Па выніках мінулага года прафсаюзная арганізацыя ЦБП № 320 філіяла № 317 ААТ “ААБ Беларусбанк” стала пераможцай раённага конкурсу першасных прафсаюзных арганізацый.
Восем гадоў таму на пасаду старшыні пярвічкі была абрана Наталля Сінчанка. На той час яна ўжо мела немалы вопыт працы ў прафсаюзе – была яе сакратаром. Папярэднія прафсаюзныя лідары пакінулі Наталлі Анатольеўне добрую “спадчыну”: зладжаны калектыў і стопрацэнтнае членства ў прафсаюзе.

Агульныя праца і адпачынак
– Кожны чалавек, прымаючы пэўную пасаду, прыносіць нешта сваё, – расказвае старшыня прафсаюзнай арганізацыі. – Я па адукацыі педагог, на той час у мяне былі маленькая дачка і сын-школьнік. Таму я зрабіла ўпор на мерапрыемствы з удзелам дзяцей – ранішнікі, святы, паездкі, аздараўленне. Напачатку давялося нямала папрацаваць з дакументамі: вывучаць палажэнні, інструкцыі, дагаворы, якія дазвалялі нам максімальна скарыстацца ўсімі прафсаюзнымі бонусамі.
Традыцыйнымі сталі ў ЦБП правядзенне навагодніх ранішнікаў. Напачатку самастойна рыхтавалі праграмы, паміж сабою дзялілі ролі. Запрашалі дзяцей усіх супрацоўнікаў, нават спецыялісты з васьмі аддзяленняў, што працуюць цяпер на тэрыторыі раёна, прыводзілі сваіх дзяцей. Акрамя цікавага свята і забаў удзельнікі ранішнікаў атрымлівалі важкія падарункі, прызы і сувеніры, частаванні салодкага стала. На правядзенне такіх мерапрыемстваў у прафсаюзе прадугледжаны свае выдаткі, а таксама немалая сума пералічвалася з цэнтралізаваных сродкаў. Некалькі гадоў таму дзеці супрацоўнікаў банка выязджалі на рэспубліканскае навагодняе свята “Галоўная ёлка краіны”. Уся сума выдаткаў на паездку была аплачана прафсаюзам.

Агульныя праца і адпачынак

 

Штогод дзеці з нецярпеннем чакаюць святаў апошняга званка і 1 верасня, ведаючы, што для іх будуць арганізаваны мерапрыемствы і ў банку. Напрыканцы навучальнага года школьнікі прыходзяць на свята са сваімі дзённікамі, каб пазначыць, што яшчэ адно свята яны заслужылі стараннай працай. А 1 верасня адметна пасвячэннем у першакласнікі. Заўсёды такім мерапрыемствам, а таксама да Дня маці, Дня абаронцаў Айчыны, Дня абароны дзяцей разнастайнасці дадаюць конкурсы малюнкаў, канцэртныя нумары, віктарыны, акцыі і мнагае іншае. Старшыня прафсаюза адзначае, што цяпер у іх калектыве ёсць 25 дзетак. Зразумела, што масавасць на святах – звычайная справа.
– Многія з нас любяць падарожнічаць, – працягвае пералік падзей апошніх гадоў Наталля Сінчанка. – Але не заўсёды атрымліваецца знайсці час і магчымасць, каб арганізаваць сабе экскурсію ці паездку. У нашай пярвічцы такі абавязак на сябе ўзяў прафсаюз. Кожны год мы возім дзяцей на цыркавыя прадстаўленні. Былі на свяце адкрыцця фантанаў і на лядовым прадстаўленні ў Гомелі, наведвалі пастаноўкі Мазырскага тэатра. У такім выпадку прафсаюзныя сродкі ідуць на аплату транспартных паслуг, а білеты набываем за свае грошы. Некалькі гадоў таму мы былі ў Мірскім і Нясвіжскім палацах. Сёлета плануем паўтарыць гэтыя экскурсіі.
Важным момантам работы прафсаюза трэба назваць арганізацыю аздараўлення дзяцей. Па палажэнні 70% кошту пуцёўкі аплачваецца з цэнтралізаваных сродкаў банка, 10% – сродкі перашаснай арганізацыі, астатняе – выдаткі бацькоў. Двойчы на год дзеці аздараўляюцца ў “Зубраняці” і санаторыі “Случ”. Летась былі жадаючыя паехаць ў Балгарыю.

