У рамках рэспубліканскай навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” напрыканцы снежня ў Гомельскім дзяржаўным цырку адбылося свята, куды былі запрошаны 1400 дзяцей – пераможцы міжнародных, рэспубліканскіх і абласных спаборніцтваў, турніраў і конкурсаў, дзеці-інваліды, дзеці са шматдзетных, малазабяспечаных, прыёмных сем’яў, дзеці-сіраты.

Перад пачаткам цыркавога прадстаўлення гледачам была прадстаўлена навагодняя святочная праграма, адным з удзельнікаў якой стаў таксама калектыў Петрыкаўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Аквамарын”.
Яркім момантам навагодняга мерапрыемства было ўшанаванне дзесяці навучэнцаў устаноў адукацыі вобласці, якія дасягнулі значных перамог у спорце, творчасці і навучанні. Сярод дзясяткі лепшых ­­– капаткевічанка Ганна Самбук (на здымку ніжэй)

Агульная справа – агульная ўзнагарода

 

Апошнія некалькі гадоў імя Ганны абавязкова фігурыруе ў спісах пераможцаў абласных спаборніцтваў па турысцка-прыкладным мнагаборстве. А летась яна стала лепшай у асабістым заліку ў рэспубліканскіх спаборніцтвах, дзе выступала ў складзе абласной зборнай. Велатурызм, краязнаўства таксама лічацца ў спісе захапленняў дзяўчыны, якія прыносяць ёй узнагароды. І ўсё гэта не замінае быць выдатніцай у вучобе. За паўгоддзе сярэдні бал Ганны – 9.
– Вялікім гонарам для мяне было запрашэнне на гэта дабрачыннае свята, – расказвае васьмікласніца. – Мяне перапаўняла радасць і хваляванне, а таксама боязь, што штосьці пойдзе не так. Сярод прадстаўлення нас, дзесяць чалавек, запрасілі на арэну, дзе намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Прывалаў уручыў падарункі – кнігу пра Гомельшчыну, рукзак і салодкае дапаўненне да іх. Сярод тых, хто быў удастоены такога гонару былі не толькі спартсмены, але і музыканты, спевакі, майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці, юныя пісьменнікі і праграмісты розных узростаў – ад 9 да 14 гадоў. З некаторымі я нават паспела пазнаёміцца.
Знаёмства з новымі людзьмі, магчымасць убачыць новыя мясціны – акалічнасці, якія дапаўняюць захапленне Ганны турызмам. На любых спаборніцтвах яна знаходзіць новых сяброў і прывозіць дадому яркія ўражанні.
– Упершыню на заняткі аб’яднання па турызме я трапіла зусім маленькая, – узгадвае дзяўчына. – Старэйшая сястра Люда, забраўшы мяне з дзіцячага садка, прывяла з сабою ў турыстычную залу нашага Капаткевіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. І потым я чакала да чацвёртага класа, пакуль змагу запісацца туды. У нашай сям’і да спорта ўвогуле правільнае стаўленне. Сястра пасля турызму стала сур’ёзна займацца валейболам. Бацькі заўсёды нас заахвочвалі да заняткаў, тлумачылі, што менавіта цяпер, у школьныя гады, арганізм патрабуе правільных і рэгулярных фізічных нагрузак. І дапамагаюць у арганізацыі паездак каманды на спаборніцтвы.

Агульная справа – агульная ўзнагарода
Але больш за ўсё Ганна расказвала пра свайго педагога – кіраўніка турыстычнага аб’яднання Анатоля Адаміча. І ўсе свае перамогі падзяляла з ім:
– Усё дзякуючы яму. Ён умее вучыць нас так, каб не павысіць голас, не пакрыўдзіць. Калі нечага не разумеем, уздыхне і пачынае спачатку. У ім многа дабрыні, спагады і сціпласці. Мы нават не ведалі, што ў мінулым годзе яму была прысвоена вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя. Мы ім ганарымся. Анатоль Іванавіч вучыць нас не толькі турызму, але і чалавечнасці, стрыманасці, вучыць працаваць над сабой. Турыстычная дыстанцыя на спаборніцтвах патрабуе не толькі адпрацаванай тэхнікі, але і максімальнай канцэнтрацыі. Тут долі секунды могуць быць вырашальнымі. А калі бачыш сябе ў спісах пераможцаў, адчуваеш жаданне працаваць яшчэ больш і каб побач быў ён – Анатоль Іванавіч. Мае поспехі – нашы агульныя з ім. Дзякуй яму. Мы яшчэ многае зможам.
Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара і з gp.by.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о