Больш за 30 гадоў таму скончылася вайна ў Афганістане, якая ішла ўдвая даўжэй, чым Вялікая Айчынная. Вайна, за тысячы кіламетраў ад беларускай зямлі, пакінула незагойныя рубцы ў душах тых, хто праз яе прайшоў. Хлопцы з гонарам выконвалі свае задачы па абароне Дзяржаўнай граніцы СССР. Каля 700 землякоў не вярнуліся з Афганістана, больш за 2 тысячы атрымалі раненні. Баявыя ўзнагароды атрымалі 2,2 тысячы чалавек, а чацвёра ўраджэнцаў Беларусі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, які адзначаецца 15 лютага, мы сустрэліся з чалавекам, для якога гэты дзень – дзень мужнасці і смутку, Аляксандрам Кароткім. Вось яго гісторыя.

“Афганістан мне сніцца”

– Пасля таго, як скончыў 10 класаў у Калінкавічах, паступіў у Палескі саўгас-тэхнікум на электрамеханіка, – пачаў размову Аляксандр Васільевіч. – Але скончыць вучобу не змог, у 18 гадоў адразу забралі ў пагранічныя войскі, у маскоўскі пагранічны атрад на таджыкска-афганскую граніцу.
Пагранічная дзейнасць у Афганістане была доўгі час пад забаронай і яе наўмысна адводзілі ад увагі грамадскасці.
– Інфармацыя пра тое, што падраздзяленні пагранічных войскаў першымі ўвайшлі ў Афганістан і апошнімі яго пакінулі … афішавалі не так даўно. Нават бацькі не ведалі, дзе мы служылі.
Прыйшоў час аддаць належнае тым хлопцам, якія з гонарам і рызыкай свайго жыцця выконвалі задачы па абароне Дзяржаўнай граніцы СССР.
Тут Аляксандр Васільевіч прыпыніў сваю гісторыю. З іншага пакою вынес чамадан.
– Вось мой рэквізіт, – наш герой дастаў фотакарткі, якія былі зроблены ў Афганістане. На фота маладыя прыгожыя шчаслівыя хлопцы. – Мяне адправілі ў другую мотаманёўраную групу “Янгі-Кала”. Падраздзяленне было прызначана для ўзмацнення пагранічных падраздзяленняў у перыяд абвастрэння становішча на асобных участках дзяржаўнай граніцы, а таксама для дзеянняў па спыненні ўзброеных і няўзброеных правакацый, ліквідацыі незаконных узброеных фарміраванняў, у тым ліку для вырашэння любых службова-баявых задач.
Пасля фотакартак Аляксандр Кароткі паказаў нам свае ўзнагароды: медаль “За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы СССР” і медаль “Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа”.
– Першае, што мяне ўразіла – як бедна жыў афганскі народ. Дзеці амаль не мелі ніякай вопраткі. Надзявалі штосьці накшталт халата. Жанчыны не выходзілі на вуліцу без хіджаба. Антысанітарыя, адсутнасць медыцыны. Другое, што ўразіла, – замест крыжоў на магіле сцяжкі. Чырвонага, жоўтага і сіняга колераў.
Сіні сцяжок азначае, што чалавек загінуў сваёй смерцю, жоўты – адпомшчаны, чырвоны – не адпомшчаны. Калі загінуў сваяк – за яго абавязкова трэба адпомсціць.Такія норавы гэтага народа…
Адна справа – родная краіна з яе лясамі і палямі, другая – дзяржава з гарамі, з тэмпературай аж да 50 градусаў у летні перыяд. Памятаю, у першыя дні з 12 гадзін да 16 мы сядзелі ў палатках – такая была спякота. Людзі падалі ад сонечных удараў.
Тут Аляксандр Васільевіч зрабіў паўзу, глыбока ўздыхнуў.
– У Афганістане я прабыў 76 дзён. За гэты час зразумеў, наколькі каштоўнае жыццё, выратаваць у цяжкіх умовах могуць сяброўства і ўзаемадапамога…
У горных частках мясцовасці ваенныя дзеянні вяліся практычна ўвесь час. Ноччу пастаянна абстрэлы. Але, ведаеце, што цікава: ні разу ў мяне не ўзнікла думка, што я магу загінуць. У гэта просто нельга было паверыць. Але ўсё роўна было страшна. На любой вайне страшна…
– Курыць забаранялася, – канстатаваў Аляксандр Васільевіч. – Па агеньчыку баевікі вылічалі чалавека. Афіцэр пайшоў правяраць пасты, сеў на кукішкі, закурыў – паўкалена адстралілі.
Аднойчы было дадзена заданне – вылічыць, адкуль перадаюць радыёсігналы, і пеленгаваць душманскую станцыю. Адправілі два верталёты. Быў моцны туман. І нашы ваенныя гэтым скарысталіся. Але, на жаль, не ўсё удала склалася. Першы верталёт выйшаў з-за зоны туману, і ворагі выпусцілі ў яго ракету “Stinger”. Толькі адзін ваенны паспеў катапультавацца. Пілот другога верталёта, прозвішча яго было Папкоў, спусціў машыну і выратаваў гэтага чалавека.
У выніку верталёт атрымаў 48 прабоін, лётчык – званне Героя Савецкага Саюза, а парашутыст – жыццё.
Подзвігі здзяйснялі на кожным кроку. Многім афіцэрам, на мой погляд, трэба было ставіць помнікі пры жыцці.
Страт было шмат, але за часы службы ні адзін пагранічнік не быў узяты ў палон. Увогуле, горы – гэта выпрабаванне для любога чалавека. На вышыні вушы закладвала так, што некалькі гадзін нічога не было чуваць. Майстры спорту, альпіністы і хлопцы без прафесійнай спартыўнай падрыхтоўкі пакутавалі аднолькава.
Зноў Аляксандр Васільевіч глыбока ўздыхнуў.
– Калі вярнуўся дадому, тут было зусім іншае жыццё. Праз час я адвучыўся на вадзіцеля ў Гомелі. Там сустрэў сваё каханне, дзяўчыну, якая стала маёй жонкай.
20 гадоў таму нам саўгас вы-дзяліў дом у Чалюшчавічах. Тут нарадзіўся наш сын. Ён, дарэчы, скончыў Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П. В. Сухога і ўжо працуе. Якое шчасце, што маё дзіця вырасла ў мірны час і яму не давядзецца перажыць тыя жахі, якія перажывалі юнакі майго пакалення.
З таварышамі па службе мы сустракаемся час да часу. Многія з іх пражываюць у Мазыры. У мінулым годзе мы наведалі “Востраў слёз” у Мінску.
…Бывае, Афганістан мне ноччу сніцца. Частка жыцця засталася там.
Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о