Адукацыя. Якасць. Перспектывы

0
1458

Адукацыя – адна з важных галін у развіцці грамадства. Да пытанняў гэтай сферы дзяржава звяртаецца дастаткова часта, шукаючы новыя падыходы да навучання, выхавання будучага пакалення з улікам павышэння якасці адукацыі, роўнага доступу да атрымання ведаў, забеспячэння прынцыпу справядлівасці. 2022/2023 навучальны год прынёс беларускім абітурыентам новыя змены: мяняецца фармат выпускных экзаменаў і ўступнай кампаніі.
У канцы тыдня актавая зала гімназіі горада Петрыкава сабрала на дыялогавую пляцоўку спецыялістаў аддзела адукацыі, кіраўніцтва, педагогаў навучальных устаноў Петрыкаўшчыны. Прысутнічала на сустрэчы намеснік старшыні райвыканкама Святлана Сянько. Мэта мерапрыемства – абмеркаваць новаўвядзенні ў сістэме адукацыі, выказаць і ўнесці свае прапановы, якія да канца верасня будуць накіраваны у Міністэрства адукацыі.
Як адзначыла загадчык Петрыкаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Марына Кульба, з гэтага году ўводзіцца цэнтралізаваны экзамен па двух прадметах: рускай або беларускай мове і матэматыцы. Агульныя прынцыпы правядзення экзамену: форма, арганізацыя інфармацыйнай бяспекі, кантроль, ідэнтычны тым, якія выкарыстоўваліся пры арганізацыі цэнтралізаванага тэсціравання. Як і адзнака па выніках навучання ў школе, балы, атрыманыя на экзамене будуць улічвацца пры выстаўленні выніковай адзнакі. Без іспытаў выпускнік не зможа атрымаць атэстат. Таксама, абітурыент, у разрэзе выбранай спецыяльнасці, для паступлення ў ВНУ можа на выбар здаць яшчэ па двух профільных прадметах цэнтралізаванае тэсціраванне. Для творчых, спартыўных спецыяльнасцей установы вышэйшай адукацыі прапануюць унутраныя экзамены.
– Сёння ўсе нашы выпускнікі школ павінны атрымаць аб’ектыўны і абсалютна ідэнтычны зрэз сваіх ведаў, – адзначыла начальнік аддзела адукацыі Людміла Жукавец. – І ўкараненне такога экзамену дасць магчымасць убачыць, наколькі адзнака ў атэстаце адпавядае той, якую ён атрымае на экзамене. А гэта дасць магчымасць нам аб’ектыўна паглядзець на праблемы, што існуюць у той ці іншай установе адукацыі і прыняць адпаведныя меры для павышэння якасці адукацыі.
– Адна з асноўных задач кіраўніцтва школ, педагогаў раёна ў новым навучальным го-дзе – павысіць якасць адукацыі. Установа павінна даць якасныя веды сваім вучням, – адзначыла  Святлана Сянько звяртаючыся да прысутных. – Патрэбна актыўней удасканальваць профільнае навучанне, якое спрыяе ўсвядомленаму выбару прафесійнага шляху нашых дзяцей.
Прадстаўнік улады адзначыла, што сістэма адукацыйнага працэсу павінна быць закладзена на аснове дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі навучання, якія дазволяць адначасова з атрыманнем агульнай сярэдняй адукацыі забяспечыць адпаведныя ўмовы для паспяховага прафесійнага самавызначэння і паўнавартаснай сацыялізацыі з улікам іх здольнасцей, схільнасцей і інтарэсаў.

 Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о