Мы працягваем серыю матэрыялаў для абітурыентаў: даваць парады наконт падрыхтоўкі да паступлення, вучобы, экзаменаў, практыкі будуць тыя, хто знаходзіцца на стадыі студэнцтва. Няхай яны раскажуць, што адбываецца за сценамі вучэбных устаноў. Сёння нам пра свой універсітэт раскажа выпускніца гімназіі горада Петрыкава Алена Буракевіч.

Адукаванаму чалавеку  адчынены ўсе дзверы– Алена, раскажы, у які момант ты вызначылася з універсітэтам?
– З класа 7 хацела стаць пракурорам, заўсёды была за справяд-лівасць. Абставіны склаліся інакш. Аднойчы, пасядзеўшы і падумаўшы, чым магла бы я займацца ўсё жыццё, сама сабе адказала – англійскай мовай! Яна мне падабаецца і я хутка яе засвойваю. Вось і вырашыла, чаму б і не? Ну вядома ж, знайшла самы лепшы ўніверсітэт у гэтым кірунку – Мінскі Дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Ужо заканчваю 3-ці курс. І ні на хвіліну не пашкадавала пра свой выбар.

Без сціпласці скажу, што МДЛУ з’яўляецца галоўным цэнтрам Рэспублікі Беларусь у сферы адукацыі па замежных мовах. За час свайго існавання сталічная ВНУ падрыхтавала звыш 25 000 настаўнікаў і выкладчыкаў і 2500 перакладчыкаў-рэферэнтаў.

Лінгвістычны ўніверсітэт быў заснаваны ў 1948 годзе на базе факультэта замежных моў педагагічнага інстытута і першапачаткова называўся Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў.
Тут месца знойдзецца кожнаму, хто жадае вывучыць мову. На розных факультэтах можна засвоіць дзве мовы з 16 прапанаваных.

Вывучаюцца – англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская, японская, арабская, турэцкая, італьянская, партугальская, шведская, нідэрландская, польская, літоўская, карэйская мовы. З 2011 года таксама можна выбраць фінскую і іўрыт.
На сарака кафедрах універсітэта працуюць высокапрафесійныя спецыялісты, многія з якіх складаюць гонар беларускай навукі. Менавіта яны натхняюць нас, студэнтаў, на навучанне. Выкладчыкі заўсёды прыйдуць на дапамогу.

Адукаванаму чалавеку  адчынены ўсе дзверы– Як доўга ты рыхтавалася да паступлення?
– Пачала займацца з 10-га класа. Пайшла да рэпетытараў па англійскай мове і гісторыі Беларусі. І, калі ў самым пачатку было складана, то ўжо бліжэй да ЦТ – спакойна, была ўпэўнена ў сваіх сілах. Кожны вечар прысвячала вучобе. Імкнулася прачытаць больш, чым патрабавалі мае настаўнікі ці рэпетытары. Шукала цікавую інфармацыю ў інтэрнэце, глядзела фільмы і серыялы на англійскай мове, чытала адпаведныя артыкулы.

– Што было самым складаным?
– Маральна было цяжка, калі ехала падаваць дакументы. Чаму гэта складаны момант? Таму што вырашаецца твой лёс. Бліжэйшы час ты будзеш прысвячаць сябе менавіта той спецыяльнасці, якую выбраў.
…Страшна, ужо нічога не можаш змяніць, у цябе на руках твой атэстат і вынікі цэнтралізаванага тэставання. А яшчэ страшна таму, што, калі прыязджаеш ва ўніверсітэт, бачыш, колькі там абітурыентаў, пачынаеш думаць: ды хто я такая, дзяўчынка з маленькага горада? Тут відавочна ёсць людзі з вялікіх гарадоў, ліцэяў, прызёры ўсялякіх алімпіяд. І ты стаіш і думаеш: калі паступлю, буду самым шчаслівым чалавекам. Вось я паступіла, і на самой справе шчаслівая, бо не пабаялася.
І ведаеце, у нашым горадзе ёсць выдатныя выкладчыкі – менавіта з іх дапамогай я і змагла паступіць у такі прэстыжны ўніверсітэт. Хачу сказаць вялікі дзякуй сваім бацькам за падтрымку.

