Сёння сказаць “дзякуй” усім, хто адстойваў гонар 
краіны ў ваенных зацяжных канфліктах, афганскай вайне, – гэтага мала.
Не сакрэт, што 70% ваеннаслужачых, якіх прызывалі ў Афганістан, складаліся з ліку юнакоў з простых вясковых сем’яў. Гэта рабілася для таго, каб не паднімаць вялікі рэзананс, калі назад большасць салдат вярталіся дадому ў труне. 
Цяжка і страшна было на той вайне, але цяжэй было потым вяртацца да мірнага жыцця. Тыя байцы не прызнаваліся героямі, бо вярталіся яны якраз у часы развалу Саюза. Да іх не было справы. Таму ніхто не займаўся з імі, не працавалі псіхолагі. 
Тэрмін “афганскі сіндром” і сёння існуе, бо многія надламаныя душы так і не вылечыліся. Менавіта таму хочацца прызнаць героямі тых жанчын, хто вырашыў звязаць свой лёс з воінамі-афганцамі.
Адваявалі разам
Жанна Калеснікава – сапраўдны агеньчык. У яе руках любая справа ідзе спарней. Яна належыць да тых жанчын, якія не бачаць бар’ераў, ідуць напралом без страху. Баявая – менавіта гэта рыса дамінуе ў характары Жанны Віктараўны.
Нарадзілася ў вёсцы Забалацце. Пасля заканчэння Курыціцкай сярэдняй школы ў 1989 годзе паехала паступаць на філолага ў Мазырскі педагагічны, але не паступіла. У вучылішчы хімікаў у Мазыры набыла спецыяльнасць лабаранта і пайшла працаваць на завод кармавых дрожджаў.
У сям’і была малодшай, але старэйшыя браты яе не песцілі: працавала, дапамагала бацькам, як і ўсе вясковыя дзеці.
У Курыціцкую школу прыйшла ў 1991 годзе. Пачынала памочнікам выхавацеля прышкольнага інтэрната. Праз год перавялася школьным бібліятэкарам. Дарэчы, скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Усё ж сваю мару – быць педагогам-філолагам – жанчына не страціла: у 2009 годзе завочна атрымала адукацыю. Цяпер мае і вышэйшую катэгорыю. Сёння з асаблівай удзячнасцю гаворыць пра былых настаўнікаў мовы і літаратуры – Ніну Зубар, Антаніну Траяноўскую, настаўніцу працы Валянціну Каляду, якая навучыла вязаць.
Так, Жанна Калеснікава цудоўная рукадзельніца. У доме, куды запрасіла нас Жанна Віктараўна, шмат розных работ, якія заслугоўваюць увагі. Карціны, іконы, вышытыя бісерам, вязаныя кручком сурвэткі – сапраўдныя шэдэўры. Знаходзіць гаспадыня час для творчасці. Як выказалася сама, усё гэта ўменне пайшло ад маці, Зінаіды Пятроўны, якая і цяпер у свае 89 гадоў вяжа шкарпэткі.
Сваю родную вёску і бацькоўскую хату Жанна Віктараўна не пакінула: пражывае з мужам і маці. Частым госцем тут і старэйшы брат Генадзь.
Шкада, што цяпер не лета, а тое б зрабілі фота двара Калеснікавых, які патанае ў шматлікіх кветках (бачыла ў сацсетцы “Одноклассники”). Сям’я трымае і вялікую гаспадарку: свінні, трусы, куры. Два гады таму прадалі карову. І тое, пайшлі на такую кардынальную меру, бо буронка захварэла. Сумуе па ёй Жанна Віктараўна.
У садзе зімуюць цяпер пчолкі-працаўніцы, для якіх змайстраваў прыгожыя вуллі муж Жанны Віктараўны – Аляксандр Дзмітрыевіч. Летам, як закон, сям’я ходзіць у лес за грыбамі ды ягадамі, любяць гэты занятак.
З Аляксандрам Калеснікавым Жанна Віктараўна пазнаёмілася на вяселлі сваёй стрыечнай сястры. Год сустракаліся, а ў жніўні 1990 года пажаніліся. Жанне тады ледзь споўнілася 18 гадоў. Саша на той час быў даволі “сталым”. Не па ўзросце, не. Ён пабачыў за сваё маладое жыццё шмат.
Адваявалі разамАдваявалі разам Адваявалі разам
Сам вясковы, з Чачэрскага раёна. Бацькоў ужо няма. Выхавалі яны чацвёра дзяцей. Калі ў лістападзе 1986 года Аляксандр Дзмітрыевіч атрымаў павестку з ваенкамата, то яшчэ не ўсведамляў, дзе давядзецца праходзіць тэрміновую службу і з чым там сустрэнецца за 18 месяцаў. Не ведалі і бацькі, што сына адпраўляюць на вайну. Нават калі Саша дасылаў дадому лісты, то маці ніхто не гаварыў, што сын служыць там, дзе кожная хвіліна можа стаць апошняй. Ведалі пра тое толькі бацька і брат Міша. Усё ж сэрца маці адчувала, што Сашы там небяспечна. Таму жанчына сшыла абярэгавы ручнік і занесла яго ў царкву.
