IMG_5046

Чвэрць стагоддзя – сталы ўзрост для любога грамадскага аб’яднання. Актуальнасць і патрэбнасць яго для вялікай колькасці афіцэраў запасу праверана часам. Саюз афіцэраў стаў на абарону сацыяльных, маральных, прававых і палітычных правоў людзей у пагонах. Цяпер гэта аўтарытэтная ў нашым грамадстве арганізацыя, якая стаіць на галоўных ролях ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі, навучання і павышэння баявой гатоўнасці саставу беларускай арміі.

Петрыкаўская раённая арганізацыя Беларускага саюза афіцэраў была створана ў лютым 2006 года, а праз два гады зарэгістравана  і Мышанская першасная арганізацыя.

На працягу ўсёй дзейнасці арганізацыя ўцягвае афіцэраў і прапаршчыкаў запасу ў актыўную грамадскую дзейнасць, правя-дзенне акцый, сустрэч, падзей. Гэта мерапрыемствы да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, Дня абаронцаў Айчыны, Дня Перамогі, Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, Дня Незалежнасці, урокі мужнасці, маладзёжныя акцыі БРСМ.

Па ініцыятыве ці пры ўдзеле Саюза афіцэраў у раёне былі ўсталяваны памятныя знакі ў гонар ваенных маракоў і марскіх лётчыкаў Дняпроўскай і Пінскай ваенных флатылій, інфармацыйныя дошкі ў гонар 396 ракетнага палка 33 ракетнай дывізіі РВСН і асобнага авіяатрада Дняпроўскай, а затым авіяэскадрыллі Пінскай ваеннай флатыліі, дошка ў гонар Героя Савецкага Саюза капітана Васіля Грачышнікава, манеўровай базы Пінскай і Дняпроўскай ваенных флатылій у Дарашэвічах.

Наша арганізацыя выступала са зваротам да грамадскасці пра збор сродкаў на завяршэнне будаўніцтва мемарыяла ва ўрочышчы “Пяскі” пад Полацкам. Пэўная сума на гэтыя мэты была пералічана з членскіх узносаў афіцэраў раёна.

Трэба адзначыць пастаяннае і цеснае супрацоўніцтва з раённай арганізацыйнай структурай   ДТСААФ, установамі адукацыі, у тым ліку ў час летняй аздараўленчай кампаніі і ў правядзенні вучэбна-палявых збораў, ваенна-патрыятычных мерапрыемстваў, прафарыентацыйных сустрэч. БСА выступаў арганізатарам працоўнага дэсанта на тэрыторыі музея Дзеда Талаша, быў удзельнікам перапахаванняў загінулых воінаў у Колках, Пцічы, Курыцічах, Конкавічах.

У 2015 годзе Петрыкаўская арганізацыя Беларускага саюза афіцэраў разам са Жлобінскай і Мазырскай за высокую выніковасць работы была ганаравана Граматай абласнога савета БСА.

Самую актыўную пазіцыю ў арганізацыі займаюць яе сакратар маёр у адстаўцы Анатоль Молін, старшыня Мышанскай першаснай арганізацыі БСА маёр у адстаўцы Уладзімір Раманюк, старшыня раённай арганізацыі ветэранаў падпалкоўнік у адстаўцы Міхаіл Сойма, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане падпалкоўнік у запасе Мікалай Жукоўскі, ваенны камісар падпалкоўнік Аляксандр Адамоўскі.

За шматгадовую актыўную работу і асаблівыя заслугі ў пытаннях умацавання арганізацыі звання “Ганаровы член Беларускага саюза афіцэраў” быў удастоены Уладзімір Раманюк і аўтар гэтых радкоў. Яшчэ дванацаць членаў арганізацыі ганараваны нагрудным знакам “За актыўную работу ў БСА”.

Пра дасягненні і паспяхова выкананыя задачы апошніх пяці гадоў мы падрабязна будзем гаварыць на ўрачыстасці з нагоды юбілею 22 верасня ў 15 гадзін у раённым Доме культуры. Многія фінансавыя пытанні ў падрыхтоўцы мерапрыемства раённай арганізацыі дапамаглі вырашыць прадстаўнікі прыватнага бізнесу Уладзімір Фурман, Анатоль Мячын, Уладзімір Разумаў, Анатоль Піскун, Яўген Воранаў, Лідзія Шышкіна, прадпрыемства “Еўрагандаль”. Мы ўдзячныя ім за гэта.

Мы вызначым новыя задачы, напрамкі дзейнасці, аддзячым тых, хто пастаянна нам дапамагае і падзяляе нашы мэты.

Фёдар ЖУКАВЕЦ,

старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў”,

палкоўнік у адстаўцы.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о