Па інфармацыі на 1 студзеня 2019 года ў раёне пражывала 26369 чалавек, на 1 сту-дзеня 2018 года – 27001 (розніца не на карысць 2019 года склала 632 чалавекі). Сярод жыхароў раёна 12586 чалавек працаздольнага ўзросту – паказчык мінулага года зніжаны на 288 чалавек.

Менавіта з гэтых лічбаў пачаў сваё выступленне на пасяджэнні раённага Савета па дэмаграфічнай бяспецы, што адбылося на гэтым тыдні ў Ляскавічах, галоўны ўрач УАЗ “Петрыкаўская ЦРБ” Сяргей Забажанаў.
Праблема дэмаграфічнай бяспекі існуе на ўзроўні рэспублікі, менавіта па гэтай прычыне распрацавана дзяржаўная праграма “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь”. Мэтай нацыянальнай праграмы з’яўляецца стабілізацыя колькасці насельніцтва і павелічэнне працягласці жыцця.
У сваім выступленні Сяргей Аляксандравіч паведаміў, што ў Петрыкаўскім раёне за 9 месяцаў 2019 года (статыстыка аднаўляецца штоквартальна) нарадзілася 174 дзіцяці, да ўзроўню мінулага года на 50 дзяцей менш.
Што датычыцца агульнай смяротнасці, то па аператыўных дадзеных за 9 месяцаў 2019 года ў Петрыкаўскім раёне памерла 485 чалавек.
Пры гэтым сярэдняя працягласць жыцця па раёне склала 73 гады.
Найбольшы паказчык агульнай смяротнасці адзначаецца на тэрыторыі наступных сельскіх Саветаў: Конкавіцкага, Капцэвіцкага, Муляраўскага. У той жа час найменшы – у Мышанскім і Ляскавіцкім.

Першае месца ў структуры агульнай смяротнасці займаюць хвароба сістэмы кровазвароту.
Сяргей Аляксандравіч адзначыў, што высокі ўзровень ХСК у структуры смяротнасці звязаны, у першую чаргу, з ладам жыцця пацыентаў.

Другое месца займае анкалогія, якая значна «маладзее».

Памерла за 9 месяцаў 2018 года 43 чалавекі, за 9 месяцаў 2019 году – 55. Адзначаецца высокі працэнт анказахворванняў, выяўленых на 3 і 4 стадыях, што істотна ўплывае на прагноз і выжывальнасць такіх пацыентаў. Гэты факт звязаны з познімі зваротамі пацыентаў па медыцынскую дапамогу.На трэцім месцы траўмы, атручэнні і іншыя ўздзеянні знешніх прычын, ад якіх памерла 23 чалавекі.

За 9 месяцаў 2019 года памерла 90 чалавек у працаздольным узросце, сярод іх 80 мужчын і 10 жанчын.

Калі разгледзець смяротнасць па месяцах, то, як гавораць статыстычныя дадзеныя, у асноўным самыя высокія лічбы назіраюцца ў тыя месяцы, у якіх шмат святаў і выхадных дзён.

У дадатак да пытання дэмаграфічнай бяспекі Хрысцінай Фенно, урачом-фтызіятрам Петрыкаўская ЦРБ была агучана інфармацыя па пытанні эпідэміялагічнай сітуацыі, якая склалася ў раёне па такім небяспечным захворванні як туберкулёз. Упершыню выяўлены 3 пацыенты з актыўнай формай захворвання: 2 выпадкі захворвання выяўлены ў сельскай мясцовасці, 1 у горадзе, сярод захварэўшых 2 мужчыны і 1 жанчына. Размеркаванне выпадкаў захворвання туберкулёзам па тэрыторыі сельскіх Саветаў наступнае: Петрыкаўскі сельскі Савет – 12 выпадкаў, Мышанскі і Капцэвіцкі – 4, Ляскавіцкі – 2, Навасёлкаўскі і Конкавіцкі – 3, Камаровіцкі, Бабуніцкі, Муляраўскі, Лучыцкі, Чалюшчавіцкі – 1, Капаткевіцкі – 5.

Аб рабоце, якая праводзіцца па фарміраванні здаровага ладу жыцця сярод насельніцтва раёна, праінфармаваў прысутных Сяргей Талецкі, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Урачом псіхіятрам-нарколагам Аляксандрай Цыкуновай быў праведзены аналіз прычын і ўмоў, якія спрыяюць алкагалізацыі насельніцтва. За 10 месяцаў 2019 года ў раёне ад алкагольнага атручвання загінула 7 чалавек. На ўліку ў нарколага стаяў 1 чалавек. Сярэдні ўзрост загінуўшых склаў 53 гады, сярод іх – 86% мужчыны, 53% пражывалі ў горадзе.

На падставе гэтай інфармацыі і былі дадзены даручэнні старшыні сельскага Савета Вользе Янкевіч з боку старшыні камісіі Святланы Сенька актывізаваць сярод насельніцтва работу па своечасовым праходжанні медаглядаў і флюараграфічных абследаванняў, на якасным узроўні праводзіць мерапрыемствы міжведамаснага ўзаема-дзеяння па стварэнні здароўезберагаючага асяроддзя, а таксама праводзіць мэтанакіраваную работу з фактарамі рызыкі, прывіваць людзям неабходнасць клапаціцца пра сваё здароўе.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о