу і пітво, каб пазбегнуць тэрмічных апёкаў рота ў дзіцяці. Памятайце, што ў мікрахвалевай печы яна разаграваецца нераўнамерна.

Пры купанні дзіцяці ў ванну налівайце спачатку халаднаватую, і толькі затым гарачую ваду. Перад апусканнем малога памерайце яе тэмпературу, аптымальная – 37 градусаў.

Не трэба пры першых прыкметах прастуды парыць ножкі дзіцяці ў гарачай вадзе. Скура малых вельмі пяшчотная і можа лёгка атрымаць апёкі.
Не дазваляйце дзіцяці гуляць з петардамі, феерверкамі, бенгальскімі агнямі. Не выкарыстоў-вайце іх побач з дзецьмі.

Закрывайце разеткі спецыяльнымі прыстасаваннямі, каб нічога нельга было засунуць у іх. Элек-трычныя шнуры ад прыбораў па-вінны быць у зоне недасягальнасці – дзіця можа ўзяць шнур у рот і паспрабаваць перакусіць яго.

Хімічныя апёкі не менш небяспечныя. Могуць быць выкліканыя парашкамі для чысткі, пральнымі парашкамі, растваральнікамі, ачышчальнікамі, вадкасцямі для зняцця лаку і іншым. Таму павінны быць пад замком. Калі ж дзіця паспрабавала такі сродак, то неадкладна выклікайце “хуткую” і абавязкова захавайце этыкетку з саставам хіміката – гэта дапаможа ў выбары сродкаў дапамогі.

Наталля ХОДЗЬКА,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о