Раней, калі наш калектыў быў амаль удвая большы, мы самі арганізоўвалі экскурсійныя паездкі. Цяпер па-большасці складаем групы цэнтралізавана з вобласцю. Па палажэнні, трэць кошту экскурсійнай паездкі за межы рэспублікі аплачваецца з прафсаюзных сродкаў. Летась наша супрацоўніца ездзіла ў Карпаты. Некалькі разоў за апошняе дзесяцігоддзе нашы калегі адпачывалі на Чорным моры. Тры гады таму мне, як старшыні прафсаюза, і дырэктару нашага цэнтра Наталлі Вішнявецкай былі выдзелены заахвочвальныя турыстычныя паездкі ў Еўропу.

Сумесныя паездкі і мерапрыемствы яднаюць і згуртоўваюць калектыў. Наталля Вішнявецкая падзяляе і падтрымлівае ініцыятывы прафсаюза. Аказваецца дапамога членам прафсаюза з нагоды нараджэння дзіцяці, на юбілеі, а таксама тым, хто хварэе больш 10 дзён. Аматарам фізкультуры аплачваецца палова кошту абанемента ў спартыўную залу. Частымі ў калектыве бываюць Дні здароўя, калі супрацоўнікі разам з сем’ямі збіраюцца ў паходы на лыжах ці летам да ракі.

Спаборніцтвы, забавы для дзяцей, конкурсы і простыя нефармальныя зносіны дапамагаюць адпачыць, зняць напружанне, а таксама ўбачыць адзін у адным не толькі калег, а сяброў і аднадумцаў. Абавязковымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў становяцца і ветэраны працы. Да Дня пажылога чалавек з прафсаюзных сродкаў, цэнтралізаваных і мясцовых, выдаткоўваюцца сумы на правядзенне мерапрыемства і набыцця падарункаў для іх. Працягваюць адпачываць з працаўнікамі банка і былыя калегі – узніклае сяброўства застаецца на гады.

Кожны працоўны год насычаны падзеямі. Як і штогод, сёлета прадстаўнікі Петрыкаўшчыны паказалі сябе на галіновай спартакіядзе банкаўскіх работнікаў у Чонках, на турыстычным злёце ў Рэчыцы, сталі ўдзельнікамі творчага фестывалю “Факел памяці”. Ужо даўно вызначаны ў калектыве тыя, хто прадстаўляе цэнтр ў творчых конкурсах, спартыўных спаборніцтвах. Яны рыхтуюцца на працягу года і са сродкаў прафсаюза атрымліваюць заахвочванне.
Каб усё гэта арганізаваць, патрэбна прыкласці нямала сіл. Фінансавы бок любога мерапрыемства патрабуе стварэння вялікага пакета дакументаў. Але тое таго варта. Вынік работы відавочны – агульнае задавальненне. Тым больш, што працуем сумесна з членамі прафкама: адказным за фізкультурную работу Анатолем Дамасевічам і сакратаром-казначэем Таццянай Радзько. Справаздачы пра ўсе акцыі і мерапрыемствы размяшчаем на сайце, збіраем у сваім партфоліа.

На жаль, аптымізацыя ўносіць карэктывы ў нашу работу. У хуткім часе плануецца пераход на адзіны БІК, усе праграмы будуць цэнтралізаваныя на адзіным рэспубліканскім серверы. Аддзела аўтаматызацыі ў нашым ЦБП, дзе я працую, не будзе. Таму са шкадаваннем планую мяняць прафесію. Магчыма, вярнуся ў адукацыю. І прафсаюзная арганізацыя таксама будзе рэгіянальна аб’яднана – мы ўвойдзем у мазырскую пярвічку. Спадяюся, што напрацаваныя прафсаюзныя традыцыі не згубяцца, праца будзе працягнута.

Запісала Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о