– Раскажы пра сваю вучобу цяпер? Якія прадметы самыя важныя?
– Вучоба вельмі складаная. “Ад сесіі да сесіі жывуць студэнты весела” – гэтая фраза не пра мой універсітэт. Вывучэнне замежных моў патрабуе ўключанасці 24/7.
Больш за ўсё мне падабаюцца практычныя заняткі, на якіх мы размаўляем на замежнай мове. На мой погляд, гэтыя пары вельмі карысныя, таму што граматыку мы ўжо вывучылі, засталіся нюансы ў пра-вільным маўленні.
Ці ёсць лайфхак у вучобе – так! Любіце тое, чым займаецеся! Тады ўсё будзе давацца лёгка.

– Студэнты вашай установы таксама праходзяць практыку?
– Першая практыка ў нас будзе гэтым летам, пасля 3 курса. Але гэта будзе перакладчыцкая практыка, а асноўная практыка ў нас праходзіць у другой палове 4 курса. Студэнтаў накіроўваюць у розныя арганізацыі, і яны павінны навучацца на працягу месяца. Арганізацыю можа прапанаваць універсітэт, але ў студэнта ёсць магчымасць выбраць яе самастойна.

– Што табе больш за ўсё падабаецца ў ВНУ?
– Працэс навучання. У нас вельмі класныя выкладчыкі, пары праходзяць цікава, з гумарам, галоўнае – прадуктыўна. Мы не паспавяем заўважыць, як хутка прабягае час.
Што адбываецца за сценамі вучэбных устаноў? Зразумела, наш універсітэт імкнецца развіваць у нас творчыя якасці – гэта пры дапамозе разнастайных конкурсаў і музычна-тэатральных вечарын. Таксама выкладчыкі зацікаўлены ў тым, каб мы наведвалі тэатры і музеі. Яны прапануюць нам удзельнчаць у культурным жыцці ўніверсітэта. Ёсць месца на факультэтах тым, хто жадае прысвяціць сябе навуковай дзейнасці, прыклад таму – канферэнцыі, у тым ліку міжнародныя.
У нас кожны студэнт мае спецыялізацыю ў розных галінах, такіх як міжнародны турызм, інфармацыйнае абслугоўванне, піяр і эканоміка. І калі меркаваць па мінулых выпусках, то спецыялісты з веданнем мовы заўсёды запатрабаваны больш. Таму прапаную наш універсітэт. Веданне мовы яшчэ нікому не перашкаджала! З веданнем замежнай мовы ў вас аўтаматычна з’яўляецца больш магчымасцяў, каб уладкавацца на працу. Веданне замежнай мовы – гэта не нейкае звышпатрабаванне. Гэта норма жыцця чалавека, які імкнецца да поспеху.

– Ведаю, што ты стараста. Ці значыць гэта, што адказнасці больш?
– Я вырашыла стаць старастай, таму што люблю парадак. Мне падабаецца быць за нешта адказнай. Адказнасці ў старасты насамрэч больш, чым у звычайных студэнтаў. Але я ведала на што іду!
Улічваючы сітуацыю з пандэміяй, зараз стала складаней. Кожны дзень мне патрэбна даведацца пра здароўе студэнтаў маёй групы, але мяне гэта не асабліва нагружае, прывыкла не сядзець на месцы і заўсёды быць чымсьці занятай. Тым больш – карыснай справай.

– Ці ёсць у вас, студэнтаў, магчымасць выезду за мяжу, каб практыкаваць маўленне?
– Зараз разглядаю варыянты паездкі за мяжу менавіта з гэтай мэтай. Наогул, наша ўстанова прапануе мноства стажыровак за мяжой, як за свой кошт, так і за кошт універсітэта, які цябе прымае.

– Якую параду ты магла б даць сённяшнім першакурснікам і тым, хто толькі збіраецца папоўніць шэрагі студэнтаў?
– Важна зразумець, што табе падабаецца, чым ты хочаш займацца ў жыцці. Так, у 16 гадоў ты не можаш ведаць, што табе будзе падабацца праз 10 гадоў. Ты баішся памыліцца. Гэта нармальна. Школа таксама дае магчымасць зразумець, што ж табе бліжэй за ўсё. Хачу параіць вучням, якія рыхтуюцца да паступлення, прыслухацца да сябе. Памятайце, зараз – самы выдатны час у жыцці, каб прысвяціць яго вучобе. Ваша самая вялікая перавага цяпер – маладосць. Сучасныя кампаніі, якія могуць прапанаваць вам добры заробак і цікавую працу, патрабуюць адпаведных якасцяў ад вас. Увесь час удасканальвайце свае веды, пагружайцеся ў прафесію. Накіруйце сваю энергію на самаразвіццё, бо адукаванаму чалавеку адчынены ўсе дзверы.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о