Як паведаміў Аляксандр Дзмітрыевіч, Радзіму давялося абараняць па той бок, на мяжы Туркменістана, у горадзе Тахта-Базар. Служыў у пагранічных войсках.
Тое, што там адбывалася, цяжка ўзгадваць і цяпер. Аляксандр Дзмітрыевіч не расказваў жонцы 25 гадоў, за што быў удастоены медаля “За адвагу”.
З 22 лістапада па 14 снежня ў афганскай правінцыі Фарыяб праводзілася маштабная аперацыя “Дарбанд” па знішчэнні горнай базы душманаў у наваколлі Майменэ. Баявая група мангрупы была знята на акруговую аперацыю з баявога рэйду ў раёне Баламургаба. У вадзіцеляў транспартных машын уся ахова складалася з бронекамізэлькі і каскі. Нават скарыстацца аўтаматам, манеўруючы на хуткасці паміж дуваламі, было нерэальна.
Адваявалі разам
У той фатальны дзень вадзіцель баявога ўзвода баявога забеспячэння ММГ-4 Калайі-Нау радавы Павел Падрэз вёз не звычайны для сябе ПФС, а міны да мінамётаў. Маджахед з гранатамётам выбег дакладна перад патрэбнай машынай і выстраліў ва ўпор. Тым самым у Паўла не было магчымасці ўхіліцца. Разлік бандытаў апраўдаўся: падбітая машына загарэлася і смертаносны груз праз некаторы час пачаў дэтаніраваць ад агню.
Калона была рассечана надвое, пачаўся абстрэл. Тым, хто рухаўся за машынай Паўла Падрэза, давялося разварочваць цяжкую тэхніку на вузкіх вулках кішлака пад шквальным агнём праціўніка. За ўдзел у гэтай аперацыі многія байцы былі ўзнагароджаны медалём “За адвагу”. У тым ліку і Аляксандр Дзмітрыевіч.
У лістападзе 2012 года па ініцыятыве ветэранаў мангрупы на радзіме Паўла, у вёсцы Багданава Валожынскага раёна, было праведзена памінальнае мерапрыемства, прысвечанае 25-годдзю памяці загінулага радавога Падрэза. На сустрэчу сабраліся 32 таварышы па службе Паўла з Расіі, Украіны, Беларусі. Дзяржпагранкамітэт Беларусі выдзеліў для ўдзелу ў мерапрыемстве роту ганаровай варты, аркестр і групу курсантаў пагранічнага інстытута. У рамках сустрэчы была адкрыта мемарыяльная дошка на будынку Багданаўскай сярэдняй школы.
Хочацца адзначыць, што Павел быў адзіным дзіцём у сям’і. Ягоная маці яшчэ жывая і нават да сёння не ведае, што пахавала тольку частку цела сына, тое, што засталося ў бронекамізэльцы, астатняе згарэла дашчэнту.
Страшна гэта пісаць, чытаць, усведамляць. Хіба гэта можна было перажыць нашым маладым хлопцам у той час?
Вярнуўшыся на радзіму, Аляксандр Дзмітрыевіч працягваў жыць, але вайна не пакінула яго сэрца. Жанна Віктараўна расказала, як цяжка было бачыць пакуты мужа, калі сярод ночы ён прачынаўся, сядзеў на ложку з адкрытымі вачыма і размаўляў: “Страляй, страляй! Тут не пройдзем!”
З болем у голасе Жанна Віктараўна гаворыць: – Мы ваявалі! Разумееце? Гэта цяпер пасля столькіх гадоў стала спакайней.
Я ўявіла сабе, колькі сіл гэта жанчына паклала на тое, каб душэўныя раны яе мужа загаіліся. Якая ж яна малайчына! Адважная жанчына! Дарэчы, яны і цяпер ездзяць разам на сустрэчы з таварышамі Аляксандра Дзмітрыевіча. Не жадае адпускаць яго самога.
Працоўная дзейнасць Аляксандра Калеснікава прайшла за рулём. Працаваў вадзіцелем у саўгасе “Бацвінава” на малой радзіме. А калі стварыў сям’ю і пераехаў у родную вёску Жанны Віктараўны, то быў заняты на былых заводах сценавых блокаў, “Авангард”, сельгастэхніцы, АТУП-12, ТАА “Пасат”. Цяпер тут, у вёсцы, на жывёлагадоўчым комплексе качагарам. Прачынаецца ў тры гадзіны ночы, ідзе на ферму. Трэба ж напаліць крыху, каб даяркі пасля ранішняй дойкі змаглі пагрэцца.
У Петрыкаве ў Калеснікавых кватэра, якую пабудавалі яшчэ 8 гадоў таму, скарыстаўшыся льготамі для афганцаў. З цяперашніх льгот толькі бясплатнае штогадовае абследаванне ў шпіталі. Але ніколі гэтым не карыстаўся Аляксандр Дзмітрыевіч, хаця здароўе не ідэальнае. Як выказаўся сам, лішніх хвароб не шукае. Магчыма гэта правільна.
Інга ГІЛЕНКА.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о